Выбрать главу

І калі толькі дзіўны капітан гэтага судна хавае нейкую тайну, што здавалася зусім магчымым, — ён не дазволіць нам вольна дзейнічаць на яго барту. Ці вызваліцца ён ад нас сілаю зараз-жа, ці закіне нас калі-небудзь на які-небудзь астравок — гэта было зусім невядома. Усе гэтыя меркаванні здаваліся мне вельмі праўдападобнымі, і трэба было быць Нэдам Лэндам, каб спадзявацца на заваяванне волі ў такіх умовах. Я разумеў, аднак, што чым больш Нэд Лэнд будзе разважаць, тым больш ён будзе раздражняцца. Я адчуваў ужо, што ў яго горле застралі праклёны, і я бачыў, што яго жэсты рабіліся ўсё больш пагражальнымі. Ён бегаў узад і ўперад, як дзікі звер па клетцы, і стукаў у сцены нагамі і кулакамі. Між тым час ішоў, голад сурова напамінаў пра сябе, а сцюард усё не з’яўляўся. Гэтая няўвага да пацярпеўшых крушэнне нічога добрага нам не абяцала. Нэда Лэнда мучылі спазмы голаду, і ён усё больш і больш лютаваў. Не гледзячы на яго абяцанне, я баяўся, што ён наробіць бяды, калі з’явіцца хто-небудзь з каманды.

На працягу наступных двух гадзін гнеў Нэд Лэнда ўвесь час нарастаў. Канадзец клікаў, крычаў, але дарэмна: жалезныя сцены былі глухімі.

Я не чуў аніякага шуму ў глыбіні гэтага судна, якое здавалася мёртвым. Яно стаяла на месцы, інакш мы адчувалі-б уздрыгі корпуса ад руху вінта. Пагружанае ў вадзяную прорву, яно больш не належала зямлі. Гэтая магільная ціша была жахлівай.

Я баяўся і думаць пра тое, колькі можа працягвацца наша зняволенне ў гэтай жалезнай клетцы.

Надзеі, якія ўзніклі былі ў мяне пасля сустрэчы з капітанам судна, паступова зніклі. Ласкавы погляд, адкрыты выраз твара, благародная постаць — усё сцерлася з маёй памяці. Я ўяўляў сабе гэтага загадковага чалавека такім, якім ён павінен быў быць — жорсткім і бязлітасным. Я ўявіў сабе яго, як стаячага вышэй чалавечнасці, недаступнага пачуццю літасці, непрымірымага ворага людзей, якім ён пакляўся ў вечнай нянавісці. Але няўжо-ж гэты чалавек дасць нам загінуць ад голаду ў цеснай турме, ва ўладзе страшных спакус, на якія нас штурхаў голад? Гэтая страшная думка цалкам завалодала маім розумам. Жах ахапіў мяне. Кансель заставаўся спакойным, Нэд распаляўся ўсё больш і больш.

У гэты момант пачуўся шум. Гукі крокаў адбіваліся ў металічных плітах. Заскрыпелі запоры. Дзверы адчыніліся, і з’явіўся сцюард.

Не паспеў я агледзецца як канадзец кінуўся на гэтага няшчаснага, паваліў яго на падлогу і схапіў за горла. Сцюард задыхаўся ў яго дужых руках.

Кансель кінуўся вырываць з рук гарпуншчыка яго напалову задушаную ахвяру, я рыхтаваўся далучыць да яго намаганняў свае, як раптам скамянеў на месцы ад слоў, вымаўленых па-фрацузску:

— Супакойцеся містэр Лэнд, і вы спадар прафесар! Выслухайце мяне, калі ласка!

Раздзел дзесяты

Чалавек прорвы

Гэта казаў капітан карабля.

Нэд Лэнд адразу ўскочыў. Сцюард, ледзь жывы, хістаючыся, выйшаў з каюты па знаку свайго гаспадара. І такая была ўлада капітана на судне, што чалавек гэты ніводным жэстам не выявіў пачуцця нянавісці, якое бясспрэчна павінен быў мець да канадца. Я і Кансель са здзіўленнем чакалі, развязкі гэтай сцэны.

Капітан, злажыўшы накрыж рукі на грудзях, разглядаў нас з глыбокаю ўвагаю. Можа ён не адважыўся гаварыць? Ці можа шкадаваў, што выказаўся па-французску? Гэта было магчыма.

Мінула некалькі секунд, і ніхто з нас не парушыў маўчання.

— Спадарства, — сказаў нарэшце капітан, — я аднолькава добра валодаю французскаю, англійскаю, нямецкаю і лацінскаю мовамі. Значыцца я мог-бы вам адказаць пры першай нашай сустрэчы. Але мне хацелася спачатку прыгледзецца да вас, падумаць пра вас. Усе вы па-рознаму расказалі мне пра сябе адно і тое-ж— гэта зусім пераканала мяне ў тым, што вы і ёсць тыя людзі, за якіх сябе выдаеце. Я цяпер ведаю, што выпадак мяне звёў са спадаром П’ерам Аранаксам, прафесарам прыродазнаўства Парыжскага музея, накіраваным за граніцу з навуковай місіяй, Канселем, яго слугой і канадцам Нэдам Лэндам, гарпуншчыкам з фрэгата «Аўраам Лінкальн», які ўваходзіць у склад ваеннага флота Паўночнаамерыканскіх Злучаных штатаў.

Я пакланіўся ў знак згоды. Капітан не зварачаўся да мяне з пытаннем, значыць і адказаў не патрабавалася. Гэты чалавек гаварыў па-французску зусім правільна, без ніякага акцэнту. Яго вымаўленне не мела ніякіх хібаў, словы дакладныя, лёгкасць мовы выключная. І не гледзячы на гэта, я не адчуваў у ім земляка.

Ён працягваў сваю прамову.

— Вядома, спадарства, вы думаеце, што я крыху спазніўся з сваім другім візітам. Але, даведаўшыся хто вы такія, я павінен быў абмеркаваць, што зрабіць з вамі. Я доўга хістаўся. Прыкрыя абставіны сутыкнулі вас са мною, — чалавекам, які парваў сувязь з усім чалавецтвам. Вы парушылі маю адзіноту…