Выбрать главу

— Здаюся, — сказаў я, падымаючыся з-за стала. — Вы перамаглі ўсе мае супярэчанні. Мне застаецца толькі ўзброіцца сваёй стрэльбай і пайсці за вамі, куды-б вы ні пайшлі.

Капітан Нэма павёў мяне на карму «Наўтылуса». Праходзячы ля каюты Нэда Лэнда і Канселя, мы клікнулі іх, і яны зараз-жа далучыліся да нас.

Усе разам мы пайшлі ў камеру, якая знаходзілася непасрэдна за машыннай залай. Тут мы павінны былі апрануцца ў скафандры для падводнай прагулкі.

Раздзел шаснаццаты

Прагулка па раўніне

Гэтая камера была адначасова і арсеналам і гардэробнай «Наўтылуса». Напэўна тузін скафандраў вісеў на сценах, чакаючы паляўнічых.

Нэд Лэнд, паглядзеўшы на скафандры, зрабіў крывую міну. Яму, відаць, непрыемна было апранаць гэты цяжкі гарнітур.

— Вы павінны ведаць, Нэд, — сказаў я адважнаму канадцу, — што лясы вострава Крэопо — падводныя!

— Вось дык штука, — расчаравана працягнуў гарпуншчык, бачачы, як рассейваюцца ўшчэнт яго мары аб куску свежага мяса. — А вы, спадар прафесар, — запытаўся ён мяне, — збіраецеся ўлезці ў гэтую збрую?

— Абавязкова, дарагі Нэд.

— Вольнаму воля, — адказаў Нэд Лэнд, паціскаючы плячыма, — але, калі мяне не прымусяць да гэтага сілай, добраахвотна я ў іх не палезу!

— Вас ніхто прымушаць не будзе, містэр Лэнд, — сказаў капітан Нэма.

— А Кансель рызыкне? — запытаўся Нэд.

— Я пайду за гаспадаром усюды, — адказаў Кансель.

Па кліку капітана два матросы прыйшлі дапамагаць нам апрануцца ў гэтыя цяжкія непрамакальныя вопраткі, зробленыя з гумы, без шва. Гэтыя, разлічаныя на высокі ціск скафандры, нагадвалі часткова панцыр сярэдневяковага рыцара, але адрозніваліся ад яго сваёй гнуткасцю.

Адзежа складалася з курткі, штаноў і тоўстых ботаў з падбітымі свінцом падэшвамі. Тканіна курткі была нацягнута на медныя абады, якія абаранялі грудзі ад ціску вады і дазвалялі вольна дыхаць. Рукавы курткі канчаліся мяккімі рукавіцамі, не перашкаджаўшымі руху пальцаў.

Капітан Нэма, адзін з яго матросаў — сапраўдны Геркулес па выгляду і відаць надзвычайна дужы, Кансель і я — усе мы хутка апранулі скафандры. Патрэбна было толькі прасунуць галаву ў металічную каску.

Але перад тым я папрасіў дазволу капітана праверыць стрэльбу, якая мне прызначалася.

Адзін з матросаў даў мне звычайную на выгляд стрэльбу, але з трохі большым, як у агнястрэльнай прыкладам, пустым у сярэдзіне і зробленым з сталі. Прыклад гэты служыў рэзервуарам для сціснутага паветра, якое вырывалася ў дула, у той час, калі апушчаны курок адсоўваў клапан рэзервуара. Абойма з кулямі, прымацаваная да казённай часткі стрэльбы, змяшчала штук дваццаць электрычных куль, якія асобнай пружынай аўтаматычна падаваліся ў дула. Як толькі са стрэльбы вылятала куля, яе месца займала зараз-жа другая.

— Капітан Нэма, — сказаў я. — Гэта надзвычайная зброя і вельмі простая ва ўжыванні. Я хацеў-бы, хутчэй выпрабаваць яе на справе. Але якім чынам мы спусцімся на дно?

— «Наўтылус» стаіць цяпер на дне, на глыбіні дзесяці метраў. Мы можам ісці, прафесар.

— Але як мы выйдзем з карабля?

— Зараз убачыце.

І капітан Нэма надзеў на галаву медную каску. Кансель і я зрабілі тое самае. На развітанне Нэд Лэнд не без іроніі пажадаў нам шчаслівага палявання.

Вакол каўняра маёй курткі быў зроблены медны абруч са шрубавай нарэзкай, на які навінчвалася медная каска. Тры адтуліны ў касцы са ўстаноўленымі ў іх таўстымі шыбамі давалі магчымасць глядзець ва ўсе бакі, варочаючы галаву ў сярэдзіне каскі. Як толькі каска была завінчана, пачаў працаваць апарат Руквейроля, прымацаваны за спіною.

Надзеўшы на пояс лямпу Румкорфа, я ўзброіўся стрэльбай і быў гатовы адправіцца. Але, каб быць шчырым, прызнаюся, што ў цяжкім скафандры, прыкаваны да падлогі ботамі, налітымі свінцом, я адчуў, што не здолею зрабіць ніводнага кроку.

Але, відаць, гэта было звычайнай справай. Мяне вывалаклі ў маленькую кабінку побач з гардэробнай. Маіх спадарожнікаў выпхалі следам за мной такім-жа чынам. Я чуў, як за намі зачыніліся дзверы і мы апынуліся ў абсалютнай цемры.

Праз некалькі хвілін да маіх вушэй данёсся моцны свіст. Я адчуў, як нешта халоднае паднімаецца ад ног да грудзей. Відаць, знутры карабля адчынілі кран, які дае доступ марской вадзе, і яна залівала зараз кабінку, у якой мы знаходзіліся. Як толькі вада запоўніла ўсю кабінку, расчыніліся другія дзверы, прабітыя ў барту «Наўтылуса» і мы ўбачылі бледны змрок. Праз секунду мы ўжо ступалі па дну мора.