Выбрать главу

— Ніколькі, прафесар, — адказаў капітан пасля нядоўгага вагання. — Вы-ж ніколі не пакінеце гэтага падводнага карабля. Пройдзем у салон. Там мой рабочы кабінет, і там я раскажу ўсё, што вы павінны ведаць пра «Наўтылус».

Раздзел трынаццаты

Некалькі лічбаў

Праз некалькі хвілін мы ўжо сядзелі з цыгаркамі ў зубах на канапе ў салоне. Капітан Нэма даў мне чарцяжы, на якіх «Наўтылус» быў паказаны ў прадольным і папярэчным разрэзах. Затым ён пачаў сваё тлумачэнне:

— Вось, спадар Аранакс, чарцяжы судна, на якім вы знаходзіцеся. Гэта выцягнуты: ў даўжыню цыліндр з канічнымі канцамі. Форма яго падобна да цыгары, а цыгаравідная форма лічыцца ў Лондане лепшай для такога роду канструкцый. Даўжыня цыліндра, ад канца да канца, дакладна складае семдзесят метраў, а найвялікшая яго шырыня — у цэнтры — восем метраў. Я не прытрымліваўся звычайнай для хуткаходных суднаў суадпаведнасці шырыні да даўжыні, як адзін да дзесяці, але пры даных мною суадносінах лобавае супраціўленне невялікае і выціскаемая вада не тармозіць ходу.

Гэтыя велічыні ўжо дазваляюць вам вылічыць плошчу і аб’ём «Наўтылуса». Плошча яго дакладна складае адну тысячу адзінаццаць і сорак пяць сотых квадратнага метра, аб’ём — адну тысячу пяцьсот і дзве дзесятых кубічнага метра. З гэтага вынікае, што, поўнасцю пагружаны ў ваду, ён выціскае тысячу пяцьсот кубічных метраў, або тон, вады.

Складаючы план гэтага судна, прызначанага для падводнага плавання, я ставіў сабе задачу, каб пры спуску на ваду дзевяць дзесятых яго плошчы былі пагружаны ў мора і адна дзесятая выступала з вады. Пры такіх умовах яно павінна было выціскаць дзевяць дзесятых свайго аб’ёму, або тысячу трыста пяцьдзесят шэсць і сорак восем сотых кубічнага метра, і важыць столькі-ж тон. Мне, значыцца, трэба было не дапускаць перацяжарвання судна звыш гэтай вагі.

«Наўтылус» мае два корпусы — адзін унутраны і другі вонкавы, злучаныя між сабой жалезнымі бэлькамі, якія маюць форму літары «Т»; гэтыя бэлькі надаюць яму незвычайную трываласць. Сапраўды, дзякуючы такой сістэме, пустацелы «Наўтылус» уладае такой-жа супраціўляемасцю, якую ён меў-бы ўвесь літы. Ягоная абшыўка не прагінаецца, дасканаласць мацаванняў і аднароднасць матэрыялаў, пайшоўшых на канструкцыю судна, дазваляюць яму не баяцца самага бурнага мора.

Гэтыя два корпусы складаюцца са сталёвых лістоў, шчыльнасць якіх у адносінах да вады дае сем і восем сотых. Таўшчыня лістоў унутранога корпуса — каля пяці сантыметраў і вага яго — трыста дзевяноста чатыры і дзевяноста шэсць сотых тоны. Вонкавы корпус, кіль, які мае ў вышыню пяцьдзесят і ў шырыню дваццаць пяць сантыметраў і які адзін важыць шэсцьдзесят дзве тоны, машыны, баласт, усё астатняе абсталяванне і абстаноўка, унутраныя пераборкі і падпоркі — усё гэта разам узятае важыць дзевяцьсот шэсцьдзесят адну і пяцьдзесят дзве сотых тоны, што разам з трымастамі дзевяноста чатырма і дзевяноста шасцю сотымі тоны ўнутранага корпуса складае патрэбную сумарную вагу ў тысячу трыста пяцьдзесят шэсць і сорак восем сотых тоны. Вы зразумелі мяне?

— Зразумеў.

— Такім чынам, — прадаўжаў капітан, — калі «Наўтылус» знаходзіцца на паверхні вады, пры гэтай нагрузцы ён выступае на адну дзесятую частку. Значыцца, каб на караблі былі рэзервуары ёмкасцю ў гэтую дзесятую частку, г. зн. ёмкасцю ў сто пяцьдзесят і семдзесят дзве сотых тоны, і каб гэтыя рэзервуары напоўніць вадою, дык «Наўтылус», выціскаючы тысячу пяцьсот сем кубаметраў, або, што тое самае, вагаю ў тысячу пяцьсот сем тон, поўнасцю апусціўся-б пад ваду. Гэта самае і адбываецца на практыцы. На «Наўтылусе» ёсць рэзервуары, размешчаныя ў яго ніжняй частцы. Калі адкрыць краны, рэзервуары напаўняюцца вадою, і карабель поўнасцю пагружаецца ў мора на ўзровень з паверхняю.

— Надзвычайна добра, капітан. Але тут, па-мойму, і пачынаюцца галоўныя цяжкасці. Я разумею, што вы можаце пагрузіцца ў ваду настолькі, што ніводзін сантыметр «Наўтылуса» не выступае на паверхню. Але вось калі вы спускаецеся ў глыб, хіба вашае судна не сустракае павялічанага ціску? Хіба гэты ціск не выштурхоўвае яго знізу ўгару з сілаю, прыкладна, адной атмасферы на кожныя трыццаць футаў вадзянога пласта, або, іначай кажучы, з сілаю аднаго кілаграма на квадратны сантыметр?

— Зусім правільна, прафесар.

— У такім разе, калі толькі вы не запаўняеце вадою ўвесь «Наўтылус» поўнасцю, я не бачу, якім чынам вы прымушаеце яго пагружацца глыбока ў ваду.