Выбрать главу

Побач з творамі мастацтва віднае месца займалі прыродныя рэдкасці. Гэта былі галоўным чынам расліны, ракавіны і іншыя прадукты акіянскай флоры і фауны відаць, усе сабраныя рукамі самога, капітана Нэма. Пасярод салона біў фантан, асветлены знізу электрычнасцю: струменькі вады спадалі ў басейн, зроблены з адной гіганцкай ракавіны-трыдакны. Акружнасць трыдакны дасягала шасці метраў. Значыцца, па велічыні яна перавышала нават славутую ракавіну, падараваную Венецыянскай рэспублікай каралю Францыску І.

Наўкол басейна ў прыгожых шкляных вітрынах у меднай аправе былі расстаўлены самыя каштоўныя марскія рэдкасці, якія калі-небудзь даводзілася бачыць натуралісту. Можна сабе ўявіць маю радасць, калі я ўбачыў іх.

Раздзел зоафітаў быў прадстаўлен тут двума групамі паліпаў і ігласкурых. У першай групе былі веерападобныя гаргоніі, марскія «арганчыні», сірыйскія губкі, малукскія каралы, незвычайны экземпляр альчыёны, вельмі прыгожыя веераліснікі, глазчаткі з вострава Бурбона і цэлая серыя мадрэпор, у ліку якіх асабліва зварачала на сябе ўвагу «калясніца, Нептуна» з Антыльскіх астравоў. Тут былі сабраны самыя разнастайныя віды каралаў, калоніі якіх ствараюць цэлыя астравы, а з цягам часу, мажліва, і кантыненты. У групе ігласкурых, якія адрозніваюцца сваёй калючай абалонкай, былі прадстаўлены некалькі разнавіднасцяў марскіх звёзд, марскіх кубышак, вожыкаў, валасацікаў, змеезвёздак, тубіпор і інш.

Каб на маім месцы быў слабанервны канхіліёлаг[21] ён страціў-бы прытомнасць, убачыўшы суседнія вітрыны, у якіх размясціліся калекцыі малюскаў. Гэтым калекцыям не было цаны, і апісанню іх трэба было-б прысвяціць цэлы том. Таму я абмяжуюся пералічэннем толькі самага цікавага. Там быў зграбны малюнак Індыйскага акіяна з правільна размешчанымі на чырвона-карычневым фоне белымі плямамі; так званы «імператарскі спандылій», увесь усеяны камячкамі і ярка афарбованы, — экземпляр, за які кожны еўрапейскі музей не пашкадаваў-бы аддаць дваццаць тысяч франкаў; звычайны аўстралійскі малаток, якога амаль немагчыма знайсці; сенегальскія сэрцавікі-двухстворчатыя, белыя, такія крохкія, што рассыпаюцца на порхаўку пры самым малым павеі, як мыльныя пузыры; некалькі яванскіх марскіх леяк-вапняковых трубачак са складчатымі берагамі, высока ацэньваемых аматарамі; цэлы рад бруханогіх — жоўта-зялёных, якія сустракаюцца ў амерыканскіх водах, цёмна-бурых, якія водзяцца ля берагоў Новай Зеландыі, у Мексіканскай затоцы і вызначаюцца сваёю чарапіцападобнаю ракавінай; затым дзіўныя серністыя тэліны, каштоўнейшыя пароды цэтэр, кратчаты сонечнік, мармуровая кубарна з перламутравымі плямамі; далей усе віды вужовак, што ўжываюцца ў Індыі замест манет. «Слава мора» — самая дарагая ракавіна Усходняй Індыі; нарэшце лужанкі, дафніі, янцыны, яйцавідкі, мітры, каскі, баграцы, арфы, трытоны, птэрацэры, патэлі, гіялеі, клерадоры, адзіныя і крохкія ракавіны, якім вучоныя далі прыгожыя імёны.

У асобных вітрынах ляжалі нізкі нябачнага хараства перлаў, у якіх водбліскі электрычнасці запальвалі іскры агню: ружовыя перлы, што сустракаюцца на дне Чырвонага мора, зялёныя, жоўтыя, сінія, чорныя, перлы-хваравітыя нарасты ў целах розных малюскаў, якія жывуць амаль ва ўсіх морах і акіянах.

Некаторыя з гэтых перлаў велічынёю перавышалі галубінае яйка. Іхняя каштоўнасць перавышала каштоўнасць таго перла, які падарожнік Тавернье прадаў за тры мільёны шаху персідскаму, а хараство было лепшым, як у перла імама Маскаты, які я лічыў першым у свеце.

Такім чынам, вызначыць каштоўнасць гэтай калекцыі было зусім немажліва. Капітан Нэма павінен быў патраціць мільён, каб набыць гэтыя экспанаты.

Я пытаў сябе, дзе крыніца яго нечуванага багацця, але раптам капітан звярнуўся да мяне:

— Вы разглядаеце мае калекцыі, прафесар? Яны і сапраўды заслугоўваюць увагі натураліста. Але для мяне вартасць іх тым больш значная, што кожную з іх я сабраў сваімі ўласнымі рукамі, і няма на зямным шары мора, якое не дало-б мне хоць што-небудзь для калекцыі.

— Я зусім разумею, капітан, радасць, якую вы павінны адчуваць, гледзячы на такія багацці. Ніводзін з еўрапейскіх музеяў не мае такой поўнай калекцыі твораў акіяна! Але калі я патрачу ўсё сваё захапленне на агляд музея, што застанецца мне для агляду карабля? Я менш за ўсё хачу быць недалікатным і дапытвацца пра вашыя тайны, але прызнаюся, што мая цікаўнасць надзвычай узбуджана самім «Наўтылусам», сілай, якая прыводзіць яго ў рух, прыборамі, якія надаюць яму такую рухавасць. На сценах гэтага салона я бачу прыборы, прызначэнне якіх мне не ясна. Ці магу я запытацца…

вернуться

21

Канхіліёлаг — вучоны, які вывучае ракавіны.