Выбрать главу

Я не хацеў перашкаджаць яго разважанням. Але, калі ён праз некалькі хвілін павярнуўся да мяне, я запытаў яго:

— Здарылася якая-небудзь нязначная падзея, капітан?

— Не, спадар прафесар, — адказаў ён, — на гэты раз няшчасны выпадак.

— Сур’ёзны?

— Магчыма.

— Небяспека пагражае нам безадкладна?

— Не.

— «Наўтылус» сеў на мель?

— Так.

— Як гэта здарылася?

— Нейкі незразумелы жарт прыроды, у якім не вінаваты мае людзі. Яны не зрабілі ніякай памылкі ў час кіравання «Наўтылусам»… Але мы не можам перашкодзіць закону раўнавагі выяўляць сваю дзейнасць… Можна грэбаваць законамі, якія ўстанавіў чалавек, але не прырода!

Капітан Нэма выбраў не зусім удалы момант для філасофстваванняў. Ды і нічога ён не сказаў мне сваім адказам.

— Ці можаце вы сказаць мне, капітан, — запытаўся я, — што з’явілася прычынай гэтага здарэння?

— Перакулілася вялізная ледзяная гара… Калі айсбергі падточваюцца ўнізе цёплымі цячэннямі, цэнтр цяжару іх перамяшчаецца, і яны пераварочваюцца. На «Наўтылус», які плыў пад вадой, навалілася такая ледзяная гара. Ніжняя частка яе падхапіла «Наўтылус» з сабою, падняла яго і перакуліла на бок.

— Але хіба нельга зняць «Наўтылус» з мяліны, апаражніўшы яго рэзервуары, і гэтым палегчыць яго вагу?

— Гэта мы і робім зараз, спадар прафесар. Прыслухайцеся — там працуюць насосы. Паглядзіце на стрэлку манометра: «Наўтылус» усплывае ўверх, але разам з ім усплывае і ледзяная гара. Да таго часу, пакуль якая-небудзь перашкода не затрымае гэтага руху, становішча не зменіцца.

І сапраўды, «Наўтылус» прадаўжаў хіліцца на штырборт. Безумоўна, ён выпрастаецца як толькі спыніцца вярчэнне айсберга вакол яго новага цэнтра цяжару. Але хто ведае, ці не здарыцца так, што вярчэнне айсберга будзе спынена ніжняй паверхняю суцэльных ільдоў, і ці не будзем мы з велізарнай сілаю сціснутыя, а можа і раструшчаныя паміж двума лёдавымі паверхнямі.

Пакуль я разважаў пра ўсе мажлівыя вынікі няшчаснага выпадку, які здарыўся з «Наўтылусам», капітан Нэма не зводзіў вачэй ад стрэлкі манометра. Ад часу сутычкі з айсбергамі «Наўтылус» падняўся ўжо на сто пяцьдзясят футаў угару, але нахіл яго на штырборт заставаўся такім самым. Раптам корпус падводнага карабля здрыгануўся. «Наўтылус» выразна пачаў выпроствацца. Карціны, што віселі на правай сцяне салона, змянілі сваё становішча, ды і самі сцены значна наблізіліся да вертыкальнай лініі. Мы ўсе напружана маўчалі. Стаіўшы дыханне, мы сачылі за тым, як паступова выпростваецца корпус судна. Падлога салона стала гарызантальная. Так прайшло хвілін дзесяць.

— Нарэшце-ж мы выпрасталіся! — ускрыкнуў я.

— Так, нарэшце-ж, — сказаў капітан Нэма, выходзячы з салона.

— Але ці ўсплывём мы зараз? — запытаўся я.

— Вядома, — адказаў ён, — бо рэзервуары не апарожненыя да рэшткі, і як толькі насосы выштурхнуць з іх усю ваду, «Наўтылус» усплыве на паверхню.

Капітан выйшаў, і зараз-жа па яго загаду спынілася работа насосаў, а значыцца і рух «Наўтылуса» ўверх. Сапраўды, мы рызыкавалі пры далейшым пад’ёме стукнуцца аб ніжнюю паверхню суцэльных ільдоў, і было разумней заставацца на гэтым узроўні глыбіні.

— Ну, нам, здаецца, пашанцавала! — сказаў Кансель.

— Так, нас лёгка маглі раздушыць гэтыя ледзяныя горы, або, у лепшым выпадку, затрымаць у палоне. А тады, не маючы магчымасці аднавіць запас паветра… Так, гэта шчасліва скончылася!

— Калі толькі сапраўды скончылася! — ціха сказаў Нэд Лэнд.

Я не пажадаў дарэмна спрачацца з канадцам і нічога не адказаў на яго заўвагу. Акрамя таго, у гэтую хвіліну расчыніліся акяніцы салона, і мы кінуліся да акон.

Пражэктар асвятляў ваду. Мы, як я ўжо казаў, вольна плылі ў вадзе. Але на адлегласці дзесяці метраў ад нас па баках уздымаліся бліскучыя ледзяныя сцены. Зверху і знізу — тыя-ж сцены. Зверху гэта была ніжняя паверхня суцэльнага ільду, якая навісла над нашай галавой, як вялізная столь. Знізу падлогай служыў перакулены айсберг, які знайшоў апорны пункт на бакавых сценах і грунтоўна ўлёгся ў гэтым становішчы.

«Наўтылус», такім чынам, быў замкнуты ў сапраўдны ледзяны тунель шырынёй у дваццаць метраў, напоўнены спакойнай вадой. Значыцца, мы маглі выйсці з яго, ідучы або ўперад, або назад, і там, апусціўшыся на некалькі сот метраў глыбей, абмінуць зону суцэльных ільдоў.

Не гледзячы на тое, што лямпы на стале не гарэлі, салон быў заліты яркім святлом. Гэта быў адсвет пражэктара «Наўтылуса» у ледзяных сценах.

Я не магу перадаць чароўнага эфекту гэтага асвятлення, бо кожны злом, кожны кут, кожны выступ ледзяных глыб адбіваў прамень іншага колеру, у залежнасці ад сваёй крышталічнай структуры. Гэта былі як быццам невычарпальныя россыпы каштоўных каменняў — гем, сапфіраў, смарагдаў, якія адбівалі скрыжаваныя праменні ўсіх адценняў зялёнага, блакітнага і сіняга колеру. Святло пражэктара ўзмацнялася ў сто разоў, як узмацняецца святло лямпы за тоўстымі чачавіцамі шкла маяка.