Выбрать главу

Капітан Нэма раптам перарваў сваю гарачую прамову. Ці не пашкадаваў ён, што здрадзіў сваёй звычайнай стрыманасці? Ці не спалохаўся, што сказаў лішняе?

На працягу некалькіх хвілін, яшчэ ўвесь усхваляваны, ён хадзіў па сталовай. Потым, авалодаўшы сваімі нервамі, вярнуўшы свайму твару звычайны выраз халоднай велічы, ён звярнуўся да мяне з наступнымі словамі:

— А цяпер, прафесар, калі вы жадаеце аглядзець «Наўтылус», — я да вашых паслуг.

Раздзел адзінаццаты

«Наўтылус»

Капітан Нэма накіраваўся да дзвярэй. Я пайшоў за ім. У глыбі сталовай адчыніліся дзверы на дзве палавіны і мы ўвайшлі, ў суседні пакой такога-ж размеру, як і той, які мы толькі што пакінулі.

Гэта была бібліятэка. Высокія, да самай столі шафы з палісандравага дрэва з бронзавай аправай захоўвалі мноства кніг у аднолькавых пераплётах. Шафы цягнуліся вакол усіх сцен пакоя. Ля іх стаялі шырокія, абабітыя карычневай скурай канапы, выгодныя сядзенні якіх вабілі да адпачынку. Лёгкія перасоўныя пюпітры-падстаўкі для кніг стаялі каля канапаў. Пасярэдзіне пакоя стаяў вялікі стол, завалены гарою кніг. Пад ім ляжала некалькі нумароў газет, ужо старых.

Гэты пышны зал быў асветлены чатырма электрычнымі паўшар’ямі, прымацаванымі да столі.

Я з захапленнем аглядаў гэты зал, так камфартабельна і прыгожа абсталяваны.

— Капітан Нэма, — сказаў я гаспадару бібліятэкі, які сеў на адну з канап, — вось кнігасхоў, якім ганарыўся кожны з палацаў на кантыненце. Мяне проста ашаламляе думка, што гэтая выдатная бібліятэка суправаджае вас на дно акіянаў!

— А дзе-ж вы знойдзеце большы пакой і цішыню, прафесар? Хіба ваш кабінет у музеі дае вам такі непарушны спакой для работы?

— Не, вядома… Я павінен прызнацца, што ён выглядае дужа бедным у параўнанні з гэтым залам. У вас тут не менш шасці-сямі тысяч кніг?

— Дванаццаць тысяч, спадар Аранакс. Гэта адзінае, што звязвае мяне з зямлёю. А свет перастаў для мяне існаваць у той дзень, калі «Наўтылус» упершыню апусціўся ў ваду. У гэты дзень я купіў апошнія кнігі, апошнія брашуры і апошнія выпускі газет. З таго часу для мяне чалавецтва больш не думала, не пісала. Кнігі гэтыя, прафесар, у пэўным вашым распараджэнні—карыстайцеся імі, калі і як хочаце.

Падзякаваўшы капітану Нэма, я падышоў да бібліятэчных паліц. Я знайшоў там кнігі на ўсіх мовах, па розных галінах дакладных навук, па філасофіі, па літаратуры. Мне кінулася ў вочы цікавая рэч: усе кнігі стаялі ў алфавітным парадку, незалежна ад таго, на якой мове яны напісаны. Гэта сведчыць пра тое, што капітан Нэма аднолькава добра валодаў усімі мовамі.

У бібліятэцы я ўбачыў творы старажытных і сучасных аўтароў — усё тое лепшае, што створана чалавечым геніем і ў галіне навукі, і ў мастацкай прозе, і ў паэзіі—ад Гамера да Віктара Гюго, ад Ксенафонта да Мішле, ад Раблэ да Жорж-Занд. Але навуковыя кнігі ўсё-такі пераважалі ў гэтай бібліятэцы; кнігі па механіцы, балістыцы[19], гідралогіі, метэаралогіі, геаграфіі, геалогіі і г.д. займалі не менш месца, як працы па прыродазнаўству, што як я зразумеў, з’яўлялася галоўным прадметам навуковых заняткаў капітана Нэма. На паліцах стаялі поўны Гумбольдт, поўны Араго, работы Фуко, Анры-Сэн-Клер-Дэвіля, Шасля, Мільн-Эдварса, Катрфажа, Тындаля, Фарадэя, Бертэло, абата Сэкі, Петэрмана, Моры, Агасіса і іншых, «Мемуары» Акадэміі навук, бюлетэні розных геаграфічных таварыстваў і г. д. І тут-жа, побач у гэтай шаноўнай кампаніі, тыя два томы, якія можа я быў абавязан гасціннасцю капітана. Кніга Жозефа Бертрана «Асновы астраноміі» дазволіла мне ўстанавіць адну дату: я ведаў, што гэтая кніга выйшла ў свет у сярэдзіне 1865 года; значыць, «Наўтылус» быў спушчаны на ваду не раней гэтага часу. Значыцца капітан Нэма зрабіўся падводным вандроўнікам не больш трох гадоў назад. Я падумаў, што калі ўдасца знайсці больш свежыя кнігі, то можна будзе вызначыць дату спуску падводнага судна яшчэ больш дакладна. Але ў мяне наперадзе было даволі часу для гэтых вышукаў, а пакуль што мне не хацелася адкладаць азнаямленне з цудамі «Наўтылуса».

вернуться

19

Балістыка — навука, якая вывучае законы налётаў артылерыйскіх снарадаў.