Выбрать главу

Абодва незнаёмцы насілі шапачкі са скуры выдры, высокія марскія боты з цюленевай скуры і былі адзеты ў касцюмы з нейкай невядомай мне тканіны, зручныя, не сціскаючыя рухаў цела і прыгожыя.

Больш высокі — як відаць, начальнік — паглядзеў на нас з найвялікшаю ўвагаю, але не прамовіў ні слова. Звярнуўшыся потым да свайго таварыша, ён загаварыў на невядомай мне мове. Гэта была мілагучная, гнуткая, пявучая мова, багатая галоснымі гукамі, з скачучымі націскамі.

Той у адказ кіўнуў галавой і ў сваю чаргу прамовіў два-тры такія-ж незразумелыя словы.

Потым погляд начальніка накіраваўся на мяне, нібы нешта пытаючы.

Я адказаў на чыстай французскай мове, што не разумею яго пытання. Але ён, відаць, не зразумеў мяне. Становішча рабілася няёмкім.

— Раю гаспадару расказаць нашу гісторыю, можа яны ўсё-такі зразумеюць з яе хоць што-небудзь.

Я паслухаўся парады Канселя і расказаў нашу гісторыю, выразна вымаўляючы кожнае слова, не мінаючы ніводнай дробязі. Я пералічыў нашы імёны і стан і ў канцы, захоўваючы ўсе правілы этыкета, прадставіў незнаёмцам прафесара Аранакса, яго слугу Канселя і заслужанага гарпуншчыка Нэда Лэнда.

Чалавек з задуменнымі і добрымі вачыма слухаў мяне далікатна і ўважліва. Але ніводзін мускул не ўздрыгануўся на яго твары, нішто не сведчыла пра тое, што ён зразумеў хоць адно з маіх слоў.

Заставалася яшчэ адна магчымасць дагаварыцца па-англійску. Можа гэтая мова — амаль міжнародная — будзе больш зразуметай. Я ведаў англійскую, таксама як і нямецкую, даволі добра, каб чытаць без слоўніка, але не настолькі, каб вольна гаварыць. А тут трэба было гаварыць як найлепей.

— Цяпер ваша чарга, — сказаў я гарпуншчыку. — Пачынайце, Нэд! Дастаньце з торбы вашу самую дасканалую англійскую мову і пастарайцеся дабіцца лепшых вынікаў, чым я!

Нэд зараз-жа паўтарыў па-англійску маё апавяданне. Вярней, ён перадаў сутнасць яго, але зусім змяніў форму. Канадзец гаварыў з вялікім палам. Ён рэзка пратэставаў супроць гвалтоўнага затрымання, якое супярэчыць, казаў ён, чалавечым правам; пытаў, у сілу якога закона яго пасадзілі ў гэтую камеру, пагражаў судовым спагнаннем тым, хто пазбавіў яго волі, махаў рукамі, крычаў, і нарэшце выразным жэстам даў зразумець, што мы паміраем ад голаду.

Гэта была праўда, але мы на гэта амаль забыліся.

З вялікім здзіўленнем гарпуншчык пераканаўся, што і яго прамова таксама мала была зразумета, як і мая. Нашы наведвальнікі не міганулі і вокам. Відаць, яны ведалі мову Фарадэя[12] не больш, як мову Араго[13].

Збянтэжаны няўдачай, вычарпаўшы свае філалагічныя рэсурсы, я не ведаў, што рабіць далей, калі Кансель звярнуўся да мяне.

— Калі гаспадар дазволіць, я раскажу тое самае па-нямецку.

— Хіба ты гаворыш па-нямецку? — ускрыкнуў я.

— Як кожны фламандзец, калі гэта цікава ведаць гаспадару.

— Цікава, цікава. Кансель. Гавары хутчэй!

І Кансель зусім спакойна трэці раз паўтарыў апавяданне аб усіх нашых прыгодах. Але, не гледзячы на дасціпнасць зваротаў і майстэрскія прыёмы апавядальніка, нямецкая мова таксама не мела поспеху.

Нарэшце, прыпёрты да сцяны, я сабраў у памяці абрыўкі школьных успамінаў і пачаў тое-ж апавяданне па-лацінску.

Цыцэрон[14] пэўна заткнуў бы сабе вушы і выгнаў-бы мяне на кухню, каб пачуў маю мову, але ўсё-ж я давёў сваю прамову да канца.

Вынік быў таксама нездавальняючы.

Пасля няўдачы гэтай апошняй спробы незнаёмцы абмяняліся некалькімі словамі на сваёй незразумелай мове і выйшлі, не адказаўшы нам нават супакойваючым жэстам, які аднолькавы ва ўсіх краінах і ва ўсіх народаў.

Дзверы зачыніліся за імі.

— Гэта подласць! — закрычаў Нэд Лэнд, дваццаты раз ускіпаючы ад абурэння. — Як! З імі, з гэтымі прахвостамі, гавораць па-французску, па-англійску, па-нямецку, па-лацінску і ніводзін з іх ні словам не адказвае!

— Супакойцеся, Нэд, — сказаў я ўсхваляванаму гарпуншчыку. — Гневам справе не дапаможаш.

— Але вы разумееце, прафесар, — адказаў узнерваваны канадзец, — што мы тут падохнем ад голаду, у гэтай жалезнай клетцы!

— Ну, — з філасофскім спакоем сказаў Кансель, — яшчэ не так хутка.

— Прыяцелі мае, — сказаў я, — не трэба прыходзіць у роспач. Мы прайшлі ўжо праз горшыя пакуты. Будзьце ласкавы, не спяшайцеся ганіць капітана і каманду гэтага карабля. Мы паспеем яшчэ скласці сабе думку аб іх.

— Мая думка ўжо склалася канчаткова, — заявіў Нэд Лэнд. — Гэта злыдні!

вернуться

12

Фарадэй — выдатны англійскі фізік.

вернуться

13

Араго — вядомы французкі фізік і астраном.

вернуться

14

Цыцэрон — славуты рымскі прамоўца.