Выбрать главу

— Шкло, вытрымліваючае такія ціскі?

— Так. Крышталь крохкі пры падзенні або штуршку, уладае у той-жа час значнай трываласцю. У 1864 годзе ў часе вопытаў лоўлі пры электрычным асвятленні ў Паўночным моры крышталёвыя пласцінкі таўшчынёю ў сем міліметраў вытрымалі ціск у шаснаццаць атмасфер. А шкло, якім я карыстаюся, мае таўшчынёю ў цэнтры ў дваццаць адзін сантыметр, гэта значыць, яны ў трыццаць разоў таўсцейшыя.

— Я зразумеў. Але для таго, каб бачыць, трэба каб святло рассейвала цемру, і я пытаю сябе, якім чынам у цёмных глыбінях…

— За стырнавой будкай змяшчаецца магутны электрычны рэфлектар, — перапыніў мяне капітан Нэма, — праменні якога асвятляюць ваду на паўмілі наперад.

— Брава, тройчы брава, капітан! Цяпер мне зразумела гэтае электрычнае асвятленне вядомага нам «нарвала», якое так дзівіла вучоных. Дарэчы, дазвольце даведацца: ці толькі выпадкова сутыкнуліся «Наўтылус» з «Шатландыяй», нарабіўшы столькі шуму ва ўсім свеце?

— Зусім выпадкова, прафесар. Я плыў на двух метрах пад паверхняй вады, калі адбылася сутычка. Але-ж я адразу ўбачыў, што ніякай бяды не здарылася.

— Зусім правільна. «Шатландыя» шчасліва дабралася да порта. Ну, а ваша сустрэча з «Аўраамам Лінкальнам»?..

— Спадар прафесар, я сам спачуваю гэтаму лепшаму з караблёў адважнага амерыканскага флота, але ён нападаў на мяне, і я павінен быў абараняцца. Але-ж я абмежаваўся тым, што пазбавіў фрэгат магчымасці нападаць на мяне, — яму няцяжка будзе залячыць свае раны ў бліжэйшым порце.

— О, капітан, — вырвалася ў мяне, — «Наўтылус» сапраўды цудоўны карабель!

— Так, прафесар, — з прыкметным хваляваннем у голасе адказаў капітан Нэма. — Я люблю яго, як роднае дзіця. Караблі, што плаваюць па паверхні акіяна, сустракаюць тысячы небяспек. Кожная выпадковасць можа стаць для іх гібельнай. А тут, у глыбіні мора, чалавеку няма чаго непакоіцца. Не даводзіцца баяцца сплюшчвання ад ціску — корпус гэтага судна мацней за жалеза. У яго няма такелажу, які «стомліваецца» ад бур. Няма парусоў, якія можа сарваць вецер. Няма катлоў, якія могуць выбухнуць. Не страшны пажар, бо на ім няма драўляных частак. Няма вугалю, запасы якога хутка трацяцца — ён-жа рухаецца толькі электрычнасцю. Не страшны сутычкі, бо толькі ён адзін вандруе ў нетрах акіянаў. Не з’яўляюцца небяспекаю і буры, бо на некалькі метраў пад паверхняю акіяна заўсёды пануе непарушальны спакой. Вось, прафесар, ідэальны карабель! І калі праўда, што вынаходца заўсёды больш дае веры свайму судну, як інжынер-канструктар, а гэты апошні больш, як капітан, дык вы зразумееце, з якім бязмежным давер’ем станаўлюся да «Наўтылуса» я, адначасова і вынаходца, і канструктар, і капітан судна!

Капітан Нэма гаварыў з велізарным уздымам. Агонь, што загарэўся ў яго вачах, жвавасць рухаў рэзка змянілі яго.

У мяне ўзнікла адно пытанне, і, хаця яно магло палічыцца недалікатным, я не ўтрымаўся і задаў яго капітану Нэма:

— Выходзіць, што вы інжынер па адукацыі?

— Так, — адказаў ён. — У той час, калі я быў яшчэ зямным жыхаром, я вучыўся ў Лондане, Парыжы і Нью-Ёрку.

— Але як вам удалося пабудаваць цішком ваш непараўнальны «Наўтылус»?

— Кожная частка яго, спадар прафесар, рабілася ў розных кутках зямнога шара, і заводам гаварылася выдуманае прызначэнне іх. Кіль «Наўтылуса» быў выкаваны на заводах Крэзо ў Францыі; грэбны вал — у Пэна і Ко. у Лондане; вінт — у Скота ў Глазго; рэзервуары — у Капля і Ко. у Парыжы; машыну зрабілі заводы Крупа ў Германіі; таран — шведскі фабрыкант Мотана; складаныя прыборы — браты Барт у Нью-Ёрку і так далей і да таго падобнае. Кожны з пастаўшчыкоў атрымаў мае чарцяжы, падпісаныя іншым імем.

— Але, — заўважыў я, — недастаткова-ж было атрымаць часткі, трэ’ было іх сабраць, прыгнаць…

— Я пабудаваў сабе верф на адным бязлюдным астраўку, загубленым у акіяне. Там навучаныя мною рабочыя, лепш сказаць мае таварышы, пад маім назіраннем сабралі «Наўтылус». Калі зборка закончылася, агонь знішчыў усе сляды нашага прабывання на астраўку. Каб хапіла моцы — я пусціў-бы ў паветра і самы астравок.

— Трэба лічыць, што карабель абышоўся вам у велізарныя сумы?

— Звычайна жалезны карабель каштуе тысячу сто дваццаць пяць франкаў з кожнай тоны вагі. Мой «Наўтылус» важыць тысячу пяцьсот тон. Значыцца, ён каштуе без малага два мільёны франкаў, калі лічыць толькі кошт яго абсталявання, і чатыры-пяць мільёнаў разам з калекцыямі і прадметамі мастацтва, што хаваюцца на ім.

— Дазвольце задаць апошняе пытанне, капітан?