Выбрать главу

Нічога не змянілася ў ёй за час нашага сна. Турма засталася турмою, а зняволенне — зняволеннем. Толькі сцюард паспеў бясшумна прыбраць са стала. Нішто, такім чынам, не давала надзей на хуткія змены нашага лёсу, і я сур’ёзна пытаўся ў сябе самога, ці не прызначаны мы на вечнае зняволенне ў гэтай клетцы?

Гэта перспектыва паказалася мне тым больш жудаснай, што хоць мае мазгі і аслабаніліся ад учорашніх кашмараў, але нешта сціскала мае грудзі. Дыхаць стала цяжка. Душнае паветра перашкаджала нармальнай рабоце лёгкіх. Не гледзячы на тое, што каюта была прасторнаю, мы, відаць, паглынулі большую частку кісларода, які быў у яе паветры. Сапраўды, чалавек ужывае на дыханне ў гадзіну такую колькасць кісларода, якая змяшчаецца ў ста літрах паветра. І гэтае паветра, насычанае амаль роўнаю колькасцю вуглекіслаты, становіцца непрыгодным для дыхання.

Такім чынам, трэба было спешна аднавіць паветра ў нашай турме, а можа і ва ўсім падводным караблі.

Тут узнікла першае пытанне: што робіць у такім выпадку камандзір падводнага карабля? Ці атрымлівае ён кісларод хімічным шляхам, шляхам награвання берталетавай солі? У такім выпадку ён, пэўна, павінен падтрымліваць сувязь з сушаю, каб аднаўляць запасы гэтай солі. Або ён абыходзіцца тым, што сціскае паветра ў спецыяльных рэзервуарах і потым траціць яго па меры патрэбы? Магчыма што і так. Або проста, дзеля эканоміі, ён уздымаецца на паверхню кожныя дваццаць чатыры гадзіны па новы запас паветра? Але якім-бы з гэтых спосабаў ён ні карыстаўся, час ужо быў, па-мойму, ужыць яго зараз-жа!

Я павінен быў ужо дыхаць удвая хутчэй, каб атрымаць тую колькасць кісларода, якая неабходна для лёгкіх, як раптам у каюту ўварваўся струмень свежага паветра, якое пахла соллю. Гэта быў марскі вецер, асвяжаючы, насычаны ёдам. Я шырока раскрыў рот і прагна глытаў паветра. У тую-ж хвіліну стала заўважацца качка, праўда не дужа вялікая, але даволі адчувальная.

Падводны карабель, жалезнае страшыдла, відаць, узняўся, як кіт, на паверхню акіяна, каб падыхаць свежым паветрам. Спосаб вентыляцыі, прыняты на судне, быў такім чынам дакладна ўстаноўлены.

Надыхаўшыся досыць, я пачаў шукаць вачамі вентыляцыйную адтуліну «паветраправод», праз які дайшоў да нас жыватворчы газ, і лёгка знайшоў яго. Над дзвярыма знаходзілася шчыліна, праз якую ў каюту ўваходзіў струмень паветра.

Ледзь паспеў я зрабіць гэтае назіранне, як Нэд і Кансель, амаль адначасова, прачнуліся. Яны працерлі вочы, пацягнуліся і ўскочылі на ногі.

— Як спалася гаспадару? — спытаў Кансель са сваёй звычайнаю ўвагаю.

— Вельмі, добра, мой любы, — адказаў я — А вы, Нэд?

— Спаў, як забіты, спадар прафесар. Але што гэта? Мне здаецца, што тут пахне морам?

Я расказаў канадцу, што адбывалася ў час яго сна.

— Так, — сказаў ён, — цяпер робяцца зразумелымі тыя гукі, якія мы чулі, калі «нарвал» быў каля «Аўраама Лінкальна».

— Правільна, Нэд. Гэта ён «дыхаў».

— Ведаеце, прафесар, я ніяк не магу скеміць, якая цяпер гадзіна? Ці не час нам абедаць?

— Ці не час абедаць? Вы хочаце, мабыць, спытаць пра снеданне, Нэд, бо зусім зразумела, што мы праспалі і дзень і ноч!

— Не буду з вамі спрачацца, — адказаў Нэд Лэнд, — але я з шырокімі абдымкамі сустрэну сцюарда, што-б ён ні нёс, — снеданне ці вячэру.

— Асабліва, калі прынясе і тое і другое разам! — дадаў Кансель.

— Правільна, — сказаў канадзец. — Мы маем права і на тое і на другое, і з свайго боку, я быў-бы не супроць таго, каб ушанаваць і снеданне і абед разам.

— Што-ж, Нэд, пачакаем, — сказаў я. — Відаць, гэтыя людзі не збіраюцца нас замарыць голадам, інакш ім не было-б сэнсу прысылаць нам учора абед.

— А можа яны наадварот, хочуць адкарміць нас на ўбой? — супярэчыў Нэд.

— Не, Нэд, будзьце справядлівы! Вы-ж не думайце сапраўды, што мы трапілі ў лапы звыклых людаедаў!

— Адзін раз — гэта яшчэ не прывычка, — сур’ёзна адказаў канадзец. — Хто ведае, можа гэтыя людзі даўно не елі свежага мяса… А ў такім выпадку трое здаровых, добра складзеных і сытых людзей, як спадар прафесар, яго слуга і я…

— Пакіньце, Нэд! — перапыніў я гарпуншчыка. — Выкіньце з галавы гэтыя думкі. А галоўнае не надумайцеся так гаварыць з нашымі гаспадарамі — гэта толькі пагоршыць наша становішча!

— Як-бы там ні было, — сказаў Нэд Лэнд, — але я галодны, як сабака, а снедання або абеда нам усё яшчэ не прыносяць!

— Дарагі Нэд, нам трэба падпарадкавацца існуючаму тут распарадку. Я думаю, што нашы страўнікі значна спяшаюцца ў параўнанні з гадзіннікам кока[17].

— Што-ж, перасунем стрэлкі страўніка, і ўсё будзе ў парадку, — спакойна сказаў Кансель.

вернуться

17

Кок — карабельны кухар.