Выбрать главу

— Мы праходзім, — шапнуў мне на вуха Кансель.

Я не мог адказаць яму. Я схапіў яго руку і сударгава сціснуў.

Раптам, пад цяжарам свайго баласта, «Наўтылус» каменем паляцеў на дно.

У момант уся энергія батарэй была пераключана на насосы і вада са свістам пачала вылятаць з рэзервуараў. Прайшло некалькі хвілін, і наша паданне затрымалася, а пасля і зусім спынілася, і стрэлка манометра паказала, што пачаўся пад’ём.

Тут вінт «Наўтылуса» запрацаваў з такой хуткасцю, што ўвесь корпус судна затросся мелкай і частай дрыготай, і мы панесліся на поўнач.

Але колькі часу павінна было працягнуцца гэтае плаванне пад лёдам да адкрытага мора? Яшчэ дзень? Тады я не дажыву да яго канца…

Я ляжаў на канапе ў бібліятэцы. Я задыхаўся. Мой твар пасінеў, вусны зусім счарнелі. Я не мог паварушыць пальцам. Я нічога не бачыў і не чуў, страціў уяўленне аб часе. Мае мускулы страцілі здольнасць скарачацца…

Не магу сказаць, колькі гадзін я праляжаў у такім становішчы. Але ў рэдкія хвіліны прытомнасці я адчуваў, што знаходжуся ў агоніі. Я разумеў, што паміраю…

Раптам я ачуняў. Свежае паветра абмыла мае лёгкія. Няўжо мы вышлі на паверхню вады? Як-жа я не заўважыў, што мы мінулі паласу суцэльных ільдоў?

Не, мы ўсё яшчэ былі пад ільдом! Гэта Кансель і Нэд Лэнд, мае адданыя прыяцелі, ахвяравалі сабою, каб выратаваць мяне. У адным з апаратаў Рукверойля захавалася яшчэ крышку паветра. Замест таго, каб самім удыхнуць яго, яны падаравалі гэтае паветра мне і, задыхаючыся, вярталі мне жыццё! Прачнуўшыся, я хацеў адштурхнуць збавіцельны апарат, але яны затрымалі мае рукі, і на працягу некалькіх хвілін я з вялікай асалодай паглынаў жыватворны газ.

Я паглядзеў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін раніцы. Наступіла ўжо 28 сакавіка. «Наўтылус» імчаўся са страшэннай хуткасцю — сорак міль у гадзіну, стралой уразаючыся ў ваду.

Дзе быў капітан Нэма? Ці выжыў ён? Ці выратаваліся яго таварышы?

У гэтую хвіліну стрэлка манометра паказвала, што мы знаходзіліся ўсяго за дваццаць футаў ад паверхні мора. Ад вольнага паветра нас аддзяляла толькі тонкае ледзяное поле. Няўжо яго нельга было раскалоць?

Не, можна! У кожным разе «Наўтылус» збіраўся паспрабаваць зрабіць гэта. Я адчуў, што ён апускае карму і паднімае свой востры форштэвень. Даволі было пусціць трохі вады ў рэзервуар на карме, каб судна заняло такое становішча. Потым, штурхнутае ўверх сваім магутным вінтам, яно атакавала ледзяное поле, як вялізны таран. «Наўтылус» настойліва калаціўся ў яго, па некалькі разоў з разбегу ўдараючыся ў адно і тое-ж месца, пакуль, нарэшце, пласт лёду не паддаўся і мы не вынырнулі на паветра, ламаючы сваім цяжарам лёд.

Люк быў адчынены, вярней сарваны, і свежае паветра струменямі хлынула ва ўсе закавулкі «Наўтылуса»…

Раздзел семнаццаты

Ад мыса Горн да Амазонкі

Не памятаю, як я трапіў на палубу. Магчыма, што мяне перанёс туды канадзец. Я дыхаў поўнымі грудзямі, з асалодай уцягваючы ў лёгкія пахнуўшы соллю марскі вецер. Мае таварышы побач са мною з захапленнем пілі ўдосыць свежы подых мора. Чалавек, які доўга галадаў, павінен з вялікай стрыманасцю есці прапанаваную яму ежу, інакш ён захварэе. Іншая справа мы, — мы не павінны былі ні ў чым абмяжоўваць сябе, і мы дыхалі, дыхалі, набіраючы поўныя лёгкія паветра, і п’янелі ад гэтай волі, п’янелі ад бадзёрасці, якая ўлівалася ў наша цела з кожным подыхам.

— Ах, — ускрыкнуў Кансель, якое цудоўнае свежае паветра! Няхай гаспадар дыхае ўволю — тут хопіць усім!

Нэд Лэнд — той не размаўляў, але ён так шырока адчыняў рот, што яму пазайздросціла-б нават акула. І з якой сілай уцягваў ён паветра ў лёгкія! Канадзец, смактаў яго са свістам, як палаючая печка.

Сілы хутка вярнуліся да нас. Зусім ачуняўшы і агледзеўшыся навакол, я ўбачыў, што мы адны на палубе. Нікога з матросаў «Наўтылуса» не было тут. Не з’явіўся і капітан Нэма. Гэтыя дзіўныя людзі, відаць, задавальняліся паветрам, цыркулюючым у сярэдзіне карабля. Ніхто з іх не прыйшоў усцешыцца свежасцю марскога ветрыка.

Першымі вымаўленымі мною словамі былі словы падзякі маім спадарожнікам і верным таварышам. Нэд Лэнд і Кансель выратавалі мне жыццё, калі ў мяне пачалася агонія. Ніякімі словамі нельга было аддзякаваць за гэтую паслугу.

— Хопіць, спадар прафесар, — спыніў мяне Нэд Лэнд, — аб гэтым не варта гаварыць. У нас-жа і заслугі ніякай няма. Гэта было чыста матэматычнае пытанне — ваша жыццё даражэй за наша, значыцца, яго і трэба было захаваць у першую чаргу!