Выбрать главу

Па гэтай рацэ ў акіяне і плыў «Наўтылус».

А поўдні мы з Канселем стаялі на палубе. Я расказваў яму аб некаторых уласцівасцях Гальфштрэма. Скончыўшы тлумачэнне, я прапанаваў яму апусціць руку ў цячэнне.

Кансель паслухаўся і быў вельмі здзіўлены, не адчуўшы ні цеплыні ні холаду.

— Гэта таму, — сказаў я яму, — што тэмпература вады Гальфштрэма, пры выхадзе з Мексіканскай затокі, мала адрозніваецца ад тэмпературы чалавечага цела. Гальфштрэм — гэта велізарная крыніца цяпла, дзякуючы якой берагі Еўропы пакрыты вечназялёнымі раслінамі. Па вылічэннях Моры, цеплынёвая энергія, якую аддае прырода на награванне вады Гальфштрэма, магла-б падтрымліваць у расплаўленым стане цэлую раку з жалеза, велічынёй як Амазонка або Місуры.

У гэтым месцы хуткасць Гальфштрэма дасягала двух метраў з чвэрткай у секунду. Цячэнне рэзка адрознівалася ад акаляючага мора. Яго цёмныя, багатыя солямі воды выразна вылучаліся сваім чыстым сінім колерам на фоне зялёных марскіх хваляў. Дэмаркацыйная лінія між імі была настолькі выразнай, што недалёка ад Каралінскіх астравоў быў момант, калі можна было заўважыць, як нос «Наўтылуса» рассякае ўжо воды Гальфштрэма, тады, як вінт пеніць яшчэ акіянскія хвалі.

Гальфштрэм цягнуў за сабой цэлы свет жывых істот. Арганаўты, якія водзяцца ў Міжземным моры, вандравалі тут незлічонымі зграямі. З храшчовых самымі значнымі былі скаты, у якіх хвасты складалі амаль трэць усяго цела; яны мелі форму вялізных косавугольнікаў, футаў дваццаць пяць даўжынёй. Потым мы бачылі маленькіх акул у метр велічынёю, з вялікай галавой і кароткай круглай мордай, з шматлікімі радамі вострых зубоў; цела іх, здавалася, было пакрыта лускай.

Сярод касцістых рыб я адзначыў губанаў, якія водзяцца звычайна ў гэтых, марах; споргаў; паласатых змеегаловаў даўжынёй адзін метр, з целам, нібыта размаляваным палосамі, якія цягнуцца ў выглядзе кропак і плям і на плаўніках; залатую макрэль прыгожага залацістага колеру з сіняватым адценнем; палтусаў, або флетан, з вачыма на правым баку; ромбаў, якія належаць да таго-ж сямейства, што і палтусы, але з вачыма і шырокім ротам ужо на левым баку; мноства дробных бекасавых рыб з трубчатым лычам, афарбаваных у бледна-чырвоны колер на спіне і ў срабрысты на жываце; розных прадстаўнікоў сямейства сёмгі і г. д.

Уначы фасфарасцэнцыя вод Гальфштрэма спаборнічала з электрычным святлом нашага пражэктара. Асаблівай яркасці гэтае свячэнне дасягала напярэдадні навальніцы.

Восьмага траўня мы былі яшчэ на траверзе мыса Гатэраса, на шыраце Паўночнай Караліны. Шырыня Гальфштрэма мае тут семдзесят пяць міль, а глыбіня — дзвесце метраў. «Наўтылус» па-ранейшаму ішоў абы куды. Усе перасцярогі, здавалася, былі пакінуты. Пры гэтых умовах уцяканне здавалася нам зусім магчымым. І сапраўды: заселеныя берагі ўсюды забяспечвалі прытулак; па моры хадзіла шмат параходаў, якія курсіравалі паміж Бостанам і Нью-Ёркам або Мексіканскай затокай; дзень і ноч плылі маленькія нагружаныя шхуны, дастаўляўшыя груз у розныя пункты амерыканскага берагу. Мы маглі спадзявацца, што нас падбяруць. Наогул гэта быў той самы доўгачаканы «зручны выпадак», не гледзячы на тое, што ад берагоў Злучаных штатаў нас аддзялялі цэлых трыста міль.

Але адна прыкрая акалічнасць перашкаджала ажыццяўленню планаў канадца: было дужа дрэннае надвор’е. Мы набліжаліся да месцаў, дзе заўсёды бушуюць навальніцы, — тут была сапраўдная радзіма смерчаў і цыклонаў, якіх выклікае Гальфштрэм. Пусціцца ў дарогу на крохкай шлюпцы ў буру — значыла ісці на верную гібель. Нэд Лэнд разумеў гэта і, скрыгаючы зубамі ад бяссільнай злосці, адкладаў уцёкі з аднаго дня на другі, ён нарэшце захварэў страшэнным сумам па радзіме, і толькі вызваленне магло яго вылечыць.

— Спадар прафесар, — гаварыў ён мне. — Трэба пакончыць з гэтым! Ваш Нэма аддаляецца ад заселеных зямель і ідзе на поўнач. Але я ўжо казаў вам, што з мяне хопіць паўднёвага полюса, мне няма чаго рабіць на паўночным.

— Што-ж рабіць, Нэд, калі ўцяканне ў гэты момант немагчыма?

— Я вяртаюся да сваёй прапановы. Трэба пагаварыць з капітанам. Вы маўчалі, калі мы плылі ўздоўж берагоў вашай радзімы. Цяпер мы плывём ля берагоў маёй, — і я не магу маўчаць! Калі я думаю, што праз некалькі дзён «Наўтылус» будзе каля Новай Шатландыі і што там ля Ньюфаўндленда ёсць шырокая бухта, што ў гэтую бухту ўпадае рака святога Лаўрэнція, і што рака святога Лаўрэнція — мая родная рака, рака горада Квэбека, майго роднага горада, — калі я ўспамінаю ўсё гэта, я трасуся ад шаленства! спадар прафесар, я не магу болей, я кінуся ў мора! Я не застануся тут. Я задушуся!