Выбрать главу

У гэту хвіліну ў салон увайшоў капітан Нэма.

Я падбег да яго.

— Дарога зачынена і з поўдня? — запытаў я.

— Так, спадар прафесар. Айсберг, перакуліўшыся, замкнуў нас.

— Мы ў пастцы?

— Так.

Раздзел шаснаццаты

Недахоп паветра

Такім чынам, «Наўтылус» з усіх бакоў, зверху і знізу, быў абкружаны непранікальнымі ледзянымі сценамі. Мы былі палоннікамі суцэльных ільдоў.

Канадзец стукнуў вялізным кулачышчам па стале, Кансель маўчаў. Я, не адрываючыся, глядзеў на капітана. Яго твар зноў зрабіўся спакойным. Скрыжаваўшы рукі на грудзях, ён думаў.

«Наўтылус» стаяў нерухома.

Капітан Нэма спакойна загаварыў:

— У тым становішчы, у якім мы цяпер знаходзімся, ёсць два спосабы развітацца з жыццём.

Гэты незразумелы чалавек вёў перад намі прамову з выглядам прафесара матэматыкі, які чытае лекцыю студэнтам.

— Першы — гэта быць раздушанымі ільдзінамі. Другі — памерці ад удушша. Я выключаю зусім небяспеку ад голаду, таму што запасы прадуктаў на «На-уцілусе» безумоўна перажывуць нас. Цяпер узважым нашы шансы на той ці іншы спосаб смерці.

— Я думаю, што нам няма чаго баяцца смерці ад удушша, капітан, — вымавіў я, — паколькі рэзервуары «Наўтылуса» поўныя сціснутым паветрам.

— Гэта правільна, — адказаў капітан, — але яны забяспечваюць нам толькі двухдзённую нармальную патрэбу паветра. А мы ўжо трыццаць шэсць гадзін знаходзімся ў вадзе, і згушчанае паветра ў сярэдзіне карабля патрабуе аднаўлення. Праз сорак восем гадзін запас будзе вычарпаны.

— З гэтага выходзіць, капітан, што мы павінны вырвацца на волю менш як за сорак восем гадзін!

— Мы паспрабуем гэта зрабіць. Паспрабуем свідраваць сцяну ільду.

— З якога боку? — запытаўся я.

— Гэта пакажа нам зонд. Я пасаджу зараз «Наўтылус» на дно нашай ледзяной клеткі, і мае матросы, надзеўшы скафандры, вызначаць, якая з ледзяных сцен найменш шчыльная.

— Ці можна адчыніць акяніцы салона?

— Вядома. Мы-ж не рухаемся цяпер.

Капітан Нэма выйшаў з салона. Неўзабаве пачуўся свіст, які сведчыў пра тое, што ў рэзервуары наліваюць ваду. «Наўтылус» павольна апусціўся на дно сваёй ледзяной клеткі, на глыбіню трыста пяцьдзясят метраў.

— Сябры мае, — сказаў я Канселю і Нэду Лэнду, — мы трапілі ў небяспечнае становішча, але я не сумняваюся, што вы не страціце ўласцівых вам бадзёрасці і энергіі.

— Спадар прафесар можа быць упэўнены, што ў такі момант я не буду лезці да яго са скаргамі і лямантам, — сказаў канадзец. — Я гатоў зрабіць усё, што патрэбна для агульнага збавення.

— Добра сказана, Нэд! — адказаў я, паціскаючы руку канадца.

Дадам, — сказаў ён, — што я таксама добра валодаю кіркаю, як і гарпуном, і калі я магу быць карысным капітану Нэма, ён можа распараджацца мною.

— Не сумняваюся, што ён не адмовіцца ад вашай дапамогі. Хадземце, Нэд.

Я прайшоў разам з канадцам у гардэробную, дзе матросы «Наўтылуса» апраналіся ў скафандры. Я сказаў капітану Нэма аб прапанове канадца. І ён зараз-жа прыняў яго. Нэд Лэнд надзеў скафандр адначасова з усімі матросамі. Кожны з іх начапіў на плечы апарат Рукверойля, напоўнены свежым паветрам з рэзервуараў, — гэта памяншала агульны запас паветра на «Наўтылусе», але такую страту нельга было лічыць непатрэбнай. Што тычыцца лямп Румкорфа, дык яны былі зусім непатрэбныя ў гэтым ярка асветленым асяроддзі.

Калі Нэд апрануўся ў скафандр, я вярнуўся ў салон, акяніцы якога былі ўжо адчынены. Усеўшыся разам з Канселем ля акна, я пачаў разглядаць ледзяныя сцены, якія абкружалі «Наўтылус».

Праз некалькі хвілін мы ўбачылі, як дванаццаць чалавек вадалазаў узышлі на ледзяную падлогу. Сярод іх лёгка было пазнаць Нэда Лэнда, які вызначаўся сваім высокім ростам. Капітан Нэма таксама быў у гэтай групе.

Перш чым калоць лёд, ён загадаў прасвідраваць некалькі дробных дзірак, каб выявіць найвыгаднейшы кірунак пралому. Даўгія свердлы былі ўтыркнуты ў бакавыя сцены, але, прасвідраваўшы пятнаццаць метраў ў тоўшчы ільда, яны ўсё яшчэ не дайшлі да вады. Было-б зусім недарэчна спрабаваць сячы столь тунеля, бо гэта была ніжняя паверхня суцэльнага лёду, таўшчынёй не менш як чатырыста метраў. Тады капітан Нэма загадаў свідраваць падлогу тунэля. Выявілася, што ў гэтым кірунку таўшчыня ледзянога пласта не перавышала дзесяці метраў. Трэба было, значыцца, выразаць з гэтага ледзянога поля каля шасці з паловай тысяч кубічных метраў лёду, каб атрымалася адтуліна, скрозь якую «Наўтылус» змог-бы апусціцца ў ніжнія, вызваленыя ад лёду пласты вады.