Выбрать главу

Кожную секунду магла адбыцца сутычка, якая немінуча павінна была мець для нас жудасныя вынікі.

Мяне дзівілі манеўры фрэгата. Ён ратаваўся, уцякаючы, а не ўступаў з страшыдлам у бойку. Фрэгат, пасланы для праследвання страшыдла, сам апынуўся ў становішчы праследуемага. Я зрабіў гэтую заўвагу капітану Фарагуту.

Яго звычайна спакойны твар выражаў цяпер крайняе здзіўленне.

— Бачыце, прафесар, — адказаў ён мне, — я не ведаю, з якім вялізным зверам я маю справу, і не хачу рызыкаваць сваім фрэгатам у гэтай непрагляднай цемры. Як атакаваць невядомае, як ад яго абараняцца? Пачакаем, пакуль развіднее, тады ролі зменяцца.

— Капітан, ці ёсць у вас яшчэ сумненні наконт прыроды гэтай істоты?

— Не, прафесар. Відаць, гэта гіганцкі нарвал, але нарвал электрычны.

— Можа да яго таксама небяспечна набліжацца, як на гімнота[11] або плывучай міны?

— Зусім магчыма, — згадзіўся капітан. — І калі ён, акрамя ўсяго іншага, зараджаны электрычнасцю, дык ён сапраўды самая небяспечная жывёла ў свеце. Таму я і рашыў трымацца асцярожна.

Каманда фрэгата не зачыняла вачэй усю ноч. Ніхто не зыходзіў з палубы… «Аўраам Лінкальн», пераканаўшыся ў немагчымасці цягацца з нарвалам у хуткасці, зменшыў ход. З свайго боку і нарвал, гледзячы на фрэгат, плаўна калыхаўся на хвалях і, здавалася, не збіраўся пакінуць поля бойкі.

Каля поўначы аднак ён знік, або — каб быць больш дакладным — згас, як вялікі святляк. Ці ўцёк ён? Гэтага трэба было больш баяцца, як жадаць. Але ў гадзіну без сямі хвілін пасля поўначы пачулася аглушальнае сіпенне, падобнае на шум вады, якая пад вялікім ціскам вырываецца з вузкай адтуліны.

Капітан Фарагут, Нэд Лэнд і я былі ў гэты час на палубе. Мы прагна ўглядаліся ў навакольную густую цемень.

— Нэд Лэнд, — спытаў капітан, — ці часта вам даводзілася чуць шум, які робіць кіт?

— Часта, капітан, але дагэтуль я не сустракаў яшчэ кітоў, адзін выгляд якіх прынёс-бы мне дзве тысячы долараў.

— Сапраўды вы заслужылі прэмію. Але скажыце мне, ці падобны гэты гук на шум вады, што выкідае кіт з ноздраў?

— Гук падобны, толькі мацнейшы за звычайны. Але сумнявацца не прыходзіцца — перад намі несумненна кітападобнае, і з вашага дазволу капітан, — дадаў гарпуншчык, — заўтра на зорку я скажу яму пару слоў.

— Калі толькі ён палічыць патрэбным выслухаць вас, Нэд, — заўважыў я. — Але я не дужа ўпэўнены ў гэтым.

— Калі мне ўдасца падыйсці да яго на адлегласць пачацвяронай даўжыні гарпуна, — адказаў канадзец, — яму прыдзецца пазнаёміцца са мною.

— Але-ж для гэтага прыдзецца даць вам шлюпку? — спытаў капітан.

— Вядома.

— І рызыкаваць жыццём грабцоў?

— Таксама, як і маім, — проста адказаў гарпуншчык.

Каля двух гадзін пасля поўначы электрычны бляск, не менш яркі, як раней, зноў з’явіўся з наветранага боку ў пяці мілях ад «Аўраама Лінкальна». Не гледзячы на значную адлегласць, шум ветру і мора, выразна былі чуваць усплёскі вялізнага хваста жывёлы і яго перарывістае дыханне. Молена было падумаць, што калі нарвал выходзіць на паверхню, каб падыхаць, паветра ўрываецца ў яго лёгкія з такою-ж сілай, як пара ў цыліндры двухтысячасільнай машыны.

«Вось ліха на яго! — падумаў я. — Кіт, які валодае сілай цэлага кавалерыйскага палка, павінен быць не абы якім кітом».

Ноч мінула ў напружаным чаканні і ў падрыхтоўцы да бою. Кіталоўныя снасці былі выкладзены на палубе ўдоўж бартоў. Другі памочнік капітана загадаў зарадзіць гарпунныя гарматы, якія кідаюць гарпуны на цэлую мілю, і карабіны, страляючыя разрыўнымі кулямі, якія раняць насмерць самых буйных жывёл.

Нэд Лэнд задаволіўся тым, што навастрыў гарпун — страшную зброю ў яго руках.

А шостай гадзіне заняўся золак. З першымі промнямі святла электрычны бляск навакол нарвала знік. А сёмай гадзіне зусім пасвятлела, але ранішні, дужа густы туман, непранікальны для самых сільных бінокляў, абмяжоўваў бачнасць. Можна сабе ўявіць агульнае нездавальненне і гнеў.

вернуться

11

Гімнот — электрычны вугар.