Выбрать главу

— Гэты карабель не рухаўся?

— Не, прафесар. Ён гойдаецца на грэбнях хваль, але не рухаецца з месца.

— Але-ж мы добра ведаем, што ён можа рухацца з вялікаю хуткасцю. А каб развіць гэтую хуткасць, патрэбна машына і механізм для кіравання машынай; таму я лічу… што мы выратаваныя.

— Гм! — прабурчэў недаверлівы Нэд Лэнд.

У гэты мамант, нібы ў пацверджанне маіх слоў, на карме гэтага дзіўнага карабля пачуўся нейкі клёкат, і ён рушыў з месца. Відаць, ён не прыводзіўся ў рух лопасцямі грэбнага вінта. Мы ледзь-ледзь паспелі ўчапіцца за выступаючае на яго носе сантыметраў на восем-дзесяць узвышэнне. На шчасце развітая караблём хуткасць не была празмернай.

Пакуль ён плыве па гарызанталі, — прабурчэў Нэд Лэнд, — я нічога не маю супроць. Але калі яму ўздумаецца нырнуць, я не дам і двух долараў за сваю скуру.

Канадзец мог-бы прапанаваць за яе нават і таго менш. Нам відаць, трэба было зараз-жа ўступіць у зносіны з людзьмі, што знаходзіліся ўнутры гэтага плывучага апарата, кім-бы яны ні былі.

Я пачаў шукаць на паверхні які-небудзь люк, адтуліну. Але рады заклёпак, шчыльна прыпаяных да краёў сталёвай абшыўкі, былі ўсе аднолькавыя.

Акрамя таго месяц зайшоў, і мы апынуліся ў паўнейшай цемры. Трэба было дачакацца золаку, каб паспрабаваць пранікнуць унутр гэтага падводнага карабля.

Такім чынам, наша жыццё цалкам залежала ад капрызу таямнічных рулявых, накіроўваўшых гэты карабель. Калі яны надумаюцца апусціцца ў ваду, мы загінулі. Калі-ж гэтага не здарыцца, я не сумняваўся, што нам удасца ўвайсці ў зносіны з імі. І сапраўды, калі толькі яны самі не здабывалі сабе кісларод, час ад часу яны павінны былі выходзіць на паверхню акіяна для аднаўлення запасу паветра. А адсюль вынікала, што павінна была існаваць нейкая шчыліна, праз якую паветра ўнутры карабля аднаўлялася.

Ад надзеі быць выратаваным капітанам Фарагутам прышлося канчаткова адмовіцца. Мы ішлі на захад з умеранаю хуткасцю дванаццаць міль у гадзіну. Лопасці вінта рэгулярна білі ваду, часамі выкідаючы высока ў паветра фантаны фасфарысцыруючых пырскаў.

Каля чатырох гадзін раніцы хуткасць руху ўзрасла. Нам стала цяжка ўтрымлівацца на паверхні карабля, асабліва, калі нас залівалі хвалі. На шчасце Нэд намацаў рукою шырокае кальцо, прымацаванае да вышкі, і нам удалося ўсім учапіцца за яго.

Нарэшце гэтая бясконцая ноч мінула. Я не магу зараз аднавіць у памяці ўсе свае перажыванні, але адна падрабязнасць востра ўрэзалася ў памяць: часамі, калі шум ветру і песні хваль сціхалі, мне здавалася, што чую гукі якойсьці музыкі, беглыя акорды, урыўкі мелодыі.

Якую тайну хаваў гэты падводны карабель? Якія дзіўныя істоты жылі ў ім? Які рухавік перамяшчаецца з такою велізарнаю хуткасцю?

Развіднела. Ранішні туман ахутаў нас. Але і ён хутка рассеяўся. Толькі я хацеў распачаць падрабязны агляд выступаўшай з вады часткі падводнага судна, як раптам яно павольна пачало апускацца.

— Гэй, вы, чэрці! — закрычаў Нэд Лэнд, з усёй сілы стукаючы нагамі па гулкаму металу. — Ды пусціце-ж нас!..

Але голас яго губляўся сярод аглушальнага шуму, які ішоў ад руху вінта. На шчасце карабель перастаў апускацца.

Раптам стук адчыняемых завалаў данёсся знутры судна. Адчынілася крышка люка, і з яго выглянуў чалавек. Ён крыкнуў штосьці і адразу-ж знік.

Праз некалькі хвілін з люка вышлі восем здаравенных хлопцаў. Яны моўчкі павялі нас унутр таямнічага карабля.

Раздзел восьмы

«Рухомы ў рухомым»

Гэтая аперацыя была зроблена з такою маланкаваю шпаркасцю, што ні я, ні мае таварышы не паспелі абмяняцца нават словам. Не ведаю, што яны адчулі, калі іх уцягвалі ў гэтую плывучую турму, але ў мяне пры гэтым мароз пракаціўся па целе. З кім мы мелі справу? Бясспрэчна, з нейкімі піратамі навейшай фармацыі.

Як толькі вузкая крышка люка зачынілася за намі, мы апынуліся ў паўнейшай цемнаце. Мае вочы пасля яркага святла нічога не маглі разглядзець навакол. Я адчуў пад сваімі ступнямі жалезную лесвічку. Нэд Лэнд і Кансель, таксама пад моцнаю вартай, следвалі за мною.

У канцы лесвіцы былі дзверы. Яны адчыніліся і зараз-жа звонка зачыніліся за намі.

Мы былі адны. Дзе? Гэтага я не мог сказаць і нават не мог уявіць сабе. Навакол было цёмна, да таго цёмна, што нават пасля доўгага прабывання ў цемры мае вочы не ўлавілі ні пробліску святла, якое бывае нават у самыя цёмныя ночы.

Тым часам Нэд Лэнд, узлаваны такімі грубымі адносінамі, даў волю свайму абурэнню.

— Тысяча чарцей! — закрычаў ён. — Вось гэта людзі не лепшыя па гасціннасці за самых дзікіх каледонскіх дзікуноў! Нехапае толькі цяпер, каб яны аказаліся людаедамі! Мяне гэта ніколькі не здзівіць, але я загадзя заяўляю, што добраахвотна на з’ядзенне не дамся!