Тады ў вучоных колах, у навуковых журналах разгарэліся бясконцыя спрэчкі паміж тымі хто верыў і няверыў. Пытанне аб «страшыдле» займала ўсіх. Патокі чарніла былі разліты ў часе гэтых памятных спрэчак.
На працягу шасці месяцаў барацьба ішла з пераменным поспехам. Бульварны друк падняў на смех артыкулы ў «Бюлетэні Бразіліянскага геаграфічнага інстытута», у «Аналах Берлінскай акадэміі навук», у журнале Смітаўскага інстытута ў Вашынгтоне, здзекваўся з дыскусіі паважаных «The Indian Archipelago» і «Mittheilungen» Петэрмана, з нататак у хроніках лепшых навуковых журналаў Еўропы. Дасціпныя журналісты, скажаючы вядомы сказ Лінея[5] прыведзены кімсьці з супрацоўнікаў «страшыдлы» — «Прырода не стварае дурняў» — угаворвалі вучоных не крыўдзіць прыроду, прыпісваючы ёй стварэнне такіх бескарысных гігантаў, якія могуць існаваць толькі ва ўяўленні п’яных маракоў. Нарэшце папулярны сатырычны журнал пяром вядомага пісьменніка атакаваў «страшыдла» з такім непаўторным гумарам, што пад агульны смех абаронцы яго прымушаны былі адступіць. Так дасціпнасць перамагла навуку.
У першыя месяцы 1867 года пытанне аб «страшыдле» здавалася назаўсёды пахаваным. Але тут новыя факты дайшлі да ведама чытацкай публікі. Справа ўжо ішла не аб адцягненай навуковай праблеме, а аб барацьбе з сур’ёзнаю і зусім рэальнаю небяспекай. Пытанне паўстала ў новым асвятленні. «Страшыдла» зноў зрабілася астраўком, скалою, рыфам, але рухаючымся рыфам, няўлоўным, загадкавым.
Ноччу напярэдадні 5 сакавіка 1867 года параход «Маравія», які належаў «Montreal Ocean Company» пад 27°30´ шыраты і 72°15´ даўгаты напароўся на скалу, не адзначаную ні на якіх картах. «Маравія», дзякуючы папутнаму ветру і чатырохсотсільнай машыне, ішла з хуткасцю трынаццаць вузлоў[6]. Каб корпус судна не быў такім моцным, пры такой хуткасці дно адразу затанула-б ад штуршка, цягнучы на дно сваіх дзвесце трыццаць сем чалавек пасажыраў і каманды.
Сутычка адбылася ў пяць гадзін раніцы. Занімалася толькі што на дзень. Вахценныя афіцэры кінуліся да бартоў. Яны агледзелі паверхню акіяна з вялізарнейшай увагай, але не заўважылі нічога падазронага, калі не лічыць вялікай хвалі, узнятай нібыта магутным грэбным вінтом у трох кабельтовах[7] адлегласці. Адзначыўшы дакладныя каардынаты мясцовасці, «Маравія» прадаўжала свой шлях. Знадворных адзнак аварыі не было выяўлена, і камандны склад парахода дарэмна ламаў сабе голаў над пытаннем, ці наткнуліся яны па падводны рыф, ці на якое-небудзь затануўшае судна. Пасля прыходу ў порт, у сухім доку было ўстаноўлена, што частка кіля «Маравіі» разбіта.
Гэтае дзіўнае здарэнне, мабыць, хутка было-б забыта, як і многа іншых, каб праз тры тыдні яно не паўтарылася ў такіх-жа ўмовах. Толькі на гэты раз, дзякуючы таму, што ў даным выпадку пацярпеўшае судна належала сусветна вядомаму параходнаму таварыству, выпадак стаў шырока вядомы і выклікаў водгукі ўсяго свету.
Мусіць, усім вядома імя англійскага судаўласніка Кюнарда, чые параходы першымі пачалі падтрымліваць рэгулярныя зносіны паміж Еўропай і Амерыкай. За дваццаць сем гадоў існавання параходства судны «Cunard Line» перасеклі Атлантычны акіян, больш як дзве тысячы разоў, ні разу за ўвесь час не спазніўшыся, ні разу не адмяніўшы рэйсаў, ні разу не згубіўшы пісьма з даверанай ім пошты. Аўтарытэт кюнардаўскага параходства быў настолькі моцны, што яно зусім не баялася канкурэнцыі. Тым больш разышліся чуткі пра здарэнне з адным з лепшых параходаў кампаніі.
13 красавіка 1867 года, пры зусім гладкім моры і лёгкім ветрыку, «Шатландыя» была пад 15°12´ шыраты і 45°37´ даўгаты. Тысячасільная машына давала параходу хуткасць трынаццаць вузлоў і сорак тры сотых.
Колы «Шатландыі» рассякалі воды размерана, як гадзіннікавы маятнік.
У 4 гадзіны 17 хвілін, у той час, калі пасажыры пілі чай у вялікім зале, «Шатландыя» злёгку ўздрыганулася ад ледзь прыкметнага ўдару ў правы борт, крыху ззаду ад кола.
Удар быў да таго слабым, што ніхто на палубе не звярнуў-бы на яго ўвагі, каб з трума не данесліся крыкі:
— Мы топімся! Мы топімся!
Пасажыры, натуральна, перапалохаліся. Але капітан Андэрсан паспяшаўся супакоіць іх. Сапраўды, адна прабоіна не магла пагражаць небяспекаю «Шатландыі», падзеленай непрапускаючымі вады перагародкамі на сем адсекаў.