Выбрать главу

— Не, Нэд, яно не даражэй за ваша! Нічыё жыццё не можа быць каштоўней жыцця добрага і благароднага чалавека, а вы і добры і благародны!

— Добра, добра! — прамармытаў засаромлены канадзец.

— А ты, мой дарагі Кансель, ты дужа пакутаваў?

— Мне не хапала некалькі глыткоў свежага паветра, але я думаю, што хутка прызвычаіўся-б дыхаць і гэткім. Акрамя таго, калі я бачыў, як корчыцца ў муках гаспадар, мне і дыхаць не хацелася. Як гаворыцца ў такіх выпадках, у мяне дыханне сціскала ў…

Засаромлены Кансель змоўк, так і не скончыўшы фразы.

— Сябры мае, — расчулена адказаў я, — перажытыя гадзіны злучылі нас назаўсёды непарушанай дружбай, і вы маеце права патрабаваць ад мяне…

— І патрабуем! — спыніў мяне канадзец.

— Што? — запытаў Кансель.

— Каб спадар прафесар пайшоў за намі, калі мы будзем уцякаць з гэтага праклятага «Наўтылуса».

— Дарэчы, — запытаў Кансель, — куды накіроўваецца «Наўтылус»? Ці ідзём мы на поўнач?

— Вядома, — адказаў я, — мы-ж ідзём насустрач сонцу, а ў гэтых месцах сонца — гэта поўнач.

— Але цяпер застаецца даведацца, ці накіроўваемся мы ў Атлантычны або Ціхі акіян, гэта значыць у людныя ці ў пустынныя моры, — сказаў канадзец.

На гэтае пытанне я не мог даць адказу. Але я баяўся, што капітан Нэма павядзе свой карабель у той вялізны акіян, які амывае берагі Азіі і Амерыкі. Такім чынам ён закончыць сваё кругасветнае падарожжа і вернецца ў тую частку свету, дзе «Наўтылус» карыстаўся найбольшай воляй.

Але як ажыццявіць план Нэда Лэнда, калі мы зноў апынёмся ў пустынных водах Ціхага акіяна, далёка ад заселеных зямель?

Адказ на гэтае важнае пытанне мы павінны былі атрымаць у самым хуткім часе. «Наўтылус» плыў з вялікай шпаркасцю. Мы хутка мінулі палярны круг і ўзялі курс на мыс Горн.

Трыццаць першага сакавіка каля сямі гадзін увечары мы былі ўжо на траверзе гэтага крайняга пункта амерыканскага сухазем’я.

Да гэтага часу перажытыя пакуты пачалі ўжо забывацца. Страцілі сваю прыкрасць і ўспаміны аб днях няволі ў ільдах Мы думалі толькі аб будучым. Капітан Нэма не паказваўся ні ў салоне, ні на палубе.

Адзнакі, якія штодзённа наносіў на карту памочнік капітана, паказвалі мне курс нашага карабля. У гэты вечар стала відаць, што мы ідзем у Атлантычны акіян.

Я паведаміў Канселю і Нэду Лэнду вынікі сваіх назіранняў.

— Гэта радасная вестка, — сказаў канадзец. — Але куды ідзе «Наўтылус»?

— Пакуль не магу вам сказаць гэтага, Нэд.

— Можа ваш капітан хоча пасля паўднёвага полюса адкрыць паўночны і адтуль прайсці ў Ціхі акіян славутым Паўночна-заходнім праходам?

— Мы-ж у кожным разе не будзем падбухторваць яго! — сказаў Кансель.

— Але мы пастараемся пазбавіць яго нашай прысутнасці раней, чым ён прывядзе ў выкананне свой план, — адказаў канадзец.

— Як-бы там ні было, — заявіў Кансель, — ён малайчына, гэты капітан Нэма, і я на буду шкадаваць аб тым, што пазнаёміўся з ім.

— Асабліва пасля таго, як развітаецеся з ім, — іранічна дадаў канадзец.

На другі дзень, 1 красавіка, калі «Наўтылус» за некалькі хвілін да поўдня падняўся на паверхню мора, мы апынуліся каля нейкага берагу. Гэта была Вогненная Зямля, якая атрымала гэтую назву ад першых даследчых з-за шматлікіх дымкоў, якія курыліся над стрэхамі тубыльскіх халуп.

Вогненная зямля — гэта архіпелаг, які прасціраецца на сто дваццаць кіламетраў у даўжыню і трыста дваццаць у шырыню паміж 53° і 56° паўднёвай шыраты і 67°50´ і 77°15´ заходняй даўгаты. Бераг бліжэйшага да нас вострава быў нізкі, але на кругавідзе відаць былі высокія горы. Я, здаецца, пазнаў гару Сарміента, якая падымаецца на дзве тысячы семдзесят метраў над узроўнем мора. Стромкая вяршыня гэтай гары праракае маракам добрае або дрэннае надвор’е, у залежнасці ад таго, ці вольная яна ад воблакаў, ці ахутана туманам. Так сказаў мне Нэд Лэнд.

— І што-ж, Нэд, барометр аказваецца верным? — спытаў я.

— Надзвычайна верным, спадар прафесар, — адказаў канадзец. — Ён ні разу не ашукаў нас, калі мы ішлі Магеланавай пратокай.

Вяршыня гары ў гэтую хвіліну рэзка вызначалася на сінім фоне неба. Гэта праракала добрае надвор’е.

Апусціўшыся зноў у ваду, «Наўтылус» з вялікай хуткасцю паплыў далей на поўнач.

Увечары мы падышлі да Фалклендскіх астравоў, і калі досвіткам наступнага дня мы ўсплылі на паверхню акіяна, я ўбачыў суровыя вяршыні гор.

Акіян тут быў неглыбокі. Гэта навяло мяне на думку, што абодва галоўных востравы архіпелага і ўсе прылягаючыя да іх маленькія астраўкі ў даўнейшыя часы складалі частку Магеланавай зямлі.