Выбрать главу

— Дзякую вам, капітан, — сказаў я, — за дазвол карыстацца вашай бібліятэкай. Гэта сапраўдная скарбніца навукі, і я выкарыстаю яе.

— Гэты пакой служыць не толькі бібліятэкай, але і курыльняй.

— Курыльняй? — закрычаў, я. — Хіба на «Наўтылусе» кураць?

— Вядома.

— У такім выпадку, капітан, я павінен выказаць меркаванне, што вы падтрымліваеце сувязь з Гаванай?

— Ніякай, — адказаў капітан Нэма. — Вось пакаштуйце гэтую цыгару, прафесар, і хоць яна і не гаванская, але калі вы знаўца, дык яна спадабаецца вам.

Я ўзяў цыгару, якая формаю нагадвала лепшыя гатункі гаванскіх, але больш светлую, скручаную з залацістых лістоў. Я прыкурыў яе ад свяцільніка, што стаяў на прыгожай бронзавай падстаўцы, і зацягнуўся дымам з прагнасцю заўзятага курца, які не бачыў тытуню на працягу двух сутак.

Гэта выдатная цыгарка, але… гэта не тытунь?

— Так, — адказаў капітан, — гэты «тытунь» не з Гаваны і не з Усхода. Гэта гатунак марскіх водарасцяў, якія маюць нікатын. Ці шкадуеце вы цяпер, што няма гаванскіх цыгар?

— З гэтай хвіліны я на іх глядзець не хачу!

— У такім выпадку курыце, колькі захочаце, не пытаючы пра паходжанне цыгар. Ніякая табачная манаполія не брала за іх падатку. Але-ж ад гэтага яны не зрабіліся горшымі, хіба няпраўда?

— Ніколькі.

У гэтую хвіліну капітан Нэма расчыніў дзверы насупроць тых, праз якія мы ўвайшлі ў бібліятэку, і я прайшоў у вялікі надзвычайна добра асветлены салон.

Гэта быў прасторны квадратны зал з зрэзанымі кутамі, даўжынёй у дзесяць, шырынёй у шэсць і вышынёю ў пяць метраў. Схаваныя ў столі, упрыгожанай лёгкімі арабескамі, лямпы залівалі яркім, але нярэзкім святлом цуды, сабраныя ў гэтым музеі, бо гэта быў сапраўдны музей, у якім умелыя і шчодрыя рукі сабралі ўсе скарбы прыроды і мастацтва ў тым мастацкім беспарадку, які адрознівае памяшканне мастака. Трыццаць карцін вялікіх майстраў у аднолькавых рамках упрыгожвалі сцены, абабітыя прыгожымі, з суровым малюнкам, тканінамі. Між карцін віселі шчыты са зброяю і стаялі фігуры ў поўным рыцарскім узбраенні. Я ўбачыў палотны вялікай каштоўнасці, якімі любаваўся на выстаўках і ў прыватных карцінных галерэях Еўропы. Даўнейшыя майстры былі тут прадстаўлены адною «Мадоннаю» Рафаэля, «Дзевай» Леанарда да Вінчы, «Нямой» Карэджыё, «Жанчынай» Тыцыя, «Пакланеннем валхвоў» Веранеза, «Узнясеннем» Мырульё, «Партрэтам» Гольбейна, «Манахам» Веласкеза, «Мучанікам» Рыбейра, «Кірмашом» Тэніера, двума фламандскімі пейзажамі Рубенса, трыма маленькімі палотнамі ў манеры Жырара-Доў. Мэтсу, Поля Потэра, двума карцінамі Жэрыко і Прудона, некалькімі марскімі відамі Бакюйзена і Вернэ. Сярод твораў сучаснай жывапісі я заўважыў карціны, падпісаныя Дэлякруа, Энграм, Дэканам, Труайнам, Мейсонье, Добініі і інш. Некалькі цудоўных паменшаных мармуровых і бронзавых копій з найвялікшых антычных статуй узвышаліся на высокіх п’едэсталах па кутках гэтага выдатнага музея.

Прараканні капітана пачыналі спраўджвацца: з першых-жа крокаў агляду «Наўтылуса» я быў ашаломлены.

— Прафесар, спадзяюся, прабачыць мне, — сказаў гэты дзіўны чалавек, — за тую бесцэрамоннасць, з якою я яго прымаю, і за беспарадак, які пануе ў гэтым пакоі.

— Капітан, — адказаў я, — я павінен сказаць — вы сапраўдны артыст!

— О, не, толькі аматар, — адказаў ён. Мне было радасна збіраць гэтыя незвычайныя творы чалавечага генія. Я быў няўтомны ў пошуках і прагны ў набыцці — гэта дазволіла мне атрымаць рад рэчаў сапраўды высокай вартасці. Гэта апошнія ўспаміны аб памёршай. для мяне зямлі. У маіх вачах нават сучасныя вашы мастакі—старажытныя майстры. Я гляджу на іх карціны і думаю, што ім па дзве, тры тысячы год. У геніяў няма ўзросту.

— А гэтыя музыканты? — спытаў я, паказваючы на партытуры Вебера, Расііні, Моцарта, Бетховена, Гайдна, Майербера, Герольда, Вагнера, Обера, Гуно і раду іншых параскіданых на вялікім піяніне-аргане, які займаў цэлы прасценак у салоне.

— Гэтыя музыканты для мяне — сучаснікі Арфея[20], розніца сціраецца ў памяці мерцвякоў, а я мёртвы, прафесар, таксама мёртвы, як тыя з вашых сяброў, якія ляжаць на шэсць футаў пад зямлёю.

Капітан Нэма змоўк у глыбокай задуменнасці. Я глядзеў на яго з жывейшай увагай, моўчкі вывучаючы асаблівасці яго твара. Абапершыся аб вельмі дарагі столік з інкрустацыямі, ён не бачыў мяне і, здавалася, зусім забыўся на маё існаванне.

Я рашыў не перашкаджаць яму і прадаўжаў аглядаць цуды, сабраныя ў гэтым салоне.

вернуться

20

Арфей — у старажытна-грэцкай міфалогіі спявак, які сваімі песнямі прыводзіў у рух дрэвы, скалы і ўціхамірваў дзікіх звяроў.