Выбрать главу

Як мне цяпер апісаць уражанні ад гэтай экскурсіі па дну марскому? Словы не могуць перадаць бачаныя мною цуды. Калі нават пэндзаль мастака не можа намаляваць дзіўныя эфекты воднай стыхіі, дык як-жа патрабаваць гэтага ад пяра?

Капітан Нэма ішоў наперадзе. Яго матрос ішоў апошнім. Кансель і я ішлі побач пасярэдзіне, як быццам можна было гутарыць праз нашы металічныя каскі. Я больш не адчуваў цяжару скафандра, свінцовых ботаў, рэзервуара са сціснутым паветрам і металічнай каскі, у якой мая галава боўталася, як арэх у лушпіне. Усе гэтыя прадметы, апушчаныя ў ваду, гублялі ў вазе акурат столькі, колькі важыла вада, якую яны выціскалі. Я дзякаваў гэтаму фізічнаму закону, адкрытаму яшчэ Архімедам і даўшаму магчымасць рухацца.

Мяне здзівіла яркае святло, якое залівала дно, не гледзячы на трыццаціфутавы пласт вады. Сонечныя праменні вольна пранізвалі гэтую водную тоўшчу і нібы знішчалі яе колер. Я выразна бачыў драбнюткія прадметы за сотню метраў ад мяне. Далей абрысы рабіліся цмянымі, фарбы згушчаліся, сінелі і нарэшце ўсё знікла ў сінім змроку. Асяроддзе, якое атуляла мяне, здавалася тым-жа паветрам, больш сціслым, чымся зямная атмасфера, але не менш празрыстым. Над сабою я бачыў спакойную паверхню мора.

Мы крочылі па дробнаму, сцісламу і ідэальна гладкаму пяску, не маючаму тых зборак, што хвалі пакідаюць на ўзбярэжных пясках. Гэтае дно служыла сапраўдным рэфлектарам для сонечных прамянёў. Вось чаму так ярка былі асветлены водныя тоўшчы, кожная малекула якіх была літаральна пранізана святлом. Ці павераць мне, калі я скажу, што на гэтай глыбіні ў трыццаць футаў было таксама светла, як на паверхні вады ў светлы дзень?

На працягу чвэрці гадзіны мы ступалі па гэтаму іскрыстаму пясчанаму дну, пасыпанаму недатыкальным пылам мільярдаў драбнюткіх ракушак. Корпус «Наўтылуса», які здаваўся на адлегласці доўгай скалою, памалу раставаў у аддаленні: яго пражэктар, калі на дне надыйдзе ноч, павінен быў сваімі яркімі промнямі палегчыць нам зварот на борт.

Мы ўсё ішлі і ішлі, а прасторная пясчаная раўніна, здавалася не мела межаў. Я рассоўваў рукамі рэдкія фіранкі, але яны зараз-жа злучаліся за маёй спіной, і ціск вады ў момант знішчаў сляды маіх крокаў на пяску. Нарэшце ўводдалі цмяна пачалі вызначацца нейкія абрысы. Падышоўшы бліжэй, я разглядзеў падводныя скалы, густа заросшыя зоафітамі. Тут мне кінуўся ў вочы эфект, які ўласцівы толькі вадкаму асяроддзю.

Было каля дзесяці гадзін раніцы. Сонечныя праменні падалі ў ваду пад вострым вуглом, і святло іх пералівалася ў вадзе нібы ў прызме, афарбоўвала бакі кветак, скал, паліпаў, раслін ва ўсе сем колераў сонечнага спектра. Гэты колерны хаос, гэты калейдаскоп яскравых фарбаў — фіялкавай, сіняй, блакітнай, зялёнай, жоўтай, аранжавай і чырвонай, рассыпаных у вадзе, як на палітры тэмпераментнага мастака, быў сапраўдным святам для вачэй, быў сапраўдным цудам!

Як прыкра было, што я не мог падзяліцца з Канселем сваімі адчуваннямі, той радасцю, якая хваляй залівала мяне і шукала выйсця ў гуках, і як я шкадаваў, што не ведаў мовы знакаў, на якой капітан Нэма размаўляў са сваімі матросамі! І вось, не маючы нічога лепшага, я размаўляў сам з сабою, крычаў у мядзяную каску, якая закрывала мне галаву, мажліва трацячы на бескарысныя словы больш паветра, як трэба было.

Кансель, таксама як і я, спыніўся, ашаломлены гэтым дзівосным відовішчам.

Мне здалося, праўда, што добры хлапец, убачыўшы зоафітаў і малюскаў, пачаў класіфікаваць…

Дно было ўсеянае мноствам паліпаў і ігласкурых. Разнастайныя асцідыі, карпулярыі, якія жывуць у адзіноцтве, пушыстыя акуліны, якіх раней называлі «белымі караламі», фунгіі, маючыя форму шампіньёнаў, актыніі з вянцом шчупальцаў вакол рота, — стваралі сапраўдны кветнік. Але лепшымі аздобамі гэтага марскога саду былі парпіты з мярэжнымі каўнярамі блакітных шчупальцаў, марскія звёзды, складаўшыя цэлыя сузор’і на пяску, астэрафіты, далікатныя мярэжы якіх, быццам сплеценыя рукамі наяд[34], павольна варушыліся ад слабага вагання вады, якое выклікаў наш прыход, і нарэшце Pelagia panopyra, якая асвятляла-б нам шлях сваім фасфарычным бляскам, каб мы ішлі ўначы.

Я шчыра шкадаваў, калі мне прыходзілася душыць пад ботамі выдатных малюскаў, тысячамі засцілаўшых дно, — кальмараў, грабенчатых вісельнікаў, шкляначак, птэратрахей, байдарак і шмат іншых твораў невычарпальнага ў сваім багацці акіяна.

Але трэба было ісці ўперад, і мы ішлі. Над нашымі галовамі павольна плылі атрады фізалій з развінутымі нябесна-блакітнымі шчупальцамі і медуз, светларужовыя апалавыя шапкі якіх, з блакітным паскам па краях, баранілі нас ад сонечных праменняў.

вернуться

34

Наяды — у старагрэцкай міфалогіі — жаночыя духі вод.