Выбрать главу

— Давайце паглядзім спачатку, які такі востраў Крэспо.

Пашукаўшы на карце, я знайшоў пад 32°40´ паўночнай шыраты і 167°50´ заходняй даўгаты астравок. У 1801 годзе яго адкрыў капітан Крэспо. На старых іспанскіх картах ён называўся — Рока дэ ля Плата, што ў перакладзе азначае «Сярэбраная скала».

Гэты астравок быў прыкладна за тысяча восемсот міль ад пункту нашага адпраўлення: «Наўтылус», такім чынам, некалькі змяніў першапачатковы курс і накіраваўся цяпер да паўднёвага ўсходу.

Я паказаў сваім таварышам на гэтую маленечкую кропку, загубленую на карце ў прасторах паўночнай часткі Ціхага акіяна.

— Ясна, што калі капітан Нэма іншы раз і выходзіць на сушу, то ён выбірае для гэтага зусім незаселеныя астравы.

Нэд Лэнд, не адказваючы, паківаў галавой. Потым ён і Кансель пайшлі.

Пасля вячэры, паданай спакойным нібы нямым сцюардам, я лёг спаць некалькі заклапочаны.

Наступнай раніцай, 17 лістапада, прачнуўшыся, я адчуў, што «Наўтылус» стаіць зусім нерухома.

Я спрытна апрануўся і выйшаў у салон.

Капітан Нэма ўжо знаходзіўся там. Ён падняўся мне насустрач, пакланіўся і запытаў ці згодзен я суправаджаць яго.

Паколькі ён не рабіў ніякага намёку на сваю васмідзённую адсутнасць, я асцярогся загаварыць аб гэтым і каротка адказаў, што мае таварышы і я сам гатовы ісці следам за ім.

— Дазвольце толькі капітан, — дадаў я, — задаць вам адно пытанне.

— Калі ласка, прафесар, — сказаў ён. — Калі я змагу, я адкажу вам.

— Як здарылася, капітан, — запытаўся я, — што парваўшы ўсе сувязі з зямлёй, вы валодаеце лясамі на востраве Крэспо?

— Бачыце, прафесар, — адказваў мне капітан, — лясы, якімі я валодаю, не патрабуюць ад сонца ні цеплыні, ні святла. У іх не водзяцца ні львы, ні тыгры, ні пантэры, ні наогул чацвераногія. Пра іх існаванне ведаю толькі я адзін. Яны і растуць толькі для мяне… Гэта не зямныя, а падводныя лясы.

— Падводныя лясы?! — ускрыкнуў я.

— Так, прафесар.

— І вы прапануеце мне ісці туды?

— Зусім правільна.

— Пехатою?

— Нават не замачыўшы ног.

— І паляваць?

— Так, паляваць.

— Са стрэльбай?

— Са стрэльбай.

Я кінуў на капітана Нэма позірк, у якім не было нічога прыемнага для яго.

«Няма сумнення, — падумаў я, — гэты чалавек псіхічна хворы; у яго толькі што быў прыступ хваробы, якая працягвалася восем дзён, а мажліва працягваецца яшчэ і цяпер. Шкада! Я лепш хацеў-бы лічыць яго за чалавека з дзівацтвам, чымся вар’ятам».

Гэтыя думкі, напэўна, лёгка было прачытаць на маім твары.

Але капітан Нэма, нічога не гаворачы, жэстам прапанаваў мне пайсці за сабой, і я пайшоў з выглядам чалавека, гатовага да ўсялякіх здарэнняў.

Мы прайшлі ў сталовую, дзе нас ужо чакала снеданне.

— Спадар Аранакс, — сказаў капітан, — сядайце, калі ласка, і закусвайце без цырымоніі. За снеданнем мы пагаворым. Я абяцаў вам падводны шпацыр, але не падводны рэстаран. Таму раю вам снедаць больш грунтоўна, бо палуднаваць мы зможам толькі ўвечары.

Я паслухаўся гэтай парады і аддаў належную ўвагу снеданню. Яно складалася з разнастайных рыб, прыпраўленых марскімі водарасцямі.

Запівалі мы снеданне чыстай вадой, да якой, беручы прыклад ад капітана, я дадаў некалькі капель перабрадзіўшага настою водарасцяў пад назвай «перапончатай радаменіі».

Спачатку капітан Нэма еў моўчкі.

Але крыху пад’еўшы, ён сказаў:

— Я думаю, прафесар, што атрымаўшы запрашэнне на паляванне ў лес вострава Крэспо, вы палічылі мяне непаслядоўным. Калі-ж вы даведаліся, што я запрашаю вас у падводны лес, вы рашылі, што я звар’яцеў. Спадар прафесар, ніколі не трэба павярхоўна судзіць аб людзях!

— Але, капітан, паверце, што…

— Будзьце ласкавы выслухаць мяне, а пасля судзіце, ці варты я абвінавачвання ў непаслядоўнасці альбо ў вар’яцтве.

— Я слухаю вас.

— Вы ведаеце таксама, як і я, прафесар, што чалавек можа знаходзіцца пад вадой пры ўмове, калі ён забірае з сабою дастатковы запас паветра для дыхання. Пры падводных работах рабочыя-вадалазы, апранутыя ў непрамакальную вопратку і ў абараняючы галаву металічны шлём, атрымліваюць паветра з паверхні праз спецыяльны шланг, злучаны з насосам і рэгулятарам для знішчэння вуглекіслага газу.

— Так, гэта вопратка завецца скафандрам.

— Правільна. Але апрануты ў скафандр вадалаз не можа быць вольным. Яго звязвае гумавы шланг, праз які насосы падаюць яму паветра. Гэта сапраўдны ланцуг, які прыкоўвае яго да зямлі. Каб мы былі таксама прыкаваны да «Наўтылуса», мы не далёка пайшлі-б.