Выбрать главу

— Добра, але адкуль яны родам?

— З краіны злыдняў!

— Даражэнькі Нэд, гэтая краіна не зусім дакладна адзначана на геаграфічнай карце, таму, прызнаюся, мне цяжка вызначыць нацыянальнасць гэтых людзей. Можна толькі з упэўненасцю сказаць, што яны не англічане, не французы і не немцы. Аднак у мяне ўражанне, што начальнік і яго спадарожнік нарадзіліся ў краіне, якая ляжыць пад нізкімі градусамі шыраты — штосьці паўдзённае ёсць у іх выглядзе. Але расавыя асаблівасці ў іх не так яскрава выражаны, каб можна было з упэўненасцю сказаць, што яны — іспанцы, туркі, арабы, ці індусы. Мова іх мне зусім невядомая.

— Вось як дрэнна не ведаць усіх моў, — заўважыў Кансель. — Але лепш было-б, каб існавала адна міжнародная мова.

— Гэта ні да чаго не прывяло-б, — скаваў Нэд Лэнд. — Хіба вы не бачыце, што ў іх свая асобная мова, выдуманая для таго, каб даводзіць да шаленства сумленных людзей, якія просяць есці? Ва ўсіх краінах усяго света разумеюць, што азначае расчынены рот, ляскаючыя зубы, руханне сківіц. У Квебеку, у Парыжы, на Паумото, у антыподаў[15] — усюды гэты жэст азначае адно і тое-ж: я галодны, дайце мне есці!

— О, — спакойна адказаў Кансель, — ёсць такія някемлівыя людзі…

У гэты момант расчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў сцюард[16]. Ён прынёс нам вопратку — курткі і штаны, зробленыя з нейкай невядомай мне тканіны.

Я хутка апрануўся. Мае таварышы паследвалі гэтаму прыкладу.

Тым часам сцюард — нямы, а можа і глухі — паставіў на стол тры прыборы.

— Вось гэта іншая рэч! — сказаў Кансель. — Гэта прыемны пачатак.

— Паглядзім, — прабурчэў злапамятны гарпуншчык. — Уяўляю сабе, чым тут кормяць! Трэсковаю пячонкаю, акунёвым філе, і біштэксам з марскога сабакі?

— Мы хутка даведаемся пра гэта, — адказаў Кансель.

Накрытыя срэбнымі накрыўкамі блюды былі сіметрычна расстаўлены на скацерцы. Мы паселі за стол. Бясспрэчна, мы знаходзіліся сярод цывілізаваных людзей, і каб не электрычнае святло, можна было-б падумаць, што мы ў сталовай у якім-небудзь гатэлі Адэльфі ў Ліверпулі, або ў Гранд-гатэлі ў Парыжы.

Між іншым, трэба адзначыць, што хлеба і віна не было зусім. Вада была свежая, празрыстая, але гэта была толькі вада, што прыйшлося не да густу Нэду Лэнду.

У ліку паданых на абед страў я пазнаў па смаку некалькі адменна прыгатаваных рыбных блюд. Але затое пра астатнія я не мог-бы нават сказаць, да якога прыроднага царства — расліннага ці жывёльнага — яны належаць.

Абедзены сервіз быў беззаганна элегантны і прыгожы. На кожнай лыжцы, вілцы, талерцы, сарвэтцы і г. д. быў выгравіраваны наступны дэвіз:

Рухомы ў рухомым асяроддзі! Гэты дэвіз цалкам падыходзіў падводнаму караблю. Літара «Н», відаць, была, ініцыялам таямнічага падводнага капітана.

Нэд Лэнд і Кансель не турбавалі сябе разважаннямі. Яны прагна елі, і я неадкладна паследваў іх прыкладу. Цяпер я быў спакоен за наш лёс. Я не сумняваўся, што нашы гаспадары не будуць зводзіць нас голадам.

Але ўсё на гэтым свеце мінае, нават голад людзей, не еўшых на працягу пятнаццаці гадзін. Задаволіўшы голад мы адчулі непераможную цягу да сна. Гэта была натуральная рэакцыя на стому ад бясконца доўгай начной барацьбы са смерцю.

— Я цяпер з ахвотаю заснуў-бы, — сказаў Кансель.

— Я ўжо сплю, — адказаў Нэд Лэнд.

І абодва мае спадарожнікі выцягнуліся на разасланых на падлозе каюты цыноўках і мігам паснулі глыбокім сном.

Я не мог так лёгка аддацца сну. Надта многа думак было ў маіх мазгах, надта многа невырашальных праблем хвалявала мяне, надта многа вобразаў мільгала перада мною. І вочы мае доўга не заплюшчваліся ад сну. Дзе мы знаходзімся? Якая дзіўная сіла цягнула нас? Я адчуваў, вярней мне здавалася, што я адчуваю, нібы карабель пагружаецца ў глыбокія паддонныя пласты вады. Жахі праследвалі мяне. Перада мною мільгалі ў гэтых таямнічых глыбінях цэлыя царствы невядомых жывёл, чымсьці блізкіх гэтаму падводнаму караблю, такіх-жа велічэзных, такіх-жа рухавых, такіх-жа дужых, як і ён.

Але хутка вобразы зблеклі, мазгі ахапіў туман дрымоты, і я заснуў непрабудным сном.

Раздзел дзевяты

Нэд Лэнд абураны

Не ведаю колькі цягнуўся мой сон. Але, відаць, ён быў дужа доўгім, бо, прачнуўшыся, я адчуў сябе зусім свежым і адпачнуўшым.

Я прачнуўся першым. Мае таварышы яшчэ моцна спалі.

Узняўшыся з свайго даволі жорсткага ложа і адчуваючы, што мазгі адпачнулі і зноў набылі здольнасць дакладна і выразна працаваць, я перш за ўсё распачаў уважліва даследванне каюты.

вернуться

15

Антыподы — жыхары заемна процілеглых краін зямнога шара.

вернуться

16

Сцюард — слуга на караблі.