Выбрать главу

Пасля трохгадзіннай бесперапыннай работы тэрмометр падняўся на адзін градус і паказваў мінус шэсць градусаў. Яшчэ праз дзве гадзіны тэмпература паднялася да чатырох градусаў ніжэй нуля.

— Падзейнічала, — сказаў я капітану, праверыўшы паказанні тэрмометраў. — Цяпер поспех забяспечаны!

— Так, — адказаў капітан, — і я гэтак думаю. Мы не будзем расціснутыя. Застаецца толькі выратавацца ад пагражаючага нам удушша.

На працягу ночы тэмпература вады паднялася да аднаго градуса ніжэй нуля. Колькі мы ні стараліся падняць яе вышэй, гэта не ўдалося. Ды і не было патрэбы, бо замярзанне спынілася.

Наступнай раніцай, 27 сакавіка, глыбіня яміны ўзрасла да шасці метраў. Заставалася такім чынам высячы толькі чатыры метры. Гэта патрабавала яшчэ сарака васьмі гадзін працы.

Паветра ў сярэдзіне «Наўтылуса» ў гэты дзень не аднаўлялася, бо нязначную рэштку яго ў рэзервуарах капітан Нэма хаваў для падводнай працы. Дыхаць на караблі з кожнай гадзінай рабілася ўсё цяжэй.

Нібы вялікі цяжар ціснуў мне на грудзі. У тры гадзіны па поўдні пакуты зрабіліся нясцерпнымі. Я ўвесь час пазяхаў. Лёгкія мае сударгава ўцягвалі ў сябе паветра, шукаючы ў згушчонай атмасферы «Наўтылуса» атамы жыватворнага кісларода, якога заставалася ўсё меней і меней з кожным удыхам. Мяне ахапіла нейкае здрантвенне, якое паралізавала рухі і мозг. Я ляжаў знясілены, амаль страціўшы свядомасць. Мой добры Кансель, які пакутаваў не менш за мяне, не пакідаў мяне ні на секунду. Ён браў маю руку, надаваў мне бадзёрасці, і я чуў як ён шаптаў:

— Ах, каб я мог не дыхаць, каб захаваць паветра гаспадару!

Слёзы выступілі ў мяне на вачах пры гэтых словах.

Чым цяжэй рабілася дыхаць у сярэдзіне судна, тым з большай ахвотай мы адзявалі скафандры, калі прыходзіла наша чарга працаваць. Кіркі звінелі, утыкаючыся ў лёд. Плечы і спіны нылі ад стомы, рукі пакрываліся мазалямі, але што значылі гэтыя стамленні і боль, калі была магчымасць поўнай грудзямі ўдыхаць свежае паветра, калі можна было дыхаць!

І тым не менш ніхто не заставаўся пад вадою больш, чым трэба было. Адпрацаваўшы свае дзве гадзіны, кожны з нас спяшаўся перадаць свайму пакутуючаму ў душнай атмасферы карабля таварышу збавіцельны рэзервуар з чыстым паветрам. Капітан Нэма першы падаваў прыклад суровай дысцыпліны. Калі канчаўся час працы пад вадою, ён цвёрдым крокам вяртаўся на карабель, у атрутную атмасферу. Твар яго па-ранейшаму быў спакойны і строгі, і ніводная скарга не зрывалася з яго вуснаў.

У той дзень праца ішла з яшчэ большай напружанасцю. Два метры лёду былі высечаны за суткі, і цяпер толькі два метры аддзялялі нас ад вольнай вады. Але рэзервуары паветра былі зусім апустошаныя, і заставаўся толькі той запас, які знаходзіўся ў апаратах Рукверойля.

Калі я вярнуўся на борт і скінуў скафандр, я зараз-жа ледзь не задушыўся. Якую ноч я правёў! Апісаць яе немагчыма — такія пакуты нельга перадаць словамі. Раніцай дыханне маё было сціснута яшчэ больш. Да болю. галавы далучаліся яшчэ частыя галавакружэнні, у часе якіх я хістаўся быццам п’яны. Спадарожнікі мае пакутавалі таксама, як і я. Некаторыя з матросаў ужо хрыпелі.

У гэты шосты дзень нашага палону капітан Нэма. разумеючы, што праца кіркамі надта марудная і запас паветра скончыцца раней, чым яна будзе скончана, рашыў паспрабаваць іншым спосабам прабіць пласт лёду, які аддзяляў нас ад вольнай вады. Гэты чалавек захаваў усю яснасць розуму, энергію і спакойнасць. Напружаннем волі ён прымушаў сябе не заўважаць фізічных пакут. Ён разважаў, вынаходзіў, дзейнічаў.

Па яго загаду з рэзервуараў «Наўтылуса» была выпампавана частка вадзянога баласта. Калі карабель усплыў са дна, яго ўстанавілі ў цэнтры вялізнай авальнай выемкі, выкапанай намі. Тады рэзервуары былі зноў напоўнены, і карабель апусціўся акурат на сярэдзіну выемкі.

Тады ўся каманда вярнулася на борт, і падвойныя дзверы герметычна зачынілі. «Наўтылус» ляжаў цяпер на пласту лёду таўшчынёй не больш аднаго метра, да таго-ж прадзіраўленым у тысячы мясцінах. Тады краны былі шырока адчынены, і рэзервуары зноў даверху напоўніліся вадою, павялічыўшы вагу «Наўтылуса» на сто тысяч кілаграмаў.

Мы прыслухоўваліся і напружана чакалі, забываючыся нават на свае пакуты. Наша збавенне было пастаўлена на карту.

Не гледзячы на моцны шум у вушах, я хутка пачуў, як трашчыць лёд пад корпусам «Наўтылуса». Трэск гэты ўсё павялічваўся. Мы яўна асядалі ніжэй. Нарэшце пачуўся грукат расколатых пластоў лёду, і «Наўтылус» пачаў апускацца.