Выбрать главу

— Які?

— Вы ведаеце склад марской вады? У ста частках яе чыстая вада займае дзевяноста шэсць з паловаю частак, а дзве і дзве трэці, прыкладна, частак прыпадае на долю хлорыстага натра[23]. Далей, у ёй ёсць у невялікай колькасці хлорысты магній і хлорысты кальцый, бромісты сернакіслы магній, серная кіслата і вуглекальцыевая соль. Вы бачыце, што хлорысты натр ёсць у марской вадзе ў вельмі значнай колькасці. Вось гэтым самым хлорыстым натрам, які я здабываю з марской вады ў неабмежаванай колькасці, я і насычаю свае элементы.

— Хлорыстым натрам?

— Так. У злучэнні са ртуццю ён утварае альмагаму, якая замяняе цынк у элементах Бунзена. Ртуць у элементах не раскладаецца. Выдаткоўваецца, такім чынам толькі натрый, а яго мне дае само мора. Павінен вам яшчэ сказаць, што натрыевыя элементы, прынамсі ў два разы мацнейшыя за цынкавыя.

— Я разумею, капітан, перавагі натрыя ва ўмовах, у якіх вы знаходзіцеся. У моры яго колькі хочаш. Вельмі добра. Але-ж натр трэба яшчэ вылучыць у чыстым выглядзе з яго хлорыстага злучэння. Што вы робіце для гэтага? Бясспрэчна, вашы батарэі маглі-б паслужыць для электроліза хлорыстага натра, але, калі не памыляюся, выдаткаванне натрыя на электроліз перавысіць колькасць натрыя, які можна атрымаць ад яго. І вы больш страціце натрыя, як атрымаеце новага!

— Вось таму, прафесар, я і не здабываю натрый электралітычным спосабам, а карыстаюся для гэтага энергіяй гарэння каменнага вугалю.

— Не. Назавём, калі, хочаце, гэты вугаль марскім.

— Значыць, вы знайшлі спосаб распрацоўкі падводных залежаў каменнага вугалю?

— Вы ўбачыце гэта ўласнымі вачыма, прафесар. Я прашу ў вас толькі крыху цярпення, тым болей, што час зусім дазваляе вам быць цярплівым. Памятайце толькі адно: я абсалютна ўсё атрымліваю ад акіяна. Ён дае мне электрычнасць, а электрычнасць дае «Наўтылусу» цяпло, святло, рух — адным словам, жыццё!

— Але толькі не паветра для дыхання?

— О, мне было-б лёгка вырабляць патрэбную колькасць паветра, але гэта непатрэбна, бо я магу узнімацца на паверхню акіяна, калі мне толькі прыйдзе ахвота. Ды і зараз электрычнасць прыводзіць у рух магутныя насосы, якія нагнятаюць паветра ў спецыяльныя рэзервуары; карыстаючыся імі я магу, калі патрэбна, доўга знаходзіцца пад вадой.

— Капітан, — сказаў я, — я магу толькі вітаць вас. Відаць, вам удалося вынайсці тое, да чаго людзі дадумаюцца толькі куды пазней, — велізарную дынамічную сілу электрычнасці!

— Не ведаю, ці знойдуць яны яе калі-небудзь, — холадна адказаў капітан Нэма. — Аднак, як-бы там ні было, а вы ўжо ведаеце, якое прыстасаванне я даў гэтай цудоўнай сіле. Гэта яна асвятляе карабель са сталасцю і бесперапыннасцю, якіх няма нават у сонца. Цяпер гляньце на гэты гадзіннік — ён электрычны і ідзе з такой дакладнасцю, якая паспрачаецца з лепшым хранометрам. Я падзяліў цыферблат на дваццаць чатыры гадзіны, як італьянскі гадзіннік, таму, што для мяне не існуе ні дня, ні ночы, ні сонца, ні месяца, але толькі тое штучнае святло, якое я цягну за сабой у глыбіню мораў. Глядзіце, цяпер дзесяць гадзін раніцы.

— Зусім правільна.

— А вось вам другое дапасаванне электрычнасці. Гэты цыферблат, што вісіць перад вашымі вачыма, служыць паказальнікам хуткасці «Наўтылуса». Провад злучае з вінтам лаг, і стрэлка яго кажа мне, з якой хуткасцю ідзе судна. Вось бачыце, у гэтую хвіліну мы ідзём з умеранай хуткасцю ў пятнаццаць міль у гадзіну.

— Надзвычайна! — крыкнуў я. — Я цяпер бачу, капітан, што вы зусім правільна зрабілі, выкарыстаўшы іменна гэтую прыродную сілу, якая замяняе вам вецер, ваду і пару.

— Мы яшчэ не кончылі агляду, прафесар, — сказаў капітан Нэма, устаючы з крэсла. — Калі вы не стаміліся, пройдзем на карму «Наўтылуса».

Сапраўды, я пазнаёміўся ўжо з усёй насавой часткай падводнага карабля. Вось пералік памяшканняў гэтай часткі ў паслядоўным парадку, ад сярэдзіны да тарана на носе: сталовая, даўжынёю ў пяць метраў, аддзеленая ад бібліятэкі воданепранікальнай пераборкай; бібліятэка даўжынёю ў пяць метраў; вялікі салон даўжынёю дзесяць метраў, аддзелены ад пакоя капітана другою воданепранікальнаю пераборкаю; пакой капітана даўжынёй у пяць метраў; мой пакой у два з паловаю метра і, нарэшце, рэзервуар для паветра ў сем з паловаю метраў даўжыні, які ідзе да самага форштэўня.

Увогуле даўжыня гэтай часткі складала трыццаць пяць метраў. Воданепранікальныя пераборкі мелі герметычныя дзверы і павінны былі захаваць «Наўтылус» ад запалення, на выпадак, калі ў якой-небудзь яго частцы адкрыецца цеч.

вернуться

23

Хлорысты натр — звычайная павараная соль.