Выбрать главу

Мне захацелася крыкнуць. Але што-б гэта дапамагло на такой адлегласці? Да гэтага-ж мае распухлыя губы не, маглі выдаць ніводнага гуку.

Кансель мог яшчэ крычаць, і я чуў, як ён паўтарае:

— Памажыце! Памажыце!

Спыніўшыся на секунду, мы прыслухаліся. Што гэта шум у вушах ад прыліву крыві да галавы, ці сапраўды даляцеў адказ?

— Ты чуў? — прашаптаў я.

— Але, але!

І Кансель зноў кінуў у прастор прызыўны кліч.

Цяпер — ніякага сумнення. Чалавечы голас адказаў на крык Канселя. Ці быў гэта голас якога-небудзь няшчаснага, загубленага ў бязмежным акіяне, яшчэ адной ахвяры штуршка, атрыманага караблём? А можа нас гукнулі з нябачнай у цемры шлюпкі?

Кансель зрабіў страшэннае напружанне, абапёрся на маё плячо, — мне прыйшлося для гэтага напружыць апошнія сілы — напалову высунуўся, але адразу-ж знясілены, упаў назад.

— Што ты ўбачыў?

— Я ўбачыў… — прашаптаў ён, — я ўбачыў… Але лепш, памаўчым, зберажом сілы…

Што-ж ён убачыў? Невядома чаму, але ў гэтую хвіліну мне ўпершыню прышла думка аб страшыдле…

Між тым Кансель прадаўжаў падпіхаць мяне наперад. Час ад часу ён узнімаў галаву і кагосьці клікаў. Яму зараз-жа адказаў голас, які ўсё больш набліжаўся да нас. Але я ўжо дрэнна чуў. Мае сілы вычарпаліся дарэшты, пальцы бязвольна растапырыліся; далонь больш не служыла пунктам апоры; сударгава расчынены рот напоўніла салёная вада; холад пранізаў мяне да касцей. Я ўзняў галаву ў апошні раз і пачаў тануць…

У гэтую секунду я наткнуўся на нейкае цвёрдае цела. Я ўчапіўся за яго. Потым я адчуў, што мяне выцягваюць з вады, што грудзі мае павольна дыхаюць — і я страціў прытомнасць.

Відаць, я хутка апамятаўся, дзякуючы энергічнаму расціранню.

Я крыху расплюшчыў вочы.

— Кансель! — прашаптаў я.

— Гаспадар клікаў мяне? — адразу-ж азваўся Кансель.

У гэты міг пры святле апошніх праменняў месяца, што хаваўся за гарызонт, я ўбачыў твар, але не Канселя, а другі добра знаёмы мне.

— Нэд! — ускрыкнуў я.

— Ён самы, уласнаю персонаю, спадар прафесар. Як бачыце, ганяўся за сваёю прэміяй! — адказаў канадзец.

— Вас выкінула ў мора пры штуршку?

— Так, спадар прафесар, толькі мне больш пашчасціла, як вам, — я амаль адразу выбраўся на плывучы астравок.

— Астравок?

— Так. Або — каб быць дакладным — на вашага гіганцкага нарвала.

— Кажыце ясней, Нэд!

— І тут толькі, — прадаўжаў канадзец, — я зразумеў, чаму мой гарпун не мог прабіць яго скуры, а толькі слізгануў па ёй.

— Чаму, Нэд, чаму?

— А таму, спадар прафесар, што гэтая жывёла абшыта сталёвымі плітамі!

Тут я павінен спыніцца, каб сабрацца з думкамі, асвяжыць памяць і праверыць захаваныя з таго часу ўражанні.

Словы канадца зрабілі раптоўны пераварот у маіх думках. Я хутка ўстаў і выпрастаўся на спіне напалову пагружанай у ваду істоты, ці прадмета, на якім мы знайшлі прытулак.

Пастукаўшы па ім нагою, я пераканаўся, што спіна была непранікальнай і цвёрдай, а не пруткай і мяккай, якім бывае цела буйных сысуновых.

Але гэта магло быць касцістым чэрапам, падобным да чарапоў дапатопных жывёл. Тады мне прыйшлося-б аднесці страшыдла да разраду земнаводных гадаў, як чарапахі і алігатары.

Але не. Чорная спіна, на якой я стаяў, была гладкаю і паліраванаю, а не лускатай. Пры ўдары яна давала металічны гук, і як гэта ні здавалася дзіўным, але яна стварала ўражанне склёпанай з сталёвых лістоў. Нельга было сумнявацца. Жывёла, страшыдла, натуральны феномен, загадка якога ўсхвалявала ўвесь навуковы свет і ўзбудзіла маракоў абодвух паўшар’яў, аказалася — прыходзілася паверыць відавочнасці — яшчэ больш дзіўным феноменам, феноменам, створаным рукой чалавека!

Каб давялося мне адкрыць існаванне самай незвычайнай, самай міфічнай жывёлы, я не быў-бы больш і здзіўлены і ўсхваляваны. Няма нічога дзіўнага ў тым, што прырода творыць цуды. Але нечакана ўбачыць сваімі вачыма, што чалавек стварыў цудоўнае і немагчымае — ад гэтага можна страціць розум.

І тым менш сумнявацца нельга было. Мы знаходзіліся на паверхні своеасаблівага карабля, які меў форму, наколькі я мог судзіць, велізарнай сталёвай рыбы. Погляды Нэда Лэнда на гэты факт ужо цвёрда ўстанавіліся. Канселю і мне заставалася толькі далучыцца да яго.

— Але ў такім выпадку, — сказаў я, — гэты карабель павінен мець рухавік і розныя механізмы, а значыць і людзей для кіравання імі.

— Вядома, — адказаў гарпуншчык, — і тым не менш на працягу тых трох гадзін, якія я правёў на гэтым плывучым востраве, я не заўважыў ніякіх адзнакаў жыцця.