Выбрать главу

— Спадар Аранакс, — перапыніў мяне капітан, — я ўжо сказаў, што вы вольны на гэтым караблі і, значыцца, няма такога кутка на «Наўтылусе» куды-б вам быў забаронены доступ. Можаце аглядзець карабель, колькі хочаце, і я з прыемнасцю гатовы служыць вам правадніком.

— Не ведаю, чым аддзякаваць вам, капітан. Пастараюся не злоўжываць вашай ласкаю. Дазвольце мне толькі даведацца, якое прызначэнне маюць гэтыя фізічныя прыборы?

— Акурат такія самыя прыборы, прафесар, ёсць у маёй каюце, і я там растлумачу вам іх прызначэнне. Але спачатку пойдзем у адведзеную вам каюту. Трэба-ж вам ведаць, у якіх умовах вы будзеце жыць на «Наўтылусе».

Я паследваў за капітанам Нэма. Праз адны з дзвярэй, прабітых у кожным зрэзаным куце салона, мы вышлі ў вузкі калідор. Прайшоўшы на нос карабля, капітан Нэма прывёў мяне ў каюту або лепш сказаць — у багата абсталяваны прасторны пакой, з ложкам, туалетным сталом, крэсламі і г. д.

Я пачаў шчыра дзякаваць.

— Ваш пакой побач з маім, — сказаў капітан, расчыняючы дзверы, — а мой злучаецца з салонам, які мы толькі што пакінулі.

Мы ўвайшлі ў пакой капітана. Ён ствараў уражанне суровай прастаты і строгасці. Жалезны ложак, рабочы стол, некалькі крэслаў, умывальнік — вось і ўсё яго абсталяванне. Толькі неабходныя рэчы, ніякага камфорту.

У пакоі панаваў паўзмрок.

Капітан Нэма паказаў мне на крэсла.

— Сядайце, калі ласка.

Я сеў. Ён памаўчаў крыху і потым загаварыў.

Раздзел дванаццаты

Усё праз электрычнасць

— Глядзіце, прафесар, — пачаў капітан Нэма, указваючы на прыборы, што віселі на сценах пакоя. — Вось апараты, якія служаць для кіравання «Наўтылусам». Тут, таксама як і ў салоне, яны заўсёды перад маімі вачыма і паказваюць мне дакладнае месцазнаходжанне «Наўтылуса» ў акіяне і яго напрамак. Некаторыя з гэтых прыбораў вам вядомыя. Гэта тэрмометр, які паказвае тэмпературу паветра на «Наўтылусе»; барометр, які вызначае ціск паветра і тым самым змену надвор’я; гігрометр азначае прысутнасць вільгаці ў атмасферы; компас, які паказвае судну кірунак; секстант дазваляе па вышыні сонца вызначыць шырату мясцовасці; хранометры, пры дапамозе якіх мы знаходзім даўгату; нарэшце дзённыя і начныя падзорныя трубы, якія служаць мне для агляду гарызонта, калі «Наўтылус» узнімаецца на паверхню вады.

— Усе гэтыя прыборы, — адказаў я, — звычайныя ў мораходнай практыцы, і я даўно з імі знаёмы. Але вось тут ёсць нейкія невядомыя мне прыборы. Відаць, яны і адпавядаюць асаблівасцям кіравання «Наўтылусам». Вось гэты вялікі цыферблат з рухавай стрэлкай — ці не манометр гэта?

— Гэта сапраўды манометр. Злучаючыся з вадою за бортам карабля, ён паказвае яе ціск і тым самым — глыбіню пагружэння «Наўтылуса».

— А гэта — зонды?

— Так, толькі новай канструкцыі. Гэта тэрмаметрычныя зонды, які паказваюць тэмпературу розных пластоў вады.

— А вось гэтыя прыборы? Я не ўяўляю сабе, для чаго яны могуць служыць.

— Тут, прафесар, прыйдзецца даць вам некаторыя тлумачэнні, — адказаў капітан Нэма.

Ён прамаўчаў крыху, потым прадаўжаў:

— У прыродзе ёсць сіла — паслухмяная, хуткая, простая для ўжывання. Яна рабіць усё на маім караблі. Асвятляе, апальвае, прыводзіць у рух машыны. Гэтая сіла — электрычнасць.

— Электрычнасць? — здзівіўся я.

— Так.

— Аднак, капітан, ваш карабель уладае незвычайнай шпаркасцю. Гэта мала пасуе да таго, што нам вядома пра электрычнасць[22]. Дагэтуль яе механічная сіла ўяўлялася надзвычай абмежаванай.

— Бачыце, прафесар, — адказаў капітан Нэма, — мае спробы выкарыстання энергіі электрычнасці не падобныя да агульнапрынятых. Дазвольце мне абмежавацца толькі гэтым паведамленнем.

— Не буду настойваць, капітан, хаця я зусім ашаломлены вашым паведамленнем. Прашу вас адказаць мне толькі на адно запытанне, калі, вядома, вы яго не палічыце за нетактычнае. Элементы, якія служаць, крыніцаю атрымання гэтай дзівоснай сілы, павінны-ж хутка вычарпацца, асабліва цынк. Якім-жа чынам вы папаўняеце яго запасы, калі вы не падтрымліваеце сувязі з зямлёю?

— Ахвотна адкажу вам на гэтае пытанне, — сказаў капітан Нэма. — Перш за ўсё ведайце, што на дне марскім ёсць залежы цынку, жалеза, срэбра, золата і іншых металаў, распрацоўку якіх безумоўна можна было-б наладзіць. Але я не карыстаюся гэтымі металамі і ў моры-ж атрымліваю тую колькасць энергіі, у якой маю патрэбу.

— У моры?

— Так, прафесар, у моры. Ёсць нямала спосабаў прымання электрычнасці ў моры. Я мог-бы, напрыклад у ланцугу праваднікоў, апушчаных на розную глыбіню, атрымаць ток ад рознасцей тэмператур у пластах вады. Але я палічыў за лепшае выбраць другі, больш практычны спосаб.

вернуться

22

Не трэба забываць, што гутарка ідзе пра стан навукі, які быў 60–70 гадоў назад (заўв. рэд.).