Выбрать главу

Я заўважыў, што ўсе расліны штучна прыклейваліся да грунту, а не раслі з яго. У гэтым няма нічога дзіўнага: пазбаўленыя карэнняў, яны патрабуюць ад глебы не жыццёвых сокаў, а толькі пункта апоры. Таму яны з аднолькавай ахвотай селяцца і на камянях, і на пяску, і на гальцы і на ракушках. Гэтыя расліны жывуць, дыхаюць і харчуюцца вадой, якая іх акружае. Большасць з іх замест лісця выпускае маленькія пласцінкі самай дзіўнай формы. Афарбоўка гэтых пласцінак абмежавана гамай наступных колераў: ружовы, кармінавачырвоны, зялёны, аліўкавы, буры і карычневы. Я зноў убачыў тут, але ўжо не засушанымі, як у калекцыях «Наўтылуса», а поўнымі жыцця, падзін-паўлінаў, падобных да раскрытых веяроў, ярка-чырвоныя цэраміі, ламінарыі, выцягваючыя маладыя атожылкі, ніцевідныя нерэацістэі, якія цвітуць на вышыні пятнаццаць метраў, букеты ацэтабулаў, чыё сцябло ўтаўшчаецца ўгары, і мноства іншых марскіх раслін, якія не мелі кветак. «Які дзіўны свет, — сказаў адзін натураліст, — тут жывёлы цвітуць, а расліны не даюць кветак!»

Пад ценем розных дрэвавідных раслін, не ўступаючых па велічыні дрэвам умеранага пояса, віднеліся сапраўдныя зараснікі жывых кветак, цэлыя парканы з зоафітаў, пад якімі пышна красаваліся меандрыны з пакручастымі барознамі, жаўтаватыя карыяфілы з празрыстымі шчупальцамі, і для поўнай аналогіі з надземным садам — рыбы-мухі пераляталі з кветкі на кветку, як рой калібры, а з-пад ног у нас падымаліся, як зграі бекасаў, жоўтыя лепісаканты, дактыляптэры і монацэнтры.

А гадзіне дня капітан Нэма даў сігнал на адпачынак. З свайго боку, я быў вельмі задаволены гэтым. Мы расцягнуліся на дне пад ценем аларый, даўгія сцяблы якіх уздымаліся ўгару, як стрэлы.

Гэты адпачынак быў вельмі прыемны. Не хапала толькі магчымасці пагутарыць. Але ні гаварыць, ні слухаць нельга было. Я абмежаваўся тым, што прыблізіў сваю вялікую мядзяную галаву да гэткай-жа галавы Канселя і ўбачыў, што вочы майго слаўнага таварыша блішчаць ад захаплення. У знак свайго поўнага задавальнення ён смешна закруціў галавой унутры металічнай каскі.

Мяне дужа здзівіла, што пасля чатырохгадзіннай прагулкі я не адчуваў голаду. Чаму страўнік выяўляў гэтую ўмеранасць — я не ведаю. Але затое мне страшэнна хацелася спаць, як гэта бывае з вадалазамі. Павекі мае сплюшчваліся пад тоўстым шклом, і я аддаўся дрымоце, якой да гэтага часу перашкаджала толькі хада. Капітан Нэма і яго асілак-матрос першыя падалі прыклад і, расцягнуўшыся на сваім празрыстым вадкім ложы, моцна спалі.

Не магу сказаць, колькі часу я праспаў. Але калі я прачнуўся, сонца хілілася да заката. Капітан Нэма ўжо быў на нагах. Я толькі пачаў яшчэ пацягвацца, як раптам нечаканае з’явішча прымусіла мяне адразу ўскочыць на ногі.

За некалькі крокаў ад мяне стаяў велічэзны марскі павук, ростам у цэлы метр; вылупіўшы свае раскосыя вочы, ён, відаць, хацеў напасці на мяне. Хаця мой скафандр быў дастаткова шчыльным, каб абараніць мяне ад яго ўкусаў, але я ўсё-такі не мог устрымацца, каб не задрыжаць ад жаху. У гэтую хвіліну прачнуліся Кансель і матрос з «Наўтылуса». Капітан Нэма паказаў матросу на гэтую жывёліну, і ён забіў яе ўдарам прыклада.

Сустрэча з павуком навяла мяне на думку, што ў гэтых цмяных глыбінях маглі пражываць і іншыя жывёлы, больш страшныя, супроць якіх мой скафандр не з’явіцца дастатковай абаронай. Я вырашыў быць асцярожным.

Я думаў, што гэты адпачынак азначаў канец прагулкі, але аказалася, што я памыліўся, — замест таго, каб павярнуць да «Наўтылуса», капітан Нэма зноў пайшоў наперад.

Дно паступова ўсё больш зніжалася, і ідучы па яго пакатасці, мы адыходзілі ўсё далей у глыб мора. Павінна было быць каля трох гадзін дня, калі мы дасягнулі вузкай лагчыны, выкапанай паміж двума стромкімі скаламі на глыбіні ў сто пяцьдзесят метраў. Дзякуючы дасканаласці нашага вадалазнага адзення, мы апусціліся ўжо на дзевяноста метраў ніжэй таго рубяжа, які прырода, здавалася, устанавіла для падводных экскурсій чалавека.

Я вызначыў глыбіню нашага апускання ў сто пяцьдзесят метраў, хаця, вядома, ніякіх прылад для вымярэння адлегласці ад паверхні вады ў мяне не было. Але я ведаў, што нават у самых празрыстых марах сонечныя праменні не могуць пранікаць глыбей. Між тым на той глыбіні, дзе мы знаходзіліся, была поўная цемра. Прыходзілася ісці вобмацкам. Але раптам наперадзе бліснула даволі яркае святло. Гэта капітан Нэма засвяціў свой электрычны ліхтарык. Яго спадарожнік узяў з яго прыклад. Тады Кансель і я таксама засвяцілі свае ліхтары: мы павярнулі выключальнік, і змеевідная трубка, напоўненая газам, засвяцілася ад дзеяння электрычнага току. Пры злучаным святле нашых чатырох ліхтароў мора асвяцілася ў радыусе дваццаці пяці метраў.