Выбрать главу

— Спадар прафесар, — сказаў капітан Нэма, — нельга змешваць статыку з дынамікай — гэта можа пацягнуць за сабою сур’ёзныя памылкі. Для таго, каб дасягнуць вялікіх глыбінь акіяна, трэба затраціць зусім нямнога работы. Сачыце за ходам маіх разважанняў.

— Я слухаю вас уважліва.

— Для азначэння, наколькі трэба павялічыць вагу «Наўтылуса», каб ён мог пагружацца ў глыбіню мораў, я павінен быў заняцца разлікам змяншэння аб’ёму, займаемага марской вадой на розных глыбінях, пад ціскам вышэйляжачых пластоў.

— Гэта безумоўна, капітан.

— Аднак, хаця нельга адмаўляць, што вада ўладае здольнасцю сціскацца, але трэба сказаць, што сціскальнасць яе надта абмежаваная і сапраўды, паводле навейшых даных, вада сціскаецца на чатырыста трыццаць шэсць дзесяцімільённых частак пры павелічэнні ціску на адну атмасферу, гэта значыць на глыбіні трыццаць футаў. Калі трэба пагрузіцца на глыбіню ў тысячу метраў, дык трэба ўзяць у разлік змяншэнне аб’ёму ад ціску слупа вады вышынёю ў тысячу метраў, гэта значыць, ціск у сто атмасфер. Гэтае змяншэнне аб’ёму вызначаецца ў такім выпадку ў чатырыста трыццаць шэсць стотысячных. Выходзіць, што вага судна павінна будзе павялічыцца да тысячы пяцісот трынаццаці цэлых і сямідзесяці сямі сотых тоны, замест нармальнай вагі ў тысячу пяцьсот сем і дзве дзесятых тоны. Такім чынам, патрабуецца павелічэнне вагі ўсяго на шэсць і пяцьдзесят сем сотых тоны.

— Усяго?

— Усяго толькі, спадар Аранакс, і разлік гэты няцяжка праверыць. Між тым у мяне ёсць запасныя рэзервуары ёмкасцю ў сто тон. Дзякуючы ім я магу пагружацца на значныя глыбіні. Для таго, каб падняцца на ўзровень з паверхняю вады, мне даволі вызваліць гэтыя дадатковыя рэзервуары ад вадзянога баласта. Калі-ж я хачу, каб «Наўтылус» выплыў з вады на адну дзесятую частку свайго аб’ёму, я цалкам павінен апаражняць усе рэзервуары.

Мне не было чаго сказаць супраць гэтых разважанняў, якія грунтаваліся на дакладных лічбах.

— Я прымаю вашы разлікі, капітан, — сказаў я. — І сапраўды, смешна было-б супярэчыць, калі практыка штодня пацвярджае іхнюю правільнасць. Але ў мяне ўзнікае яшчэ адно сумненне.

— Якое?

— Калі вы апускаецеся на глыбіню ў тысячу метраў, сценкі корпуса «Наўтылуса» адчуваюць ціск у сто атмасфер. Значыцца, калі вы на такой глыбіні захочаце апаражніць рэзервуары, каб аблегчыць ваш карабель і ўзняцца на паверхню, дык насосам, што выштурхоўваюць ваду з рэзервуараў, прыйдзецца перамагчы дадатковае супраціўленне ў сто кілаграмаў на кожны квадратны сантыметр. А гэта патрабуе ад насосаў такой магутнасці…

— Якую можа даць толькі электрычнасць, — перапыніў мяне капітан Нэма. — Паўтараю, прафесар, магутнасць маіх машын амаль бязмежная. Насосы «Наўтылуса» надзвычай моцныя. Вы павінны былі ў гэтым пераканацца, калі на палубу «Аўраама Лінкальна», як вадаспад, выліліся выкінутыя імі слупы вады. Між іншым, дадатковымі рэзервуарамі я карыстаюся толькі ў тых выпадках, калі хачу пагрузіцца на глыбіню ад паўтары да двух тысяч метраў, — каб не перагружаць свае батарэі. А калі мне прыйдзе ў галаву фантазія наведаць самыя глыбокія месцы акіяна — на восемдзесят тысяч метраў ад яго паверхні, — я ўжываю другія манеўры, мажліва, больш складаныя, але такія-ж пэўныя.

— Якія-ж, капітан?

— Для таго, каб вы зразумелі іх, я павінен спачатку расказаць вам, як я кірую «Наўтылусам».

— Мне вельмі рупіць даведацца пра гэта.

— Каб накіроўваць судна ўправа-улева, ці, другімі словамі, у гарызантальнай плоскасці, я карыстаюся звычайным стырном, умацаваным пад кармою. Стырно гэта прыводзіцца ў рух штурвалам і штуртросамі. Але можна таксама накіроўваць «Наўтылус» і ў вертыкальнай плоскасці — згары ўніз і знізу ўгару — пры дапамозе двух плоскасцей, свабодна прымацаваных да яго бартоў каля ватэрлініі. Плоскасці рухаюцца ў вертыкальным напрамку знутры судна спецыяльнымі рычагамі. Калі плоскасці ўстаноўлены паралельна кілю, «Наўтылус» ідзе па гарызанталі. Калі яны нахілены, «Наўтылус», у залежнасці ад вугла іх нахілу, або апускаецца па дыяганалі, або падымаецца па дыяганалі-ж, прычым даўжыня гэтай дыяганалі цалкам залежыць ад майго жадання. Больш таго, калі я хачу паскорыць пад’ём, я спыняю вінт, і ціск вады выштурхоўвае «Наўтылус» на паверхню па вертыкалі, як напоўнены вадародам аэрастат.

— Брава, капітан! — крыкнуў я. — Але кіраванне пагружаным у ваду «Наўтылусам» адбываецца наўздагад?

— Нічога падобнага. Стырнавы знаходзіцца ў будцы, якая выступае над палубай «Наўтылуса» ў насавой частцы. Ілюмінатары гэтай будкі маюць тоўстыя чачавіцападобныя шкелцы.