Выбрать главу

— Я быў вінен вам, — сказаў капітан Нэма канадцу.

Нэд моўчкі пакланіўся.

Гэтая бойка працягвалася не больш чвэрці гадзіны. Пераможаныя, скалечаныя страшыдлы ачысцілі месца змагання і зніклі ў хвалях.

Капітан Нэма, увесь у крыві, нерухома стаяў каля вышкі пражэктара і глядзеў на мора, якое паглынула аднаго з яго таварышаў. Буйныя слёзы цяклі з яго вачэй.

Раздзел дзевятнаццаты

Гальфштрэм

Гэтае жудаснае здарэнне, на якое ніхто з нас ніколі не забудзецца, адбылося 20 красавіка. Я апісаў яго пад свежым уражаннем толькі што перажытага хвалявання. Пасля я перагледзеў сваё апавяданне і прачытаў яго Канселю і канадцу. Яны знайшлі, што яно зусім дакладнае, але недастаткова эфектнае. Каб апісаць такую карціну, трэба мець талент самага славутага з нашых паэтаў — Віктара Гюго, аўтара «Працаўнікоў мора».

Я сказаў ужо, што капітан Нэма плакаў, гледзячы на мора. Ён быў бязмежна сумны. За час нашага сумеснага плавання ён губляў ужо другога таварыша. І якая жудасная смерць! Яго таварыш, расціснуты, задушаны, зломлены страшэннымі шчупальцамі спрута, струшчаны яго жалезнымі сківіцамі, не будзе нават, спачываць побач з сваімі таварышамі ў спакойных водах каралавага могільніка!

Я сам быў узрушаны да глыбіні душы гэтым жудасным крыкам, які раптам раздаўся ў час барацьбы. Гэты няшчасны француз у час гібелі забыўся, што ён павінен гаварыць на ўмоўнай мове і загаварыў на мове сваёй радзімы. Значыцца, сярод людзей каманды «Наўтылуса», адданых душой і целам капітану Нэма, таксама як і ён парваўшых сувязі з чалавецтвам, у мяне быў зямляк! Ці быў ён адзіным у гэтым дзіўным калектыве, які складаўся, як відаць, з прадстаўнікоў самых розных нацыянальнасцяў? Гэта была яшчэ адна з не вырашаных праблем, якія ўзнікалі адна за другой перада мною.

Капітан Нэма пайшоў да сябе, і я некалькі дзён не бачыў яго.

Але я мог здагадацца па паводзінах падводнага карабля, душой якога ён быў і які адбіваў усе яго перажыванні, якой вялікай была яго смута.

«Наўтылус» не плыў болей у пэўным кірунку. Ён насіўся, як труп, па волі хваляў. Яго вінт быў вызвалены ад пут, але ён ледзь варушыўся. Капітан Нэма ніяк не мог пакінуць гэтае месца бойкі, не мог пакінуць мора, якое паглынула аднаго з яго таварышаў.

Так прайшло дзесяць дзён. І толькі першага траўня «Наўтылус» рашуча ўзяў курс на поўнач, міма Багамскіх астравоў, да вусця Багамскага канала.

Мы плылі цяпер па цячэнню вялікай ракі акіяна, у якой ёсць свае берагі, свае рыбы і свая ўласная тэмпература. Я маю на ўвазе Гальфштрэм.

І сапраўды, гэта натуральная рака, якая вольна цячэ пасярод Атлантычнага акіяна, вада якой ніколі не злучаецца з акіянскай вадой. Гэта салёная рака, больш салёная, чым акаляючае яе мора. Яе сярэдняя глыбіня — тры тысячы футаў, яе сярэдняя шырыня — шэсцьдзесят міль. У некаторых месцах яе цячэнне дасягае чатырох кіламетраў у гадзіну.

Вытокі Гальфштрэма, калі можна так назваць іх, былі адкрыты капітанам Моры. Яны знаходзяцца ў Біскайскай затоцы. Там цячэнне яшчэ мала вызначаецца па тэмпературы і колеру, ледзь пачынаючы фармавацца. Далей Гальфштрэм спускаецца на поўдзень, уздоўж экватарыяльнай Афрыкі, паглынаючы па дарозе цеплыню праменняў трапічнага сонца, перасякае Атлантычны акіян, дасягае мыса Рок, на бразільскім беразе, падзяляецца на два рукавы, адзін з якіх яшчэ больш награецца, праходзячы праз гарачыя воды Антыльскага мора. І тут Гальфштрэм, які павінен ураўнаважваць тэмпературу зямнога шара, уступае ў свае абавязкі. Нагрэты амаль да кіпення ў Мексіканскай затоцы, ён падымаецца на поўнач, да амерыканскага ўзбярэжжа, даходзіць да Ньюфаўндленда, змяняе кірунак пад ціскам халоднага цячэння Дэвісавай пратокі і зноў цячэ да акіяна па вялікай акружыне; каля сорак трэцяй паралелі Гальфштрэм падзяляецца на два рукавы, з якіх адзін пры дапамозе паўночна-ўсходняга пасата вяртаецца да Біскайскай затокі і Азорскіх астравоў, другі-ж, сагрэўшы берагі Ірландыі і Нарвегіі, ідзе далей Шпіцбергена, дзе тэмпература ахалоджваецца да чатырох градусаў і стварае вольнае мора паўночнага полюса.

Па выхадзе з Багамскага канала Гальфштрэм, маючы чатырнаццаць лье ў шырыню і трыста пяцьдзесят метраў глыбіні, цячэ з хуткасцю васьмі кіламетраў у гадзіну. Гэтая хуткасць паступова змяншаецца па меры набліжэння да поўначы. І трэба пажадаць, каб гэтая паступовасць зніжэння хуткасці засталася і надалей, бо калі хуткасць і кірунак цячэння зменіцца, то еўрапейскаму клімату пагражаюць такія змены, вынікі якіх цяжка сабе ўявіць.