Выбрать главу

— Не адмаўляюся, — сказаў гарпуншчык.

Кансель і ён вышлі з гэтай клеткі, у якой мы прабылі. нявольнікамі амаль трыццаць гадзін.

— А цяпер, прафесар, чарга за вамі. Снеданне чакае нас. Дазвольце паказаць вам дарогу.

— Да вашых паслуг, капітан.

Я пайшоў за капітанам Нэма. Мы вышлі ў асветлены электрычнасцю калідор, падобны на звычайныя калідоры ў суднах і, прайшоўшы метраў дзесяць, апынуліся перад зачыненымі дзвярыма.

Капітан Нэма расчыніў дзверы і прапусціў мяне наперад. Я апынуўся ў сталовай, абсталяванай з суровым густам. Высокія дубовыя пастаўцы, інкруставаныя чорным дрэвам, стаялі ў супроцьлеглых баках залы. На іх паліцах зіхацела і пералівалася агнямі хрустальная, фарфоравая, срэбная пасуда мастацкай работы, незвычайнай каштоўнасці. Суровыя тоны афарбоўкі сцен сталовай змягчалі бязмерную яркасць святла, якое лілося са столі. Пасярэдзіне залы стаяў багата сервіраваны стол. Капітан Нэма жэстам паказаў мне маё месца.

— Сядайце, — сказаў ён, — і ешце, — вы пэўна паміраеце ад голаду.

Я не чакаў другога запрашэння.

Снеданне складалася з некалькіх рыбных страў і з блюд, прыгатаваных з нейкіх невядомага мне паходжання прадуктаў. Усё гэта было смачнае, але з нейкім прысмакам, да якога аднак лёгка было прызвычаіцца. Гэтыя прадукты мне здаліся багатымі фосфарам, і я падумаў, што яны павінны быць марскога паходжання.

Капітан Нэма ўважліва глядзеў на мяне. Я ні пра што не распытваў яго, але ён сам паспяшаўся адказаць мне на незаданыя пытанні, якія мне проста пяклі язык.

— Большасць гэтых страў невядома вам, — сказаў ён. — Але вы можаце есці іх, не баючыся. Усе яны здаровыя і спажыўныя. Я ўжо даўно адмовіўся ад зямных прадуктаў і адчуваю сябе, не гледзячы на гэта, вельмі добра. Ды і ўся мая каманда, якая харчуецца таксама, як і я, мае найлепшае здароўе.

— Значыць, уся гэтая яда — марскія прадукты?

— Так, прафесар, мора задавальняе ўсе мае патрэбы. Часам я закідваю сеці і выцягваю іх, баючыся, каб яны не парваліся ад вялікага ўлову. Часам я іду, на паляванне, у стыхію недаступную іншым людзям і праследую «дзічыну», якая водзіцца ў маіх падводных лясах. Мае табуны, як табуны старога пастуха Нептуна, спакойна пасуцца ў акіянскіх прэрыях. Уладанні мае незлічоныя, і я адзін карыстаюся імі.

Я са здзіўленнем паглядзеў на капітана Нэма і адказаў яму:

— Я разумею, капітан, што сеці дастаўляюць вам найлепшую рыбу для стала. Я не ведаю як, але ўсё-такі дапускаю, што вы можаце паляваць на «дзічыну» ў сваіх падводных лясах, але мне зусім незразумела, адкуль на ваш стол трапляе мяса, як-бы мала вы ні ўжывалі яго?

— Але, — адказаў капітан Нэма, — я ніколі не ем мяса зямных жывёл.

— А гэта? — спытаў я, паказваючы на блюда, на якім ляжала некалькі кавалкаў філею.

— Гэтая страва, якую вы палічылі за мяса, ёсць не што іншае, як філей марской чарапахі. Вось таксама соус з печані дэльфіна, які здаецца вам па смаку свіным рагу. Мой кухар — сапраўдны артыст сваёй справы, і ніхто не згатуе так страў з марскіх рыб і жывёл, як ён. Вось кансервы з ракушак, якія кожны малаец прызнаў-бы за лепшыя ў свеце, вось крэм, зліўкі для якога дала грудная залоза кіта, а цукар— водарасці Паўночнага мора; нарэшце, вось варэнне з анемонаў, не горшых па смаку за самыя лепшыя зямныя плады.

Я каштаваў усе гэтыя стравы не ад жадання есці, а з цікавасці, нібы зачараваны, слухаючы апавяданні капітана Нэма.

— Мора, казаў ён, — не толькі корміць мяне, але і апранае. Тканіна, з якой пашыта ваша вопратка, саткана з валокнаў некаторых марскіх ракушак. Яна афарбавана ў пурпуравую фарбу, сакрэт прыгатавання якой знік разам з старажытнымі рымлянамі і грэкамі і якую я здабыў з водарасцяў-аплізій у Міжземным моры. Духі, што стаяць на туалетным століку адведзенай вам каюты, — прадукт сухой перагонкі некаторых марскіх раслін. Матрас на вашай пасцелі зроблен з лепшых акіянскіх траў. Пяро, якім вы будзеце пісаць, зроблена з кітавага вуса, чарніла — з сакраторных выдзяленняў каракаціцы. Усё, чым я карыстаюся цяпер, дае мне мора, і ўсё гэта калі-небудзь вернецца назад у мора.

— Вы любіце мора, капітан?

— О, так, я люблю яго! Мора — гэта ўсё. Яно пакрывае сем дзесятых зямнога шара. Яго выпарэнні свежыя і жыватворчыя. У яго вялізнай пустыні чалавек не адчувае сябе адзінокім, таму што навакол сябе адчувае подых жыцця. Сапраўды, у моры ёсць усе тры царствы прыроды: мінеральнае, расліннае, жывёльнае. Апошняе прадстаўлена чатырма групамі зоафітаў[18], трыма класамі членістаногіх, пяццю класамі малюскаў, трыма класамі хрыбетных, сысуновымі, гадамі і незлічоным легіёнам рыб, вялікім атрадам жывёл, які налічвае больш за трынаццаць тысяч рознавіднасцей, з якіх толькі адна дзесятая частка жыве ў прэсных водах. Мора — неабходны рэзервуар прыроды. Жыццё на зямлі пачалося ў моры і, хто ведае, ці не ў моры яно і скончыцца? У моры вышэйшы спакой… Мора не належыць дэспатам. На яго паверхні яшчэ яны могуць прад’яўляць свае захопніцкія правы, біцца, жэрці адзін аднаго, паўтараць увесь шлях жыцця на сушы. Але на трыццаці футах пад яго паверхняю іх улада канчаецца, іх магутнасць знікае. Ах, прафесар, жывіце ў глыбі мораў! Толькі тут поўная незалежнасць, толькі тут чалавек сапраўды вольны, толькі тут у яго няма гаспадароў!..

вернуться

18

Зоафіты — жывёла-расліны. Так называлі раней каралавых паліпаў, імшанак і ігласкурых.