Выбрать главу

Узабраўшыся на вяршыню піка, капітан Нэма першым чынам азначыў яе вышыню над узроўнем мора, каб потым унесці папраўкі ў свае вылічэнні.

Без чвэрці дванаццаць дыск сонца, які да гэтага часу відаць быў толькі дзякуючы пераламленню праменняў у атмасферы, выплыў з-за гарызонта і асвятліў сваімі цёмна-чырвонымі праменнямі пахмурную адзінокую зямлю і мора, па якім да нас не плаваў ніводзін чалавек.

Капітан Нэма, узброіўшыся падзорнай трубой з люстэркам, якое каррэгіруе памылку зроку ў выніку пераламлення праменняў, стаў сачыць за дзённым свяцілам, якое кацілася над самым гарызонтам па вельмі даўгай дузе. Я трымаў у руцэ хранометр і сачыў за стрэлкамі, якія марудна паўзлі па яго цыферблату. Маё сэрца ўзмоцнена стукала: калі знікненне паловы сонечнага дыска за гарызонтам супадзе з поўднем, значыцца мы на самым полюсе.

— Поўдзень! — крыкнуў я.

— Паўднёвы полюс! — адказаў мне капітан Нэма ўзрушаным голасам. Ён даў мне падзорную трубу, і глянуўшы ў яе, я ўпэўніўся, што гарызонт перарэзаў бліскучы дыск на дзве зусім роўныя часткі.

Апошнія праменні сонца асвятлялі яшчэ вяршыню піка ў той час, калі па спадах яго ўжо хутка паўзлі ўверх цені шасцімесячнай палярнай ночы.

Палажыўшы мне руку на плячо, капітан Нэма загаварыў:

— Спадар прафесар! У 1600 годзе галандзец Герык, загнаны бурамі і цячэннямі, дасягнуў на сваім караблі 64° шыраты і адкрыў Паўднёва-Шатландскія астравы. Сямнаццатага лістапада 1773 года славуты капітан Кук, плывучы ўздоўж трыццаць восьмага мерыдыяна, дабраўся да 67°30´ паўднёвай шыраты, а ў наступным 1774 годзе, трыццатага студзеня ён-жа, ідучы ўздоўж сто дзевятага мерыдыяна, дасягнуў 71°15´ паўднёвай шыраты. У 1819 годзе расійскі даследчык Белінсгаўзен быў на шэсцьдзесят дзевятай паралелі, а праз два гады — у 1821 годзе — на шэсцьдзесят шостай, пад 111° заходняй даўгаты. У 1820 годзе англічанін Брунсфільд быў затрыманы ільдамі на 65°. У тым-жа годзе амерыканец Морэль, сцвярджэнні якога, аднак, не зусім заслугоўваюць давер’я, ідучы ўздоўж сорак другога мерыдыяна, убачыў адкрытае мора пад 70°14´ шыраты. У 1825 годзе англічаніну Поўэль ільды перашкодзілі прайсці далей 62°. Але ў тым-жа годзе просты паляўнічы за цюленямі, англічанін Ведэль, дабраўся да 72°14´ шыраты пад 35° даўгаты і да 74°15´ шыраты пад 36° даўгаты. У 1829 годзе англічанін Ферстэр, капітан карабля «Шантэклер», адкрыў «антарктычны кантынент» пад 63°26´ шыраты і 66°26´ даўгаты. У 1831 годзе, першага лютага, англічанін Біскоэ адкрыў зямлю Эндэрбі пад 36°50´ шыраты, а праз год, пятага лютага 1832 года, — зямлю Адэлаіды пад 67° шыраты і, нарэшце, дваццаць першага лютага — зямлю Грэхема пад 64°45´ шыраты. У 1838 годзе француз Дзюмон-Дзюрвіль, затрыманы суцэльнымі ільдамі пад 62°57´ шыраты, адкрыў зямлю Луі-Філіпа; праз два гады, дваццаць першага студзеня 1840 года, пад 66°30´ ён-жа адкрыў зямлю Адэлаіды, а яшчэ праз восем дзён пад 64°40´ — зямлю Клары. У 1838 годзе англічанін Уількс, ідучы ўздоўж сотага мерыдыяна, дасягнуў 69° шыраты. У 1839 годзе англічанін Балені адкрыў зямлю Сабрына на самым палярным кругу. Дванаццатага студзеня 1842 года англічанін Джэмс Росо, які стаяў на чале экспедыцыі на «Эрэбусе» і «Тэроры», пад 76°56´ шыраты і 171°7´ усходняй даўгаты адкрыў зямлю Вікторыі; дваццаць трэцяга чысла таго-ж месяца ён дасягнуў семдзесят чацвёртай паралелі, прабраўшыся на поўдзень далей, чым хто-небудзь з яго папярэднікаў; дваццаць сёмага студзеня ён быў на 76°8´, дваццаць восьмага на 77°32´, другога лютага на 78°4´. У 1842 годзе Рос вярнуўся ў Антарктыку, але не здолеў падняцца вышэй 71° шыраты. Нарэшце я, капітан Нэма, дваццаць першага сакавіка 1868 года дасягнуў паўднёвага полюса, або 90° паўднёвай шыраты і ўступаю зараз ва ўладанне гэтай часткі зямнога шара.

— Ад імя каго вы ўступаеце ва ўладанне гэтым сухазем’ем, капітан?

— Ад свайго ўласнага, спадар прафесар.

І з гэтымі словамі ён разгарнуў вялікі чорны сцяг з вышыванай на ім літарай «N» і, павярнуўшыся тварам да сонца, апошнія праменні якога яшчэ асвятлялі кругавід, усклікнуў:

— Бывай, сонца! Знікні, ззяючае свяціла! Апусціся ў гэта вольнае мора і пакрый на шэсць месяцаў начной цемраю маё новае ўладанне!

Раздзел пятнаццаты

Няшчасны выпадак, ці нязначнае здарэнне

На другі дзень, 22 сакавіка, а шостай гадзіне ўранні на «Наўтылусе» пачалі рыхтавацца да зваротнага пахода. Апошні водбліск змроку быў паглынуты начной цемрай. Холад быў даволі значны. Сузор’і надзвычай ярка блішчэлі на небе. У зеніце асляпляльна ззяў паўднёвы Крыж, адна з зорак якога адыгрывае ў паўднёвым паўшар’і ролю Палярнай зоркі.

Слупок у тэрмометры апусціўся да 12° ніжэй нуля. Свежы вецер калоў твар. Адкрытае мора каля берагу пакрывалася тонкімі ільдзінкамі, і можна было чакаць, што з гадзіны на гадзіну ўсё мора замерзне. Было відавочна, што на працягу шасцімесячнай ночы паўднёвы прыпалярны басейн зробіцца зусім недаступным. Што рабілі ў гэты час кіты? Хутчэй за ўсё яны адплывалі пад ільдамі ў незамярзаючыя моры на поўначы. Цюлені-ж і маржы, якія прызвычаены да вялікіх маразоў, заставаліся ў гэтых абледзянелых землях. Гэтыя жывёлы могуць рабіць палонкі ў ледзяных палях і не даюць ім пакрывацца лёдам. Праз гэтыя палонкі яны дыхаюць. Калі птушкі, выгнаныя халадамі, пералятаюць на поўнач, у больш цёплыя краі, маржы і цюлені застаюцца непадзельнымі гаспадарамі палярнага сухазем’я.