Выбрать главу

— Мімаволі,—сказаў я.

— Мімаволі? — паўтарыў незнаёмы, узвышаючы голас. — Хіба «Аўраам Лінкальн» мімаволі паляваў на мяне па ўсіх морах? Хіба мімаволі вы згадзіліся плаваць на гэтым фрэгаце? І вашы ядры мімаволі трапілі ў корпус майго судна? А Лэнд, ён таксама мімаволі кінуў у мяне гарпуном?

Я адчуў у яго словах стрыманую злосць. Але на ўсе гэтыя папрокі ў мяне быў зусім слушны адказ.

— Судар, — сказаў я — вы, зразумела, не ведаеце тых спрэчак, якія вы выклікалі ў Амерыцы і Еўропе. Вы не ведаеце, што рад выпадкаў, выкліканых сутычкамі з вашым падводным суднам, ўсхвалявалі грамадскую думку на двух кантынентах. Я пазбаўляю вас ад пералічэння ўсіх незлічоных гіпотэз, якімі прабавалі рашыць гэтую загадку, ключ якой вядомы толькі вам. Але ведайце, што, праследуючы вас да самых далёкіх частак Ціхага акіяна, «Аўраам Лінкальн» быў упэўнены, што ганяўся за нейкім магутным марскім «страшыдлам», ад якога ён абавязкова павінен вызваліць моры.

Нешта накшталт ухмылкі прабегла па твары капітана. Ён працягваў больш спакойным тонам:

— Спадар Аранакс, ці адважыцеся вы сцвярджаць, што ваш фрэгат не пачаў-бы праследваць і абстрэльваць падводнае судна таксама, як і марское страшыдла?

Гэтае пытанне збянтэжыла мяне, бо сапраўды капітан Фарагут без разваг і хістанняў зрабіў-бы гэта. Ён лічыў-бы сваім абавязкам знішчыць падводнае судна таксама, як і гіганцкага нарвала. Я нічога не адказаў.

Капітан казаў далей:

— Значыцца, вы разумееце, што я маю права абыходзіцца з вамі, як з ворагамі?

Я зноў прамаўчаў, і зусім свядома. Навошта абгаварваць падобнае пытанне, калі сіла можа зруйнаваць вашы лепшыя довады?

— Я доўга хістаўся, — казаў тымчасам капітан. — Нішто не прымушала мяне быць гасцінным. Каб я хацеў пазбавіцца вас, мне не было ніякага сэнсу бачыцца з вамі яшчэ раз. Я мог выставіць вас назад на палубу гэтага судна, пагрузіцца ў мора і… забыцца, што вы некалі існавалі. Хіба гэта не было-б маім правам?

— Гэта было-б права дзікуна, але не культурнага чалавека, — адказаў я.

— Спадар прафесар, — жыва адказаў капітан, — я не ведаю, што вы называеце «правам культурнага чалавека». Я парваў з грамадствам з прычыны, аб значэнні якой я адзін маю права судзіць. Я не падпарадкуюся яго законам, і я прапаную вам ніколі не ўспамінаць мне пра іх.

Гэта было сказана вельмі рэзка. Вочы невядомага загарэліся гневам і пагардай. У гэты міг у мяне мільганула дагадка, што ў мінулым гэтага чалавека было затоена нешта страшнае. Нездарма-ж ён паставіў сябе вышэй законаў, перайшоў за межы, недаступныя для чалавецтва, стаў незалежным і вольным у самым шырокім сэнсе гэтага слова.

Хто-б адважыўся праследваць яго ў марской глыбіні, калі і на паверхні ён лёгка адбіваў кожны напад? Якое судна ўтрымаецца перад яго падводным маніторам? Якая броня будзе настолькі моцнай, каб вытрымаць удары яго страшэннага біўня? Ніхто ў свеце не можа патрабаваць у яго справаздачы ў яго дзеяннях.

Усё гэта хуценька пранеслася ў маіх мазгах у той час, калі гэты дзіўны чалавек хадзіў, пра нешта думаючы. Я разглядаў яго са змяшаным пачуццём цікавасці і жаху.

Пасля доўгага маўчання капітан зноў загаварыў:

— Так, я хістаўся, але я падумаў, што мае інтарэсы можна сумясціць з натуральным жалем, на які мае права кожная чалавечая істота. Вы застанецеся на маім судне, калі ўжо выпадак закінуў вас сюды. Вы будзеце вольнымі, і за гэтую волю, дарэчы вельмі адносную, я пастаўлю вам толькі адну ўмову. Ваша абяцанне падпарадкавацца ёй цалкам мяне задаволіць.

— Кажыце, капітан, — адказаў я. — Спадзяюся, што ваша ўмова такая, што сумленны чалавек можа прыняць яе?

— Бясспрэчна! Вось яна: магчыма, што некаторыя непрадбачаныя абставіны прымусяць мяне часам трымаць вас зачыненымі ў вашых каютах па некалькі гадзін, а можа нават і дзён, — цяпер цяжка сказаць. Не жадаючы ні пры якіх умовах прымушаць вас да гэтага сілком, — я хачу заручыцца вашым абяцаннем, што вы будзеце без супярэчанняў падпарадкавацца ў такіх выпадках. Прапануючы вам гэта, я цалкам здымаю з вас адказнасць за тое, што можа здарыцца, бо вы не будзеце нават бачыць тое, што вам не трэба ведаць. Прымаеце вы гэтую ўмову?

Значыць, на борце падводнага судна часам адбываюцца падзеі, якіх нельга нават бачыць людзям, што не парвалі з чалавечымі законамі? З усіх нечаканасцей, якія рыхтавала мне будучыня, гэтая была, мажліва, адной з самых непрыемных.