Мой артыкул выклікаў гарачыя водгукі і стаў шырока вядомым, ён нават сабраў некаторую колькасць прыхільнікаў. Прапанаванае ў ім рашэнне загадкі давала значны матэрыял для фантазіі. Людзі любяць марыць аб незвычайным. Мора-ж акурат з’яўляецца тым адзіным асяроддзем, дзе сапраўды існуюць умовы для развіцця гіганцкіх істот, у параўнанні з якімі зямныя волаты — сланы і насарогі — здаюцца пігмеямі. У марской вадзе жывуць самыя буйныя прадстаўнікі сысуновых, як напрыклад кіты. Чаму-ж нельга думаць, што там водзяцца гіганцкія малюскі, страшэнныя ракападобныя — амары даўжынёю ў сто метраў — або крабы, якія важаць па дзвесце тон? Бо ў часы ранніх геалагічных эпох чацвераногія і чацверарукія птушкі і гады дасягалі каласальных памераў, і толькі праз дзясяткі, сотні тысячагоддзяў яны паменшыліся да сучасных памераў. Але чаму-б у моры, склад якога не ва ўсе часы заставаўся нязменным, у той час, як зямная кара безупынна відазмяняецца, не маглі захавацца прадстаўнікі жывёльнага свету даўніх часоў жыцця на зямлі? Чаму-б мору не захаваць у сваіх таямніцах апошнія разнавіднасці гэтых гіганцкіх першабытных істот, для якіх гадамі жыцця служаць нашы стагоддзі?
Але я захапіўся марамі, а гэта падыходзіць да мяне менш, як да каго-небудзь іншага.
Паўтараю, прырода гэтай надзвычайнай з’явы не выклікала больш спрэчак, і грамадства прызнала існаванне нейкай велізарнай жывёлы, якая не мае нічога агульнага з казачнымі марскімі змеямі.
Але калі для некаторых гэта было адцягненым пытаннем, маючым толькі навуковую цікаваць, то для іншых, людзей больш практычных, асабліва для англічан і амерыканцаў, зацікаўленых у бяспецы трансакіянскіх зносін, ясна вызначылася задача ачысціць акіян ад гэтага небяспечнага страшыдла.
Фінансавы і камерцыйны друк займаўся цяпер пытаннем аб страшыдле толькі з гэтага пункту гледжання. «Марскі агляд», «Газета Лойда», «Пакетбот», «Shipping and Mercantile gazette» — усе гэтыя друкаваныя органы страхавых таварыстваў, якім пагражалі вялікія страты, аднадушна патрабавалі бязлітаснай вайны супроць страшыдла.
Грамадская думка, і ў першую чаргу паўночнаамерыканская, была на баку газет. У Нью-Ёрку пачалі рыхтаваць экспедыцыю для палявання на нарвала. Быстраходны фрэгат «Аўраам Лінкальн» паспешна пачалі рыхтаваць у дарогу. Дзверы арсеналаў былі шырока адчынены перад камандзірам фрэгата, капітанам Фарагутам, які з усіх сіл стараўся паскорыць дзень адплыцця. Але, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, як толькі было прынята рашэнне аб праследванні страшыдла, яно перастала паказвацца. На працягу двух месяцаў ніхто нічога не чуў пра яго. Ніводзін карабель не сустрэў яго. Можна было падумаць, што нарвал пачуў, што супроць яго рыхтуюць паход. Пра гэта-ж так многа гаварылі па трансатлантычнаму падводнаму караблю! Жартаўнікі казалі, што хітры нарвал перахапіў якую-небудзь з шматлікіх тэлеграм і пастараўся загадзя дзе-небудзь схавацца.
Такім чынам, калі фрэгат быў гатоў у дарогу і абсталяваны ўсімі прыладамі для незвычайнай лоўлі, ніхто не ведаў, куды яму трэба накіроўвацца.
Усеагульная нецярплівасць дасягнула свайго вышэйшага пункта, калі 2 ліпеня пайшлі чуткі, што параход, які робіць рэйсы між Сан-Францыска і Шанхаем, сустрэў жывёлу каля трох тыдняў назад у паўночнай частцы Ціхага акіяна.
Гэтая навіна зрабіла вялікае ўражанне. Капітану Фарагуту не далі адтэрміноўкі нават на дваццаць чатыры гадзіны. Харчы былі пагружаны на борт, трумы ламаліся ад вугалю, каманда была ў поўным складзе. Заставалася толькі распаліць топкі, развесці пару і зняцца з якара.
Капітану Фарагуту не даравалі-б, каб ён затрымаўся хоць на поўдня. Ды ён і сам ірваўся ў дарогу.
За тры гадзіны да адыходу «Аўраама Лінкальна» мне далі ліст наступнага зместу:
ПАНУ ПРАФЕСАРУ АРАНАКСУ
Гасцініца Пятага авеню
Нью Ёрк.
Калі вы пажадаеце далучыцца да экспедыцыі на «Аўрааме Лінкальне», ураду Злучаных штатаў будзе прыемна ведаць, што Францыя, у Вашай асобе, удзельнічае ў гэтым мерапрыемстве. Капітан Фарагут прадаставіць Вам асобную каюту.
Сардэчна адданы Вам марскі міністр
Раздзел трэці
Як будзе пажадана гаспадару
За тры секунды перад атрыманнем ліста ад марскога міністра я столькі думаў аб праведванні нарвала, колькі аб спробе прарвацца праз льды Паўночна-заходняга прахода[8]. Праз тры секунды пасля атрымання ліста я зразумеў, што мая сапраўдная схільнасць, мая адзіная мэта жыцця заключалася ў прасле дваенні гэтага небяспечнага «страшыдла» і выратаванні ад яго свету.