Выбрать главу

«Наўтылус» плыў сярод адломкаў крушэнняў, нібы робячы смотр мерцвякам.

Пятнаццатага траўня мы знаходзіліся на паўднёвым канцы Ньюфаўндлендскай мяліны. Мяліну гэтую зрабілі марскія наносы. Гэта значнае згрупаванне ўсялякіх арганічных матэрыялаў, занесеных сюды або з экватара Гальфштрэмам, або з паўночнага полюса супрацьлеглым халодным цячэннем, якое абгінае амерыканскі бераг. Тут сабралася таксама страшэнная груда рыб і касцей, рэштак малюскаў і зоафітаў, якія мільярдамі гінуць тут.

На Ньюфаўндлендскай мяліне глыбіня мора зусім нязначная: некалькі соцень футаў, — не больш. Але на поўдні раптам пачынаецца глыбокая нізіна — правалле ў тры тысячы метраў. Тут Гальфштрэм пашыраецца. Ён разліваецца тут у цэлае мора, але не губляе пры гэтым сваю хуткасць і тэмпературу.

Сярод рыб, якіх «Наўтылус» пужаў сваім набліжэннем, я разгледзеў круглапёраў, паўметра велічынёю, з чарнаватай спіной і аранжавым брухам, — яны з’яўляюцца прыкладам выключнай супружнай вернасці; даўгіх смарагдавых мурэн, вельмі прыемных на смак; каркасаў з вялікімі вачыма, галава якіх мае некаторае падабенства з сабачай; бычкоў і губанаў. Але часцей за ўсё нам сустракалася траска, якую мы знайшлі ў яе ўлюбёным месцы, — на невычарпальных мялінах Ньюфаўндленда.

Можна смела сказаць, што траска — гэта горная рыба, бо Ньюфаўндленд не што іншае, як падводная гара. Калі «Наўтылус» пракладваў сабе дарогу сярод шчыльных фаланг траскі, Кансель не мог стрымацца ад крыку здзіўлення.

— Як, і гэта траска! А я быў упэўнены, што траска такая-ж плоская, як камбала.

— Што за глупства! Траска бывае плоскай толькі ў рыбных крамах, куды яна трапляе ўжо выпатрашанай. У моры гэта такая-ж верацёнападобная рыба, як галаўль, і добра прыстасаваная да плавання!

— Гаспадару лепш ведаць, — адказаў Кансель. — Але якая тут процьма рыбы, сапраўдны мурашнік!

— Яе было-б куды больш, каб не драпежніцкі лоў яе. Ці ведаеш ты, колькі ікрынак налічваюць у адной самкі?

— Дапусцім, што пяцьсот тысяч, — адказаў Кансель.

— Адзінаццаць мільёнаў, любы мой!

— Адзінаццаць мільёнаў? Ну, гэтаму я ніколі не паверу, пакуль не пералічу сам.

— Пералічы! Але я думаю, ты зберажэш час, калі паверыш мне. Не забывайся, што французы, англічане, амерыканцы, датчане, нарвежцы ловяць траску ў вялікай колькасці. Яе ўжываюць надзвычай многа, і каб не незвычайная ўласцівасць пладзіцца, ад гэтай рыбы даўно нічога не засталося-б. Так, у адной толькі Англіі і Амерыцы пяць тысяч суднаў і семдзесят пяць тысяч маракоў занятыя лоўляй траскі. Кожнае судна за сезон вылоўлівае ў сярэднім не менш сарака тысяч штук, што складае разам каля дваццаці мільёнаў. Ля берагоў Нарвегіі яе ловяць у такой-жа колькасці.

— Добра, — сказаў Кансель. — Я веру гаспадару і не буду лічыць іх.

— Што лічыць, Кансель?

— Адзінаццаць мільёнаў ікрынак. Але я павінен зрабіць адну заўвагу.

— Якую?

— А тое, што каб з кожнай ікрынкі вырасла рыба, даволі было-б двух пар траскі, каб накарміць усю Англію, Амерыку і Нарвегію.

У той час, як мы праходзілі над Ньюфаўндлендскімі мялінамі, ледзь не зарываючыся кілем у пясок, я паспеў добра разгледзець даўгія тонкія вяроўкі, маючыя дзвесце кручкоў, якіх кожная лодка налічвае тузінамі. Кожная вяроўка, прывязаная адным канцом да крука, трымалася на паверхні мора пры дапамозе буйка. «Наўтылусу» прыходзілася ўважліва манеўраваць сярод гэтых падводных сетак.

Аднак падводны карабель нядоўга заставаўся ў гэтых людных месцах. Ён падняўся да шыраты Ньюфаўндленда, дзе на востраве Сен-Джонс выходзіць амерыканскі канец трансатлантычнага кабеля.

Адсюль «Наўтылус», замест таго, каб працягваць свой шлях на поўнач, узяў кірунак на ўсход, нібы жадаючы даследваць тое плоскае ўзвышша, дзе ляжаў кабель, — рэльеф яго быў вядомы да малейшых дэталей, дзякуючы незлічоным вымярэнням.

Сямнаццатага траўня за пяцьсот міль ад Сен-Джонса, на двух тысячах васьмістах метрах глыбіні, я ўбачыў прасцёрты на пяску кабель. Кансель, якога я не паспеў папярэдзіць, прыняў яго за гіганцкую марскую змяю і нарыхтаваўся ўжо класіфікаваць па свайму метаду. Але я расчараваў добрага хлапца і, каб суцешыць яго, расказаў яму цэлы шэраг падрабязнасцей пра тое, як быў пракладзены гэты кабель.

Першы кабель быў пракладзены на працягу 1857 і 1858 гадоў. Але, перадаўшы чатырыста тэлеграм, ён раптам спыніў работу. У 1863 годзе інжынеры пабудавалі новы кабель, у тры тысячы чатырыста кіламетраў даўжыні; ён важыў чатыры тысячы пяцьсот тон, і для ўкладкі гэтага велізарнага грузу быў спецыяльна прыстасаваны параход «Great Eastern». Але і гэтая спроба не ўдалася.