Выбрать главу

Ён закрычаў:

— Ах, гаспадар, гаспадар! Ратуйце!

Гэта быў першы выпадак за ўвесь час нашага знаёмства, калі ён звяртаўся да мяне не як да трэцяй асобы.

Канадзец і я паднялі яго на ногі і пачалі энергічна масіраваць. Калі ён вярнуў магчымасць валодаць сваім целам, гэты вечны класіфікатар прашаптаў слабым голасам:

— Клас рыб, падклас храшчавых рыб, атрад скатаў, сямейства электрычных скатаў, від мармуровых электрычных скатаў…

— Так, мой сябар, — сказаў я, — мармуровы электрычны скат і прывёў цябе ў гэткае гаротнае становішча.

— Гаспадар можа мне паверыць, — адказаў Кансель, — што я адпомшчу гэтаму скату.

— Якім чынам?

— Я яго з’ем!

І ён выканаў сваё абяцанне ў той-жа вечар, але, відаць, толькі дзеля таго, каб адпомсціць, бо мяса ската было агідным на смак.

Няшчасны Кансель сутыкнуўся з самай небяспечнай разнавіднасцю электрычных скатаў.

Гэты дзіўны скат у вадзе — добрым правадніку тока — забівае рыб на адлегласці ў некалькі метраў, настолькі моцны яго электрычны зарад.

Назаўтра, 12 красавіка, «Наўтылус» наблізіўся ўдзень да берагу галандскай калоніі, каля вусця ракі Мароні.

Тут мы ўбачылі некалькі сямействаў ламантынаў. Гэта былі манаты, якія, як дзюгоні, належаць да атрада сірэн, або марскіх кароў. Гэтыя буйныя жывёліны, даўжынёй у шэсць-сем метраў, важаць каля чатырох тысяч кілаграмаў.

Я расказаў Канселю, якую карысную ролю прызначыла мудрая прырода гэтым сысунам: разам з цюленямі яны пасвяцца ў падводных прэрыях, знішчаючы зараслі, якія засмечваюць вусці трапічных рэк.

— Ці ведаеце вы, — дадаў я, — што адбылося з таго часу, як чалавек зусім знішчыў гэтых жывёлін? Гніючыя ў вусцях рэк водарасці атруцілі ваду і паветра, а ў атручаным паветры расквітнела жоўтая трасца, няшчасце гэтых прывабных краін. Атрутныя расліны напоўнілі ўсе ўзбярэжжы трапічных мораў, і гэтая хвароба распаўсюдзілася ад Рыо-дэ-ла-Плата да самай Фларыды.

Калі верыць Туснэлю, гэта яшчэ глупства ў параўнанні з тымі няшчасцямі, якія пагражаюць нашым патомкам, калі будуць знішчаны апошнія цюлені і кіты. Тады моры, якія напаўняюцца медузамі і кальмарамі, зробяцца вялізнымі асяродкамі ўсялякіх інфекцый, бо не будзе больш «гэтых ёмістых страўнікаў, якім прырода дала заданне ачышчаць моры».

Каманда «Наўтылуса», відаць, мала верыла ў гэтыя тэорыі і таму не пасаромілася забіць з паўдзесятка гэтых манатаў, мяса якіх значна смачней за ялавічыну. Паляванне на гэтых жывёл было зусім нецікавае — манаты дазвалялі забіваць сябе, не абараняючыся і не спрабуючы ратавацца ўцяканнем. Такім чынам кладоўкі «Наўтылуса» папоўніліся некалькімі тысячамі кілаграмаў мяса, якое ў засушаным выглядзе забяспечыла нас надоўга смачнай ежай.

У гэты-ж дзень арыгінальнае паляванне ў гэтых багатых водах яшчэ больш павялічыла страўныя запасы «Наўтылуса». У выцягнутых на палубу невадах аказалася некаторая колькасць рыб, галовы якіх канчаліся авальнымі пласцінкамі з мясістымі, загнутымі берагамі. Гэта былі прыліпалы з сямейства макрэлевых рыб. Іхняя авальная пласцінка складаецца з папярочных рухавых храшчыкаў, між якіх гэтая рыба можа ствараць пустату, што дае ёй магчымасць прысосвацца да кожнай паверхні. Нашы матросы ўсіх знойдзеных у невадзе прыліпал зараз-жа адкладалі ў спецыяльна падрыхтаванае вядро з вадою.

Калі рыбная лоўля была скончана, «Наўтылус» наблізіўся да берага да месца, дзе на паверхні вады драмала добрая колькасць буйных марскіх чарапах. Заўладаць гэтымі каштоўнымі марскімі жывёламі было нялёгка, бо яны прачынаюцца ад малейшага шолаху, а іх цвёрды панцыр абараняе іх ад гарпуна. Але з дапамогай прыліпал лоўля чарапах надзвычайна простая справа. Гэтая рыбка — жывы кручок, які ашчаслівіў-бы кожнага рыбалова.

Матросы насадзілі на хвасты прыліпал кольцы, даволі шырокія, каб не перашкаджаць іхнім рухам, і да гэтых кольцаў прывязалі доўгія вяроўкі, другі канец якіх прымацавалі да поручаў палубы.

Прыліпалы, спушчаныя ў ваду, зараз-жа падплылі да чарапах і прыліплі да іхніх панцыраў. Яны так моцна ўчапіліся за іх, што іх лягчэй было разадраць, чым ададраць ад панцыра. Цяпер заставалася толькі пацягнуць за вяроўку, каб выцягнуць на палубу чарапах, да якіх яны прыліплі.

Гэтым паляваннем скончылася наша стаянка ля вусця Амазонкі, і з надышоўшай ноччу «Наўтылус» зноў пайшоў у адкрытае мора.

Раздзел васямнаццаты

Спруты

На працягу некалькіх дзён «Наўтылус» трымаўся воддалі ад амерыканскага берагу. Капітан Нэма не хацеў, відаць, заплываць ні ў Мексіканскую затоку, ні ў воды, амываючыя Антыльскія астравы. Прычынай гэтага не магло быць мелкаводдзе, бо сярэдняя глыбіня гэтых мораў складае тысячу восемсот метраў. Хутчэй за ўсё, гэтыя воды з безліччу астравоў і параходаў проста не падабаліся капітану Нэма.