Выбрать главу

— Як хораша! Якая асляпляючая пекната! — захапляўся Кансель. Так, — сказаў я, — гэта незабыўнае відовішча! Ці не праўда, Нэд?

— Так, тысяча чарцей, гэта праўда! — прызнаўся канадзец, — я шалею ад таго, што вымушаны згадзіцца з гэтым. Ніколі яшчэ я не бачыў нічога падобнага! Але толькі я баюся, што нам дорага абыйдзецца гэтае відовішча. Прырода не любіць, каб чалавек пранікаў у яе таямніцы.

Нэд Лэнд сказаў правільна. Гэтае відовішча было занадта прыгожае для чалавека.

Раптам крык Канселя прымусіў мяне абярнуцца.

— Што здарылася? — спытаўся я.

— Няхай гаспадар заплюшчыць вочы! Няхай гаспадар не глядзіць!

— І, гаворачы гэта, Кансель хутка паднёс руку да ўласных вачэй.

— Але што з табою, сябра мой?

— Я аслеплены!

Я мімаволі павярнуўся да акна, але зараз-жа адвёў вочы, не здолеўшы вытрымаць асляпляльнага бляску.

Я зразумеў, што здарылася. «Наўтылус» поўным ходам крануўся ўперад. Водбліскі пражэктара, мігацеўшыя спакойна пакуль мы стаялі на месцы, злучыліся цяпер ў яркія палосы. Праменні святла мільярдаў брыльянтаў злучыліся ў адзін сноп, і «Наўтылус» імчаўся сярод пераплеценых бліскаючых маланак.

Тут акяніцы салона зачыніліся. Аслепленыя, мы прыціснулі рукі да вачэй, перад якімі ўспыхвалі канцэнтрычныя бліскаючыя кругі, падобныя да тых, што мільгаюць перад сятчатай абалонкай, калі надта доўга глядзіш на сонца. Прайшло шмат часу, пакуль зрок поўнасцю вярнуўся да нас.

Нарэшце мы аднялі рукі ад вачэй.

— Чэснае слова, — сказаў Кансель, — я не паверыў-бы, каб мне расказалі аб гэткім відовішчы!

— А я цяпер у яго не веру, — заявіў канадзец.

— Калі мы вернемся на сушу, — казаў Кансель, — перанасычаныя сузіраннем гэткай колькасці цудаў прыроды, якімі ўбогімі здадуцца нам населеныя землі і творчасць рук чалавечых! Не, гэтая суша не варта нас!

Можна сабе ўявіць ступень нашага энтузіязму, калі ўжо Кансель, гэты спакойнейшы з спакойных фламандцаў, загаварыў такой мовай!

Але канадзец не прапусціў выпадку ўліць сваю лыжку дзёгцю ў нашу бочку мёду:

— Населеныя землі? — паўтарыў ён, паківаўшы галавою. — Не турбуйцеся, дарагі мой Кансель. Мы ніколі не ўбачым іх!

Было каля пяці гадзін раніцы, калі раздаўся новы штуршок, на гэты раз наперадзе. Я зразумеў, што бівень «Наўтылуса» стукнуўся ў лёд. Відаць, стырнавы няўдала зманеўраваў у гэтым тунэлі, заваленым ледзянымі крыгамі, дзе не так лёгка было весці карабель. Я падумаў, што капітан Нэма абміне гэтую перашкоду і, змяніўшы кірунак, мы зноў паплывём уперад уздоўж тунэля. Але, на маё здзіўленне, «Наўтылус» пайшоў заднім ходам.

— Мы вяртаемся назад? — сказаў Кансель.

— Так, — адказаў я. — Трэба думаць, што з гэтага боку з тунэля няма выхаду.

— Значыцца…

— Значыцца, мы вернемся назад і выйдзем праз паўднёвую адтуліну тунэля. Гэта вельмі проста.

Я імкнуўся надаць сваім таварышам упэўненасць, якой не было ў мяне самога.

Між тым «Наўтылус» рухаўся назад усё шпарчэй і шпарчэй, і нарэшце карабель ішоў цяпер з поўнай хуткасцю.

— Гэта непрыемная затрымка, — зазначыў Нэд Лэнд.

— Ну што для нас значыць некалькі лішніх гадзін, калі мы ўсё такі выберамся? — сказаў Кансель.

— Так, — адказаў Нэд Лэнд, — калі толькі мы сапраўды выберамся, то гэтая затрымка не страшная.

Я пачаў хадзіць з салона ў бібліятэку і назад. Мае таварышы спакойна сядзелі на канапе. Потым і я сеў на канапу, узяў кнігу і хацеў прымусіць сябе чытаць, але вочы мае машынальна бегалі па радках.

Праз чвэртку гадзіны Кансель падышоў да мяне і запытаўся:

— Мусіць, цікавую кнігу чытае гаспадар?

— Надта цікавую, — адказаў я.

— Я і не сумняваўся. Гаспадар-жа чытае сваю ўласную.

— Маю кнігу?

І сапраўды, я трымаў у руках свае «Таямніцы марскога дна», зусім не падазраючы гэтага. Я кінуў кнігу і зноў пачаў хадзіць па салону. Нэд і Кансель, не жадаючы перашкаджаць мне, падняліся з канапы і накіраваліся да выхаду.

— Не адыходзьце, сябры мае, — сказаў я ім. — Пабудзем разам да таго часу, пакуль мы выберамся з гэтага тунэля.

— Як пажадае гаспадар, — адказаў Кансель, сядаючы зноў на канапу.

Так прайшло некалькі гадзін. Я часта глядзеў на прыборы, што былі прымацаваны на стале салона. Стрэлка манометра паказвала, што мы ўвесь час знаходзімся на глыбіні трыста метраў. Компас нязменна паказваў, што мы ідзём на поўдзень; лаг — хуткасць дваццаць міль у гадзіну, надта вялікую ў такой вузкай прасторы. Але капітан Нэма разумеў, што ніякая спешнасць не можа быць лішняй у гэтых умовах, дзе хвіліны каштавалі больш, чымся гады. У дваццаць пяць хвілін на дзявятую раздаўся другі штуршок. Але гэты раз удар быў у карму. Я збялеў. Мае таварышы ўскочылі і падышлі да мяне. Я сціснуў руку Канселя. Мы запытвалі адзін аднаго вачыма, і гэта маўклівая размова была больш красамоўная як кожная іншая.