Выбрать главу

Невад даў не менш тысячы фунтаў рыбы. Гэта быў шчаслівы, але не выключны ўлоў. Сапраўды, ён-жа цягнуўся за суднам шмат гадзін, убіраючы ў сябе ўсё, што сустракалася па дарозе. Цяпер мне стала ясна, што «Наўтылусу» пры шпаркасці яго руху і прывабнасці электрычнага пражэктара лёгка было мець заўсёды вялікі выбар свежай ежы.

Уся злоўленая рыба зараз-жа была знесена ў камбуз[35]: частку яе павінны былі скарыстаць для ежы ў свежым выглядзе, а рэшту захаваць на далейшае.

Рыбная лоўля скончылася, а «Наўтылус» ужо паспеў запасціся свежым паветрам. Я падумаў, што зараз карабель нырне пад ваду, каб прадоўжыць свой шлях і спадзяваўся ўжо звярнуцца ў свой пакой, як раптам, павярнуўшыся да мяне, капітан Нэма сказаў:

— Гляньце на акіян, прафесар! Хіба вам не здаецца, што гэта жывая істота, якая часам гневаецца, а часам бывае і ласкава? Учора ўвечары ён заснуў, таксама, як і мы, а сёння прачнуўся ў добрым гумары пасля спакойнай ночы.

«Ні добры дзень, ні бывайце! — падумаў я. — Збоку можа здацца, што гэты дзівачны чалавек працягвае даўно пачатую гутарку!»

— Глядзіце, — прадаўжаў капітан Нэма, — вось ён прачынаецца ад пяшчоты сонца, пачынае жыць сваім дзённым жыццём. Як цікава сачыць за з’явамі жыццедзейнасці яго арганізма. У яго ёсць пульс, ёсць артэрыі… Я зусім згодзен з вучоным Моры, які сцвярджае, што ён прыкмеціў у акіяне кругаварот з’явішч, акурат падобных да звароту крыві ў жывёлы!

Было зусім ясна, што капітан Нэма не чакаў ад мяне адказу. Таму я не стаў адказваць на яго гутарку бессэнсоўнымі «зусім правільна», «вы правы», «так», «вядома». Капітан, можна сказаць, гаварыў сам з сабой, робячы вялікія перапынкі паміж фразамі. Гэта былі думкі ўголас, якім не патрэбны чужы адказ.

— Так, — казаў ён, — у акіяне адбываецца безупынны калаўрот з’явішч, які абумоўліваецца тэмпературнымі зменамі, прысутнасцю солей і мікраарганізмаў. Тэмпературныя змены ствараюць розную шчыльнасць вады і як вынік гэтага — цячэнні і проціцячэнні. Выпарэнне вады — нязначнае ў палярных краях і зусім дастатковае ў экватарыяльных зонах, — раджае сталы абмен паміж трапічнымі і палярнымі водамі. Апрача таго я выявіў нязменны рух вады ад паверхні да дна і наадварот, сапраўднае дыханне акіяна. Я бачыў, як нагрэтая сонечнымі праменнямі малекула з паверхні мора спускалася ў глыбіню яго, астудзіўшыся дасягала сваёй максімальнай шчыльнасці, а потым зноў паднімалася да паверхні. Вы ўбачыце ля полюса вынікі гэтага з’явішча і ўразумееце, чаму вада можа абледзянець толькі на паверхні.

Пакуль капітан Нэма заканчваў сваю фразу, я паспеў падумаць. «Ля полюса? Няўжо гэты храбрэц хоча павесці нас туды?» Між тым капітан змоўк і ўставіўся вачыма ў акіян, які ён так старанна, любоўна і безупынна вывучаў.

Памаўчаўшы крыху, ён зноў загаварыў:

— Мора мае ў сабе значную колькасць солей. Каб сабраць усю соль, распушчаную ў марской вадзе, дык яна заняла-б аб’ём у чатыры з паловай мільёны кубічных міль. Каб вы, прафесар, пажадалі рассыпаць гэтую соль роўным пластом па ўсяму зямному шару, то атрымаўся-б пласт таўшчынёю звыш дзесяці метраў. Толькі не думайце, калі ласка, што наяўнасць солей у вадзе абумоўліваецца якім-небудзь капрызам прыроды. Не! Соль змяншае выпарэнне марской вады, не дае вятрам зносіць залішнюю колькасць вадзяных пароў і гэтым змяншае празмерныя дажджы умераных зон нашай планеты.

Гэта аграмадная і важная роля — ураўнаважваць працу стыхій на зямным шары!

Капітан Нэма змоўк, зрабіў некалькі крокаў па палубе і, вярнуўшыся да мяне, зноў пачаў:

— Што датычыцца інфузорый, гэтых драбнюткіх жывых арганізмаў, мільёны якіх змяшчаюцца ў адной каплі — і восемсот тысяч штук якіх важаць адзін міліграм, — іх роля не менш значная. Яны паглынаюць марскія солі, забіраюць у сябе ўсе распушчаныя ў вадзе цвёрдыя рэчавы і, ствараючы калоніі каралаў і паліпаў, будуюць цэлыя сухазем’і! А капля вады, згубіўшая сваю каплю мінерала, робіцца лягчэй, усплывае на паверхню, уцягвае ў сябе солі, пакінутыя выпарыўшыміся часткамі, робіцца цяжэйшай і апускаецца ў глыбіню, каб прынесці новы запас ежы інфузорыям. Ад гэтага ў моры безупынныя токі вады ўверх і ўніз, безупынны рух, незгасальнае жыццё. Жыццё, больш напружанае, як на сухазем’і, больш плоднае, больш няспыннае і квітнеючае ва ўсіх частках акіяна — гэтага мёртвага для людзей, але жыватворнага для мірыядаў жывёл — і для мяне — асяроддзя!

вернуться

35

Камбуз — кухня на судне.