Што за становішча! Нас страшэнна гойдала. «Наўтылус» абараняўся ад удараў хваль, да жывая істота. Яго сталёвыя мускулы трашчалі. Часамі карабель нібы станавіўся на дыбкі, і мы разам з ім!
— Трэба моцна трымацца за «Наўтылус», — сказаў Нэд. — Паспрабуем закруціць усе гайкі зноў. Калі мы не адарвёмся ад «Наўтылуса», магчыма мы яшчэ здолеем выратавацца.
Ён не паспеў скончыць, як раздаўся страшэнны трэск. Гайкі павыскоквалі, і лодка, вырваная з свайго гнязда, была выкінутая, як камень з прашчы, у самую сярэдзіну віра.
Мая галава ўдарылася аб жалезны борт, і ад моцнага штуршка я страціў прытомнасць.
Раздзел дваццаць трэці
Заключэнне
Вось і прыйшоў канец нашаму падводнаму вандраванню.
Што адбылося ў тую жахлівую ноч, калі лодку нашу вынесла з гібельнага віра, якім чынам Нэд Лэнд, Кансель і я выратаваліся з бяздоння, — гэтага я не магу расказаць. Але калі я ачуняў, то ляжаў у халупцы рыбака на Лафадэнскіх астравах. Абодва мае таварышы, цэлыя і непашкоджаныя, асталіся каля мяне і радасна паціскалі мне рукі. Мы шчыра абняліся.
У гэты час нам не было чаго і думаць аб звароце ў Францыю.
Зносіны паміж паўночнай і паўднёвай Нарвегіяй вельмі рэдкія. Я прымушаны быў чакаць парахода, які робіць рэйсы да Паўночнага мыса два разы ў месяц.
Тут, сярод гэтых простых, добрых людзей, знайшоўшых нас, я пераглядаю апавяданне аб сваіх прыгодах. Яно зусім праўдзівае. Ніводзін факт не прапушчаны. Ніводная дробязь не зменена. Гэта зусім праўдзівая гісторыя аб незвычайным падарожжы ў недасяжную для чалавека стыхію, дзе з часам чалавецтва і навука праложыць вольныя шляхі.
Ці дадуць мне веры? Не ведаю. Ды і ці не ўсё роўна? Як-бы ні было, а я магу сцвярджаць, што маю права гаварыць аб морах, у глыбіні, якіх я зрабіў восемдзесят тысяч кіламетраў меней як у дзесяць месяцаў, — аб гэтым падводным кругасветным падарожжы, якое паказала мне столькі цудаў у Ціхім акіяне, у Індыйскім, у Чырвоным і Міжземным марах, у Атлантычным, Паўночным і. Паўднёвым ледавітых акіянах.
Але які лёс «Наўтылуса»? Ці здолеў ён выратавацца з віру? Ці жывы яшчэ капітан Нэма? Ці працягвае ён сваю жудасную справу помсты, або задаволіўся гэтай апошняй гекатомбай? Ці прынясуць калі-небудзь хвалі яго рукапіс, дзе апісана ўся гісторыя яго жыцця? Ці даведаюся я імя гэтага чалавека? Па нацыянальнасці загінуўшага карабля ці даведаемся мы аб нацыянальнасці капітана Нэма?
Я спадзяюся на гэта. Я спадзяюся таксама, што яго дзівосны карабель перамог самы страшны вір і што «Наўтылус» уцалеў там, дзе загінула столькі караблёў!
Калі гэта так, калі капітан Нэма яшчэ плавае па акіяну, які замяніў яму радзіму, няхай нянавісць сціхне ў яго разлютаваным сэрцы. Ён бачыць столькі цудаў, няхай-жа сузіранне іх згасіць агонь помсты! Грозны суддзя павінен знікнуць і даць месца вучонаму, які мірна вывучае мора. Калі яго лёс незвычайны, то ён і ўзвышаны. Хіба я сам не перажыў гэтага? Я-ж пражыў дзесяць месяцаў гэтым надзвычайным жыццём. І цяпер на пытанне, настаўленае шэсць тысяч гадоў назад Эклезіястам: «Хто вымераў калі-небудзь глыбіню бяздоння?», два чалавекі з усіх людзей на зямлі маюць права адказаць: «Я!»
Гэта капітан Нэма і я.