Выбрать главу

— Іх ловяць і цяпер? — запытаўся канадзец.

— Не ведаю, ловяць іх ці не, але маракі ў кожным разе сустракаюць іх. Адзін з маіх прыяцеляў, капітан Поль Бос з Гаўра, сцвярджаў, што ў Індыйскім акіяне яму сустрэўся аднойчы вялізны спрут. Але самы дзіўны факт, які не пакідае больш сумненняў у існаванні гэтых гіганцкіх жывёл, здарыўся ў 1861 годзе.

— Што-ж гэта за факт? — запытаўся Нэд Лэнд.

— Зараз раскажу. У 1861 годзе на паўночны ўсход ад Тэнерыфа, амаль на той-жа шыраце, на якой мы знаходзімся цяпер, каманда пасыльнага судна «Алектон» заўважыла страшэннага кальмара. Камандзір судна, Бугэ, наблізіўся да жывёліны і атакаваў яе гарпунамі і кулямі, але без ніякага поспеху, бо кулі і гарпуны праходзілі ў яго мяккае цела, як ў жэле. Нарэшце, пасля доўгіх і бескарысных спроб, удалося накінуць пятлю на тулава малюска. Вузел слізнуў да хваставога плаўніка і там спыніўся. Паспрабавалі былі ўцягнуць страшыдла на борт судна, але цяжар яго быў настолькі вялікі, што вяроўка разрэзала яго напалам, хвост адарваўся, і вызваленая ад гэтай аздобы пачвара знікла ў хвалях.

— І гэта факт? — спытаў Нэд.

— Бясспрэчны факт, дружа Нэд. Гэтага кальмара прапанавалі назваць кальмарам Бугэ.

— А якой ён быў даўжыні?

— Метраў шэсць, ці не праўда? — сказаў Кансель, стоячы ля акна і разглядаючы шчыліны ў падводных скалах.

— Зусім правільна, — адказаў я.

— Ці не была яго галава аздоблена васьмю шчупальцамі, якія выкручваліся ў вадзе, як гняздо вужакаў.

— Акурат так.

— І яго вочы, якія знаходзіліся на макушцы галавы, былі дужа развітыя?

— Так, Кансель.

— І рот у яго нагадваў дзюбу папугая, толькі гіганцкі павялічаную?

— Зусім правільна.

— Цудоўна! З дазволу гаспадара, — спакойна сказаў Кансель, — вось ён, гэты самы кальмар Бугэ, або прынамсі адзін з яго бліжэйшых родзічаў.

Я са здзіўленнем паглядзеў на Канселя. Нэд Лэнд падышоў да акна.

— Жудаснае страшыдла! — ускрыкнуў ён.

Я зірнуў у акно і не мог стрымаць агіднай міны. Перад маімі вачыма было страшыдла, не лепшае за тых, аб якіх гаворыцца ў самых жудасных легендах. Гэта быў кальмар велізарных размераў, метраў восем велічынёю. Ён з вялікай хуткасцю плыў да «Наўтылуса», утаропіўшы ў нас свае вялізныя зеленавата-сінія вочы. Яго восем шчупальцаў, або ног, якія раслі проста з галавы, — што і прымусіла назваць жывёл гэтага тыпу галаваногімі, — двойчы павялічвалі яго тулава і выкручваліся, як валасы фурыі[56]. Можна было выразна бачыць усе дзвесце пяцьдзесят прысоскаў на ўнутраным баку шчупальцаў у выглядзе паўсферычных капсуль. Часамі гэтыя шчупальцы нібы прыліпалі да акна салона. Пасць страшыдлы — рогавая і загнутая, як дзюба папугая, — адчынялася і зачынялася вертыкальна. Яго язык, таксама з нейкага рогавага матэрыялу, меў многа радоў вострых зубоў і, уздрыгваючы, высоўваўся з-за гэтых страшэнных абцугоў. Які капрыз прыроды! Птушыная дзюба ў малюска! Яго верацянопадобнае, раздутае пасярэдзіне цела складалася з мясістай масы, якая павінна была важыць прынамсі дваццаць або дваццаць пяць тысяч кілаграмаў. Колер яго быў нясталы, ён безупынна мяняўся ў залежнасці ад ступені злосці жывёлы, пераходзячы паслядоўна ад попельна-шэрага да карычнева-чырванаватага колеру. Што злавала гэтага малюска? Без сумнення прысутнасць «Наўтылуса», яшчэ больш страшэннага, чым ён сам, страшыдла, на якога яго шчупальцы-прысоскі і жудасныя сківіцы не рабілі ніякага дзеяння.

Якія страхатлівыя гэтыя спруты, якую незвычайную жыццёвую сілу дала ім прырода, колькі магутнасці ў іхніх рухах! Нездарма-ж яны маюць тры сэрцы.

Выпадак звёў нас з кальмарам, і я не хацеў прапусціць адзіную магчымасць дакладна вывучыць гэты ўзор галаваногага. Я перасіліў свой жах і агіду, узяў аловак і пачаў замалёўваць яго.

— Можа гэта той самы спрут, якога давіў «Алектон»? — сказаў Кансель.

— Не, — адказаў канадзец, — ён-жа зусім цэлы, а той згубіў свой хвост!

— Гэта не доказ, — сказаў я. — Шчупальцы і хвост гэтых жывёлін маюць уласцівасць аднаўляцца, і за сем гадоў хвост кальмара Бугэ меў даволі часу, каб падрасці.

— Ну, — сказаў Нэд, — калі гэта не кальмар Бугэ, то можа ён тут, сярод гэтых?

вернуться

56

Фурыі — у старагрэцкіх міфах злыя багіні са змеямі ў валасах.