Выбрать главу

Канадзец, відаць, страціў апошнія рэшткі цярпення. Яго дужая натура не магла прымірыцца з гэтым бясконцым замкненнем. Яго твар з кожным днём рабіўся ўсё больш суровым. Я добра разумеў яго пакуты, бо сам захварэў сумам па радзіме.

Мінула ўжо сем месяцаў, як мы згубілі ўсякую сувязь з зямлёй. Ды апрача таго замкнёнасць капітана Нэма, другі настрой пасля бойкі са спрутамі, яго маўклівасць — усё гэта прымушала бачыць рэчы ў другім святле. Я не адчуваў больш энтузіязма першых дзён. Трэба было быць фламандцам, як Кансель, каб згаджацца з гэтым жыццём, зусім адпаведным для кітоў і іншых насельнікаў мора, але не для людзей. Сапраўды-ж, каб гэты добры дзяцюк меў жабры замест лёгкіх, ён быў-бы вельмі паважанай рыбай.

— Дык як-жа, спадар прафесар? — запытаўся Нэд Лэнд, бачачы, што я не адказваю яму.

— Значыцца, Нэд Лэнд, вы хочаце, каб я даведаўся ў капітана Нэма, якія ў яго планы наконт нас?

— Так, прафесар.

— І вы настойваеце, не гледзячы на тое, што адзін раз ён ужо выказаў іх?

— Так. Я хачу высветліць усё ў апошні раз. Кажыце пра мяне, толькі пра мяне аднаго, калі хочаце.

— Але я амаль не бачу яго. Ён уцякае ад мяне.

— Тым больш падстаў яго ўбачыць!

— Добра, я запытаюся, Нэд.

— Калі? — настойваў канадзец.

— Калі яго сустрэну.

— Спадар Аранакс, хочаце, я сам пайду знайду капітана?

— Не, не, пакіньце гэта мне. Заўтра…

— Сёння, — сказаў Нэд Лэнд.

— Добра. Я ўбачу яго сёння, — адказаў я канадцу, баючыся, што ён сапсуе ўсю справу, калі возьмецца за яе сам.

Я застаўся адзін. Паабяцаўшы высветліць усё, я рашыў зрабіць гэта безадкладна. Я заўсёды лічыў за лепшае прыкрую сапраўднасць, чымся нудную невядомасць.

Я вярнуўся ў свой пакой. За сцяной пачуліся крокі капітана Нэма. Нельга было прапускаць такі добры выпадак. Я пастукаў у яго дзверы. Ніякага адказу. Я зноў пастукаў, потым пакруціў ручку дзвярэй. Дзверы расчыніліся.

Я ўвайшоў. Капітан быў у сваім пакоі. Сагнуўшыся над сваім рабочым сталом, ён нешта пісаў. Ён не пачуў маіх крокаў. Парашыўшы не выходзіць, не пагаварыўшы з ім, я падышоў да яго. Ён рэзкім рухам падняў галаву, насупіў бровы і запытаўся ў мяне даволі груба:

— Вы тут? Што вам ад мяне трэба?

— Гаварыць з вамі, капітан.

— Але я заняты, васпане, я працую. Я пакінуў вам поўнае права быць адным, — ці думаеце вы, што я пазбаўлены гэтага права?

Гэты прыём даваў мала надзей на паспяховы вынік перагавораў. Але ўсё-ж я рашыў давесці справу да канца.

— Спадар, — сказаў я холадна, — я павінен гаварыць з вамі аб безадкладнай справе.

— Аб якой-жа, прафесар? — запытаўся ён насмешліва. — Вам пашчасціла зрабіць якую-небудзь вынаходку, якой не заўважыў я? Мора расказала вам якую-небудзь новую тайну?

Перш чым я паспеў адказаць, ён паказаў мне на аркушы рукапіса, якія ляжалі ў яго на стале, і дадаў больш сур’ёзным тонам:

— Вось, спадар Аранакс, рукапіс, напісаны на некалькіх мовах. Ён змяшчае ў сабе вынікі маіх навуковых доследаў у моры, і я спадзяюся, што ён не загіне разам са мной. Гэты рукапіс, падпісаны маім імем і папоўнены гісторыяй майго жыцця, будзе паложаны ў маленькі плывучы апарат. Апошні, хто застанецца ў жывых на «Наўтылусе», кіне апарат у мора, і хвалі панясуць яго.

Імя гэтага чалавека! Яго гісторыя, напісаная ім самім! Значыцца, тайна яго калі-небудзь будзе адкрыта?

Але пакуль што ў гэтым паведамленні я ўбачыў магчымасць перайсці да патрэбнай мне тэмы.

— Капітан, — сказаў я, — я магу толькі адобрыць ідэю, якую вы збіраецеся ажыццявіць. Было-б вар’яцтвам, каб вынікі вашай працы загінулі. Але спосаб, вынайдзены вамі, здаецца мне занадта прымітыўным. Хто ведае, куды вецер занясе гэтую прыладу і ў якія рукі яна трапіць? Ці нельга прыдумаць што-небудзь больш пэўнае? Можа вы самі або адзін з вашых таварышаў…

— Ніколі, спадар! — жвава спыніў мяне капітан.

— У такім разе я і мае спадарожнікі, мы гатовы хаваць гэты рукапіс, і калі вы вернеце нам волю…

— Волю? — сказаў капітан Нэма, падымаючыся.

— Так, капітан, гэта тое, аб чым я хацеў гаварыць з вамі. Вось ужо сем месяцаў, як мы знаходзімся на вашым караблі, і я хачу запытаць вас сёння ад свайго імя і ад імя сваіх таварышаў, ці маеце вы намер трымаць нас тут усё жыццё?

— Спадар Аранакс, я адкажу вам тое-ж, што адказаў сем месяцаў назад: хто трапіў на «Наўтылус», той ніколі больш яго не пакіне!