Выбрать главу

Усе гэтыя цуды я назіраў на працягу якой-небудзь чвэрці мілі, нахаду, амаль не спыняючыся, спяшаючыся за капітанам Нэма, які хутка ішоў наперад. Неўзабаве характар грунта змяніўся. Пясок змяніўся пластом тваністага глею, які амерыканцы завуць «оазам». Гэты глей складаўся галоўным чынам з крамністых альбо вапнавых ракушак. Затым мы прайшлі па заросшай водарасцямі паляне. Падводныя лугавінкі, пакрытыя густой расліннасцю, слаліся пад нагамі, як пухкі дыван, вытканы таленавітым майстрам.

Расліны цвілі не толькі пад нагамі ў нас, але і над нашымі галовамі. Мы ішлі нібы па алеі са столлю з марскіх раслін, належачых да пладлівейшага сямейства водарасцяў, у якім амаль дзве тысячы членаў. Тут былі даўгія стужкі фуксій, круглыя альбо трубчатыя лаўрэнцыі, кладастэфы з тонкімі лістамі, перапончатыя радамены, нагадваючыя вееры кактусаў.

Я заўважыў, што зялёныя водарасці трымаліся бліжэй да паверхні мора, чырвоныя — на сярэдняй глыбіні, карычневыя і чорныя стваралі кветнікі і сады ў самых глыбокіх пластах акіяна.

Водарасці — сапраўдны цуд прыроды. Да гэтага сямейства належаць адначасова і самыя маленькія і самыя буйныя расліны ў свеце. Так, побач з мікраскапічнымі водарасцямі, сорак тысяч штук якіх умяшчаюцца на плошчы ў пяць квадратных міліметраў, вядомы і водарасці, маючыя звыш пяцісот метраў у даўжыню.

Прайшло ўжо гадзіны паўтары з таго часу, як мы пакінулі «Наўтылус».

Надыходзіў поўдзень. Я заўважыў гэта таму, што сонечныя праменні пачалі падаць стромка, не пераламляючыся ў вадзе. Фантастычнае багацце фарбаў паволі блякла, і сапфіравыя ды смарагдавыя тоны знікалі над нашымі галовамі. Мы мерна шагалі ўперад, і стук нашых крокаў аддаваўся з незвычайнай выразнасцю. Малейшыя шумы разыходзіліся са шпаркасцю, да якой вуха не прызвычаілася на зямлі. І сапраўды, вада-ж лепшы праваднік гуку, як паветра, і гук распаўсюджваецца ў ёй у чатыры разы хутчэй.

Тым часам дно зрабілася прыкметна пакатым. Мы знаходзіліся цяпер на глыбіні ў сто метраў і адчувалі ціск у дзевяць атмасфер. Але, відаць, мой скафандр быў прыстасаваны да гэтых умоў, бо я аніколькі не цярпеў ад ціску. Я адчуваў толькі нейкае няўлоўнае сціскнанне ў суставах пальцаў, але і гэта трохі непрыемнае адчуванне хутка знікла. Ніякай стомы ад двухгадзіннай хады ва ўзбраенні, да якога ў мяне, натуральна, не было прывычкі, — я не адчуваў. Падтрымліваемы вадой, я рухаўся ў ёй незвычайна лёгка.

На гэтай глыбіні ў трыста футаў я яшчэ назіраў водблескі сонечнага святла, але ўжо ледзь значныя. Яркае святло дня змянілася чырванаватым змрокам, сярэднім паміж днём і ноччу. Аднак мы досыць добра бачылі дарогу, і яшчэ не прыйшоў час карыстацца лямпамі Румкорфа.

Раптам капітан Нэма спыніўся. Ён пачакаў, пакуль я да яго падыду, і выцягнуўшы палец уперад, паказаў мне на нейкую цмяную масу, што выразна вырысоўвалася ў поўзмроку недалёка ад нас.

«Гэта лес вострава Крэспо», падумаў я, і не памыліўся.

Раздзел сямнаццаты

Падводны лес

Нарэшце мы прышлі да ўзлесся, мабыць, аднаго з прыгажэйшых у неабсяжных уладаннях капітана Нэма. Ён лічыў гэты лес сваёй уласнасцю, прысвойваючы сабе тыя-ж правы, якія былі ў першых людзей у першыя дні існавання свету. Ды і хто яшчэ мог прэтэндаваць на права ўладання падводнымі маёнткамі? Хто іншы, больш смелы піянер, з’явіцца сюды з сякерай у руках высякаць драмучыя лясы?

Лес вострава Крэспо складаўся з вялікіх дрэвавідных раслін, і як толькі мы ўвайшлі пад яго прасторны шацёр, я быў здзіўлены адной асаблівасцю ў размяшчэнні галін. Нічога падобнага я да гэтага часу не бачыў!

Травянікі, якія засцілаюць дно і галлё на дрэвах, не гнуліся, не выгіналіся і не ляжалі ў гарызантальнай плоскасці — ўсе яны перпендыкулярна паднімаліся да паверхні акіяна. Самыя тонкія былінкі выцягваліся стрункай угару, як жалезныя пруты. Фуксіі і ліяны, пад уплывам шчыльнасці акружаючага асяроддзя, таксама выцягваліся ўгару па строга перпендыкулярнай лініі. Гэтыя расліны, калі я адсоўваў іх у бок, зараз-жа прымалі свой ранейшы стан, як толькі я апускаў руку.

Хутка я прызвычаіўся да гэтага дзіўнага царства вертыкальнасці, таксама як і да акружаючай нас адноснай цемры. «Глеба» ў лесе была ўсеяна вострым каменнем. Падводная флора здавалася мне дужа багатай.

Мне не адразу ўдалося адрозніць расліннае царства ад жывёльнага: я лічыў зоафіты за гідрафіты, і наадварот. І хто не памыліўся-б на маім месцы? Фауна і флора так-жа ж моцна звязаны ў гэтым падводным свеце!