Выбрать главу

Дваццатага сакавіка мы плылі на глыбіні, прыкладна, паўтары тысячы метраў. Бліжэйшымі да нас былі Багамскія астравы, параскіданыя, як група каменняў, на паверхні акіяна. Там падымаліся высокія падводныя скалы, стромкія сцены якіх былі адшліфаваныя вадой. Між іх ззялі чорныя шчыліны, якіх не мог асвятліць нават электрычны пражэктар.

Скалы гэтыя былі пакрыты высокімі травамі, гіганцкімі водарасцямі і фукусам, — сапраўды гэта быў марскі сад, варты свету тытанаў.

Ад размовы аб гэтых велічэзных раслінах мы з Канселем і Нэдам, вядома, перайшлі да пералічэння гіганцкіх марскіх жывёлін. Адны з іх, пэўна, павінны былі служыць стравай для другіх. Аднак скрозь вокны нерухомага «Наўтылуса» я бачыў на даўгіх падводных галінах толькі некаторых прадстаўнікоў сямейства ракавідных — буйных фіялетавых крабаў з даўгімі клюшнямі.

Было ўжо адзінаццаць гадзін, калі Нэд Лэнд звярнуў маю ўвагу на тое, што ў высокіх водарасцях нешта дзеецца.

— Гэта вельмі добрае месца для спрутоў, — сказаў я, — і я ніколькі не здзівіўся-б, каб убачыў тут парачку гэтых страшыдлаў. Але дружа Нэд, відаць, памыліўся, бо я не бачу тут нічога падазронага.

— Шкада, — сказаў Кансель. — Я не адмовіўся-б разглядзець як след аднаго з гэтых спрутоў, якія, як я чакаў, здольны пацягнуць за сабой цэлы карабель у глыбіню марскога бяздоння. Гэтыя пачвары завуцца крак…

— Крак — і ўсё тут, — іранічна перапыніў яго канадзец.

— Кракенамі, — спакойна закончыў Кансель, не звярнуўшы ўвагі на кпіны свайго таварыша.

— Ніколі я не паверу, — сказаў Нэд Лэнд, — што такія страшыдлы існуюць на свеце.

— Чаму-ж? — адказаў Кансель. — Верылі-ж мы ў існаванне нарвала.

— І мы памыліліся, Кансель!

— Пэўна! Але іншыя і цяпер вераць у яго.

— Магчыма, Кансель, але што тычыцца мяне, дык я паверу ў існаванне гэтых пачвар толькі тады, калі буду анатамаваць іх уласнымі рукамі, — сказаў я.

— Значыцца, — сказаў Кансель, — гаспадар не верыць у гіганцкіх спрутаў?

— А хто-ж, чорт вазьмі, верыў у іх? — ускрыкнуў Нэд Лэнд.

— Шмат людзей, дружа Нэд.

— Толькі не рыбакі! Вучоныя — магчыма.

— Прашу прабачэння, Нэд, — і рыбакі, і вучоныя, і нават я, я сам, — сказаў Кансель з самым сур’ёзным выглядам. Я сваімі ўласнымі вачыма бачыў вялізнае судна, якое цягнулі ў бяздонне шчупальцы галаваногага.

— Вы гэта бачылі? — запытаў канадзец.

— Так, Нэд.

— Вашымі ўласнымі вачыма?

— Так, дружа Нэд.

— Дзе, хацеў-бы я ведаць?

— У Сен-Мало, — спакойна адказаў Кансель.

— У порце? — насмешліва запытаўся Нэд.

— Не, у царкве, — адказаў Кансель.

— У царкве? — здзіўлена крыкнуў канадзец.

— Так, дружа Нэд. Гэта была карціна, на якой быў намаляваны акурат такі спрут, аб якім мы гаварылі.

— Ах, вось як! — сказаў Нэд Лэнд і пырснуў ад смеху, — Кансель здзекуецца з мяне!

— А Кансель-жа гаворыць праўду, — сказаў я. — Я чуў аб гэтай карціне. Сюжэт яе ўзяты з легенды, а вы ведаеце, як трэба адносіцца да легенд з галіны прыродазнаўства, асабліва калі справа ідзе аб пачварах… Тут ужо фантазія не ведае мяжы. Людзі не задавальняюцца апавяданнямі аб спрутах, здольных пацягнуць на дно мора цэлы карабель. Нехта Мікола Магнус сцвярджае, што ён бачыў спрута даўжынёй у цэлую мілю і больш падобнага на востраў, чым на жывую істоту. Другі «вачавідзец» паведамляе, што аднойчы біскуп Нідроскі пабудаваў алтар на вялізнай скале. Калі ён скончыў, скала кранулася і паплыла ў мора. Аказалася, што гэта быў спрут.

— Гэта ўсё? — запытаўся канадзец.

— Не, — адказаў я. — Другі біскуп, Пантапідан з Бергена, паведаміў аб спруце, на якім зусім вольна мог манеўраваць цэлы кавалерыйскі полк!

— Якія, аднак, брахуны былі гэтыя біскупы ў ранейшыя часы! — сказаў Нэд.

— І нарэшце старадаўнія прыродазнаўцы казалі аб страшыдлах, у якіх пасць была як затока, і якія былі такой велічыні, што не маглі праплысці праз Гібралтарскую пратоку.

— Вось гэта дык велічыня! — сказаў канадзец.

— Але якая частка праўды ва ўсіх гэтых апавяданнях? — запытаўся Кансель.

— Ніякай, сябры мае. Тут няма і цені праўды. Але для фантазіі апавядальнікаў патрэбна калі не прычына, дык прынамсі повад. Нельга адмаўляць, што існуюць спруты і кальмары велізарных размераў, але ўсё-ж меншыя за кітападобных. Арыстотэль, напрыклад, сцвярджаў, што бываюць кальмары даўжынёю ў пяць лакцей, гэта значыць тры метры дзесяць сантыметраў. Нашы рыбакі часта сустракалі кальмараў амаль два метры даўжыні. Па вылічэннях натуралістаў галаваногае — кальмар або спрут — даўжынёю толькі ў шэсць футаў мае шчупальцы даўжынёю ў цэлых дваццаць сем футаў. Гэтага зусім дастаткова, каб мець выгляд страшэннай пачвары!