Выбрать главу

Увечары капітану Нэма прышлося адчыніць краны сваіх рэзервуараў і выпусціць некалькі кубічных метраў паветра ў атмасферу судна. Каб ён не зрабіў гэтага, мы не прачнуліся-б раніцаю.

На другі дзень, 26 сакавіка, я зноў узяўся за працу гарняка, вырубаючы пяты метр яміны. Бакавыя сцены і столь тунэля значна сціснуліся. Ясна было, што пры такім тэмпе працы яны злучацца раней, чымсь «Наўтылус» паспее вызваліцца. У мяне ледзь кірка не выпала з рук. Навошта было калоць лёд, калі ўсё роўна мы павінны немінуча загінуць ад удушша або быць расціснутымі лёдам у такіх пакутах, якіх не выдумалі-б для сваіх палоннікаў самыя жорсткія дзікуны? Мне здавалася, што я схоплены сківіцамі нейкай жудаснай жывёліны і яны няўхільна сціскаюцца.

У гэтую хвіліну кіраваўшы нашай групай і сам энергічна працаваўшы кіркай капітан Нэма прайшоў каля мяне. Я затрымаў яго і паказаў рукою на сцяну нашай турмы. З боку штырборта яна наблізілася да карабля за ноч не меней як на чатыры метры.

Капітан Нэма зразумеў мяне і зрабіў мне знак следваць за ім. Мы вярнуліся на борт.

Зняўшы скафандр, я прайшоў за ім у салон.

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — нам трэба будзе зрабіць якія-небудзь гераічныя захады, або нас замуруюць ільды шчыльней як цэмент.

— Так, — адказаў я, — але што мы можам зрабіць?

— О, — ускрыкнуў ён, — каб толькі мой «Наўтылус» быў настолькі моцным, каб вытрымаць гэты ціск і не расплюшчыцца!

— Дык што было-б тады? — запытаўся я, не разумеючы думкі капітана.

— Няўжо вам не зразумела, што замярзанне вады было-б для нас падмогай? Ператварыўшыся ў лёд вада-ж павінна заняць вялікі аб’ём і немінуча расшчапіць трымаючае нас у палоне ледзяное поле, як расшчэплівае яна, замярзаючы, нават скалы! Няўжо вы не разумееце, што гэта было-б нашым ратункам, а не гібеллю?

— Так, капітан, магчыма. Але якім трывалым ні быў-бы «Наўтылус», ён не зможа вытрымаць такога страшэннага ціску, і лёд сплюшчыць яго ў тоненькі аркушык.

— І я гэта ведаю, прафесар. Таму я і не спадзяюся больш на дапамогу прыроды, а разлічваю толькі на самога сябе. Трэба, чаго-б яно ні каштавала, перашкодзіць далейшаму замярзанню вады! Трэба яго спыніць! Цяпер ужо збліжаюцца не толькі бакавыя сценкі, але і перад носам і за кармой «Наўтылуса» засталося не больш як па дзесяць футаў вольнай вады. Наша ледзяная клетка звужаецца з усіх бакоў.

— На колькі часу, — запытаў я, — хопіць запасу паветра, які знаходзіцца ў рэзервуарах?

Капітан паглядзеў мне прама ў вочы.

— Паслязаўтра, — сказаў ён пасля нядоўгага маўчання, — рэзервуары апусцеюць!

Я заліўся халодным потам. Між тым гэты адказ не павінен быў здзівіць мяне: 22 сакавіка «Наўтылус» апусціўся ў мора каля полюса. Сёння было 26 сакавіка, — значыцца, мы ўжо пяць дзён жылі за кошт запасаў паветра на «Наўтылусе». Акрамя таго шмат паветра забіралі падводныя работы.

Цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, успаміны аб перажытым так хвалююць мяне, што сударга жаху крывіць маё цела, і я прагна глытаю паветра, як быццам яго не стае маім лёгкім…

Між тым капітан Нэма, задуменны і маўклівы, напружана думаў. Раптам я убачыў, што яго захапіла нейкая думка. Спачатку ён быццам адштурхнуў яе, як відаць, незадаволены. Але потым з яго вуснаў сарваліся словы:

— Кіпяток, кіпяток!

— Кіпяток? — ускрыкнуў я.

— Так, прафесар. Мы замкнуты ў зусім вузкай прасторы. Чаму-б струменямі кіпятку, які выкідалі-б насосы «Наўтылуса», не падняць тэмпературы акаляючай нас вады і не спыніць працэс яе замярзання.

— Трэба паспрабаваць гэты спосаб, — сказаў я.

— Паспрабуем, спадар прафесар.

Тэрмометр, выведзены за борт, паказваў тэмпературу — сем градусаў ніжэй нуля. Я прайшоў за капітанам Нэма на кухню, дзе стаялі ёмістыя кіпяцільнікі для перагонкі марской вады ў прэсную.

У кіпяцільнікі даверху налілі вады, і ўся сіла электрычных батарэй «Наўтылуса» была пераключана на награванне змеевікоў, скрозь якія праходзіла вада. У некалькі хвілін вада дайшла да пункта кіпення. Насосы пачалі выпампоўваць яе, а на яе месца зараз-жа прылівала новая халодная вада. Цеплыня, якая развівалася электрычнымі батарэямі, была настолькі вялікай, што паступаўшая ў змеявік халодная марская вада выходзіла з яго нагрэтай да ста градусаў.