— Гэтага я не ведаю. Так або інакш, але яно будзе пушчана на дно яшчэ да наступлення ночы. У кожным выпадку, лепш загінуць разам з ім, чым зрабіцца ўдзельнікам учынку, аб справядлівасці якога мы не можам судзіць.
— Таксама і я думаю, — сурова адказаў Нэд. — Пачакаем ночы.
Ноч надышла. Глыбокая маўклівасць панавала на караблі. Компас паказваў на тое, што «Наўтылус» не змяніў свайго кірунку. Я чуў мерныя ўдары яго вінта. Ён трымаўся на паверхні.
Мы рашылі ўцячы ў той момант, калі карабель наблізіцца да нас настолькі, каб нас маглі пачуць або хоць убачыць, — праз тры дні павінен быў наступіць поўнік, і месяц свяціў даволі ярка. Апынуўшыся на борце гэтага судна, мы калі і не здолеем папярэдзіць яго гібель, дык ў кожным разе паспрабуем зрабіць усё, што будзе можна. Многа разоў мне здавалася, што «Наўтылус» рыхтуецца пачаць бой; але, дазволіўшы свайму супраціўніку наблізіцца на некаторую адлегласць, ён зноў павялічваў хуткасць і аддаляўся ад яго.
Частка ночы прайшла спакойна. Скупа перакідваючыся словамі, мы чакалі зручнага моманту. Мы былі вельмі ўсхваляваныя. Нэд Лэнд хацеў пусціцца плысці да карабля. Я прымушаў яго чакаць. Я быў упэўнены, што «Наўтылус» нападзе на свайго праследвальніка на паверхні мора, а ў гэтым выпадку ўцячы нам будзе не толькі магчыма, але і лёгка.
А трэцяй гадзіне раніцы, палаючы ад непакою, я зноў падняўся на палубу. Капітан Нэма быў там. Ён стаяў на носе. Чорны сцяг развяваўся над яго галавой. Ён не адрываў вачэй ад карабля. Яго напружаны зрок нібы прыцягваў праследвальніка, гіпнатызаваў яго, цягнуў яго за сабою, як буксірны канат.
Месяц праходзіў праз мерыдыян. На ўсходзе паказаўся Юпіцер. Усё было ціха навакол. Здавалася, што неба і акіян спаборнічалі адзін з адным у спакоі.
І калі я параўноўваў гэтае зацішша стыхій з нянавісцю, кіпеўшай у кожным кутку няўлоўнага «Наўтылуса», я адчуваў, як уздрыгвала ўся мая істота.
Карабель быў за дзве мілі ад нас. Ён набліжаўся, ідучы ўвесь час па слядах фасфарычнага святла, што вылучаў пражэктар «Наўтылуса». Я бачыў яго распазнавальныя агні, — зялёныя і чырвоныя, — і белы ліхтар, які вісеў на фок-мачце. Снапы іскраў вырываліся з яго труб, асвятляючы прастору, — як відаць, ён давёў ціск пары да вышэйшага пункта.
Я заставаўся на палубе да шасці гадзін раніцы. Капітан Нэма па-ранейшаму не заўважаў мяне. Ваенны карабель знаходзіўся ўсяго за паўтары мілі ад нас і з першым пробліскам світання аднавіў абстрэл.
Набліжаўся момант, калі «Наўтылус» павінен быў напасці на свайго супраціўніка, і, як толькі гэта здарыцца, я і мае таварышы пакінем назаўсёды гэтага чалавека, якога я не асмельваўся абвінавачваць.
Я збіраўся спусціцца ўніз, каб папярэдзіць Канселя і Нэда Лэнда; у гэты момант памочнік капітана і некалькі матросаў падняліся па палубу. Капітан Нэма не бачыў іх ці не хацеў іх бачыць. На «Наўтылусе» рыхтаваліся да бою. Рыхтаванні гэтыя былі вельмі простыя. Былі спушчаны поручы, абкружаўшыя палубу. Вышкі пражэктара і штурвальнай рубкі былі ўцягнуты ў сярэдзіну корпуса падводнай лодкі — яны ледзь выступалі цяпер над ім. Паверхня доўгай жалезнай цыгары не мела больш ніводнае пукатасці — нішто не перашкаджала ёй цяпер манеўраваць.
Я вярнуўся ў салон. «Наўтылус» заставаўся на паверхні, якая асвятлялася першымі ранішнімі праменнямі сонца.
Надышоў жудасны дзень 2 чэрвеня.
А пятай гадзіне лаг паказаў мне, што «Наўтылус» зменшыў сваю хуткасць. Я зразумеў, што ён хоча падпусціць фрэгат на блізкую адлегласць. Гарматныя стрэлы рабіліся ўсё больш гучнымі. Ядры пенілі ваду вакол нас, уразаючыся ў яе з нейкім рэзкім свістам.
— Сябры мае — сказаў я, — час прыйшоў! Паціснем адзін аднаму рукі, і няхай будзе, што будзе!
Нэд Лэнд быў поўны рашучасці, Кансель — спакойны, я ледзь стрымліваў ахапіўшае мяне хваляванне.
Мы прайшлі ў бібліятэку. У той момант, калі я штурхануў створку дзвярэй, якія вялі на галоўную лесвіцу, я пачуў, як раптоўна зачынілася крышка люка.
Канадзец кінуўся да прыступак, але я затрымаў яго. Добра знаёмае сіпенне сказала мне, што рэзервуары «Наўтылуса» папаўняюцца вадой. І сапраўды, праз некалькі хвілін «Наўтылус» апусціўся на некалькі метраў ніжэй паверхні мора.
Я зразумеў яго манеўр. Было надта позна, каб дзейнічаць. «Наўтылус» не збіраўся нападаць на фрэгат наверсе, дзе той быў абаронены непранікальным панцырам. Ён хацеў атакаваць яго пад вадой, ніжэй ватэр-лініі, там, дзе канчалася яго металёвая абшыўка.
Такім чынам, мы зноў палоннікі, ды яшчэ вымушаныя сведкі надыходзячай жудаснай драмы. Аднак, час быў неадпаведным для разважанняў. Схаваўшыся ў маім пакоі, мы моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Глыбокі жах апанаваў мяне. Я знаходзіўся ў тым напружаным становішчы, якое звычайна бывае перад якім-небудзь страшэнным узрушэннем. Я балюча чакаў выбуху, я прыслухоўваўся да кожнага шолаху, я ўвесь напружыўся.