Выбрать главу

Да гэтай працы вадалазы прыступілі неадкладна і павялі яе з неаслабнай энергіяй. Капітан Нэма распарадзіўся сячы лёд не непасрэдна пад «Наўтылусам», што значна ўскладніла-б працу, а ў васьмі метрах лявей корпуса судна. Вадалазы начарцілі гіганцкі авал на лёдзе і ўзяліся за працу ў некалькіх месцах адразу. Іхнія кіркі адначасова ўрэзваліся ў пласт лёду, высякаючы з іх вялікія глыбы. Цікавая дэталь гэтай працы: высечаныя кавалкі, дзякуючы таму, што ўдзельная вага лёду менш як вады, самі ўсплывалі да столі тунеля, які патаўшчаўся настолькі, наколькі патанчалася яго падлога. Але гэта ніколькі не трывожыла нас, бо таўшчыня падлогі ўсё-ж змяншалася!

Нэд Лэнд вярнуўся ў салон, стаміўшыся пасля двухгадзіннай напружанай працы. На змену яму і яго таварышам на лёд выйшла новая партыя матросаў «Наўтылуса», да якой далучыліся я і Кансель. Памочнік капітана кіраваў нашай працай.

Вада здавалася мне спачатку вельмі халоднай, але, папрацаваўшы кіркай, я хутка нагрэўся. Я не адчуваў ніякага сціску ў руках, не гледзячы на ціск у трыццаць атмасфер.

Вярнуўшыся на «Наўтылус» пасля двух гадзін працы, каб пад’есці і крышку адпачыць, я тут-жа адчуў рэзкую розніцу паміж чыстым паветрам апарата Рукверойля і згушчанай, перанасычанай вуглекіслатой атмасферай «Наўтылуса». Паветра не аднаўлялася ў сярэдзіне карабля амаль сорак восем гадзін і было ўжо мала прыгоднае для дыхання.

За дванаццаць гадзін бесперапыннай працы мы здолелі высячы з абрысаванага на лёдзе авала пласт таўшчынёй толькі ў адзін метр. Калі кожны наступны метр патрабуе таксама дванаццацігадзіннай працы, нам спатрэбіцца яшчэ пяць начэй і чатыры дні, каб давесці да канца працу.

— Пяць начэй і чатыры дні! — сказаў я сваім таварышам. — А ў нас у рэзервуарах запас паветра ўсяго на двое сутак!

— Не кажучы ўжо пра тое, — дадаў Нэд Лэнд, — што вырваўшыся з гэтай праклятай турмы, мы павінны будзем яшчэ некаторы час ісці пад суцэльным лёдам, не маючы магчымасці падняцца на паверхню.

Заўвага Нэда Лэнда была правільнай. Сапраўды, немагчыма было вызначыць, колькі часу нам неабходна, каб вырвацца на волю, і ці не загінем мы ўсе ад удушша, пакуль «Наўтылус» выберыцца на паверхню вады. Можа нам усім суджана было знайсці сабе магілу ў ільдах…

Наша становішча было сапраўды трагічным. Але мы ўсе глядзелі небяспецы прама ў вочы і рашылі выканаць свой абавязак да канца.

Як я і прадбачыў, за ноч яма ў лёдзе паглыбілася яшчэ на адзін метр. Але ўранні, надзеўшы скафандр, я выйшаў на лёд і заўважыў, што бакавыя сцены тунэля некалькі зблізіліся: пласты вады, якія дакраналіся да іх і не саграваліся працай вадалазаў, замярзалі.

Гэта была новая і грозная небяспека, якая прыводзіла да нуля нашы шансы на збавенне. Як і чым можна было спыніць замярзанне вады і злучэнне сценак тунэля, пагражаўшае раструшчыць «Наўтылус», як крохкае шкелца?

Я нічога не сказаў сваім таварышам пра гэтую новую небяспеку. Навошта было паралізаваць іх волю, накіраваную на ратунак? Але, вярнуўшыся на борт, я сказаў капітану Нэма аб гэтым сур’ёзным ускладненні.

— Я ўжо заўважыў гэта, — сказаў ён сваім роўным голасам, у якім не адчувалася хвалявання. — Гэта новая пагроза, але я бяссільны папярэдзіць яе. Адзіная наша надзея на выратаванне ў тым, каб выбрацца з пасткі раней, чым вада зледзянее. Вось і ўсё.

Вось і ўсё, — сказаў ён! Я павінен быў ужо прызвычаіцца да яго манеры размаўляць!..

На працягу дня я некалькі разоў выходзіў на лёд і старанна працаваў кіркай. Гэтая праца бадзёрыла мяне. Акрамя таго працаваць — значыла мець магчымасць пакінуць «Наўтылус» і дыхаць свежым паветрам рэзервуараў, замест густой, беднай кіслародам, задушлівай атмасферы карабля. Да вечара яма зрабілася глыбей на адзін метр.

Калі я вярнуўся на борт, я ледзь не задыхнуўся, уцягнуўшы ў лёгкія насычанае вуглекіслатой паветра. Шкада, што ў нас не было хімічных сродкаў для знішчэння гэтага шкоднага для дыхання газа! Кіслароду-ж нам хапала. Ён знаходзіўся ў вялізнай колькасці ў акаляючай нас вадзе, і нам лёгка было здабыць яго, разлажыўшы ваду электрычным токам з нашых батарэй. Я падумаў аб гэтым, але пазней адмовіўся ад гэтай думкі, бо яна не вырашала праблемы выдалення з атмасферы вуглекіслаты, якую мы вылучаем пры выдыханні і якая запоўніла ўсё судна з канца ў канец, Каб паглынуць яго, трэ’ было-б напоўніць вялікія пасудзіны едкім натрам і бесперапынна размешваць яго. Але едкага натра на «Наўтылусе» не было, і замяніць яго мы нічым не маглі.