Выбрать главу

— А які-ж спосаб быць вольным? — запытаўся я.

— Карыстацца прыладай Рукверойля-Дэнейруза. Гэтая прылада вынайдзена абодвума вашымі адназемцамі, спадар прафесар, і ўдасканалена мною настолькі, што вы можаце адправіцца ў ім пад ваду — у асяроддзе з зусім іншымі фізіялагічнымі ўмовамі — без ніякай шкоды для свайго здароўя. Апарат — гэта рэзервуар з тоўстага ліставога жалеза, у які нагнана паветра пад ціскам у пяцьдзясят атмасфер. Рэзервуар прымацоўваецца на спіну пры дапамозе рэменя таксама, як ранец на спіне салдата. У верхняй частцы рэзервуара прымайстравана прылада накшталт кавальскага меха, якая разрэджвае ціск паветра да звычайнага і толькі ў такім выглядзе прапускае паветра праз клапан. У звычайнай прыладзе Рукверойля-Дэнейруза дзве гумавыя трубкі, злучаныя з рэзервуарам, падводзяцца да асобнай маскі, якую накладаюць на рот і нос вадалаза. Адна служыць для ўдыхання паветра з рэзервуара, а другая — для выдалення вуглекіслата газу, які выдыхаецца. Вадалаз адчыняе то адну, то другую трубку языком, у залежнасці ад таго, ці хоча ён удыхнуць, ці выдыхнуць паветра. Але мне для таго, каб вытрымліваць значны атмасферны ціск на дне мораў, прыйшлося замяніць гэтую маску мядзянай каскай для галавы і да яе ўжо прымацаваць трубкі для ўдыхання і выдыхання.

— Вельмі добра, капітан. Але паветра, якое вы нясеце з сабою, павінна хутка траціцца, а як толькі наяўнасць кіслароду ў ім падае ніжэй пятнаццаці адсоткаў, ён робіцца шкодным для дыхання.

— Гэта верна, прафесар. Але я вам ужо сказаў, што насосы «Наўтылуса» дазваляюць мне нагнятаць паветра ў рэзервуар пад значным ціскам. Пры гэтых умовах рэзервуар забяспечвае запас паветра для дыхання пад вадой на дзевяць-дзесяць гадзін.

— Мне няма чаго болей супярэчыць, — сказаў я. — Дазвольце толькі запытацца ў вас, капітан, якім чынам вы асвятляеце сабе шлях у глыбіні акіяна?

— Апаратам Румкорфа, прафесар. Рэзервуар са сціснутым паветрам умацоўваецца на спіне, а гэты — каля пояса. Ён складаецца з элемента Бунзена, які я зараджаю натрыем, а не двухромакіслым каліем, як звычайна. Індукцыйная шпулька збірае вырабляемы ток і накіроўвае яго да ліхтара асобнай канструкцыі: ён складаецца са змеепадобнай, пустой шклянай трубкі, напоўненай вуглекіслым газам. Калі апарат працуе, газ свеціцца досыць яркім белесаватым святлом. Узброены такім чынам, я дыхаю і бачу пад вадой.

— Капітан Нэма, на ўсе мае супярэчанні вы даеце такія вычарпальныя адказы, што я не магу больш ні ў чым сумнявацца. Аднак-жа, прызнаўшы сябе пераможаным апаратамі Рукверойля і Румкорфа, я спадзяюся яшчэ ўзяць рэванш на стрэльбах, якімі вы абяцалі ўзброіць нас.

— Але-ж гэта не агнястрэльныя стрэльбы, якія зараджаюцца порахам, — сказаў капітан.

— Значыцца, яны дзейнічаюць сціснутым паветрам?

— Вядома. Ну, як-бы я стаў вырабляць порах на «Наўтылусе», дзе няма ні селітры, ні серы, ні вугалю.

— Але-ж, каб страляць пад вадой, дзе асяроддзе ў тысячу восемсот пяцьдзясят разоў больш сціслае, чым паветра, куля павінна перамагчы велізарнае супраціўленне.

— Гэта не перашкаджае маім стрэльбам. Дарэчы кажучы, існуюць гарматы, удасканаленыя пасля Фультона англічанамі Філіпам Кольсам і Берлеем, французам Фурсі і італьянцам Ландзі, якія могуць страляць і ў гэтых умовах. Але, паўтараю, не маючы пораху, я замяніў яго ў сваіх стрэльбах сціснутым паветрам, запас якога, дзякуючы насосам «Наўтылуса», вядома, неабмежаваны.

— Але гэты запас павінен адразу-ж вычарпацца, пасля кожнага стрэлу.

— Што-ж, хіба ў мяне няма за спіной рэзервуара Рукверойля, каб перазараджаць стрэльбу? Для гэтага досыць толькі пакруціць кран. Аднак вы самі ўбачыце, прафесар, што ў час падводных паляванняў не даводзіцца траціць шмат сціснутага паветра, а таксама і куль.

— Але мне здаецца, што ў пануючым на дне змроку і пры большай сцісласці вадкага асяроддзя ў параўнанні з паветрам, стрэлы не патрапяць на далёкую адлегласць і не могуць быць смяротнымі.

— Наадварот, прафесар, усе стрэлы гэтай стрэльбы — смяртэльныя, і калі жывёла хоць крыху кранута куляй, яна падае, быццам забітая маланкай.

— Чаму?

— Таму што мае стрэльбы б’юць не простымі, а маленькімі шклянымі кулямі, вынайдзенымі аўстрыйскім хімікам Ленібрэкам. У мяне даволі значны запас гэтых снарадаў. Гэтыя шкляныя маленькія кулі, аточаныя сталёвай абалонкай, абцяжаранай свінцовай абкладкай, ёсць сапраўдныя маленькія лейдэнскія банкі, якія маюць у сабе электрычны зарад высокага напружання. Пры самым лёгкім штуршку яны разраджаюцца, і жывёліна, якой-бы вялікай яна не была, падае мёртвай. Я дадам, што гэтыя шкелкі не буйнейшыя за шрот нумар чатыры і што звычайны стрэльбавы зарад мае ў сабе не менш дзесяці шкелак.