Выбрать главу

Калі капітан Нэма гаварыў гэта, ён увесь перарадзіўся. Словы яго зрабілі на мяне вялікае ўражанне.

— І сапраўднае жыццё, — дадаў ён, — тут і толькі тут! Я веру ў магчымасць стварэння падводных гарадоў, згрупаваная падводных дамоў, якія, як «Наўтылус», кожнай раніцай будуць падымацца на паверхню акіяна, каб дыхаць свежым паветрам, — заўсёды вольных, ні ад каго не залежных гарадоў!.. І, хто ведае, калі які-небудзь дэспат адважыцца…

Капітан Нэма не скончыў фразы і пагражальна махнуў рукою. Потым, зварачваючыся непасрэдна да мяне, як быццам жадаючы адагнаць ад сябе смутныя думкі, сказаў:

— Спадар прафесар, ці ведаеце вы, якая глыбіня акіяна?

— Я ведаю толькі тыя лічбы, капітан, якія атрыманы ў час зандавання.

— Ці можаце вы паведаміць іх мне, каб я ў выпадку патрэбы праверыў іх?

— Калі ласка, я скажу вам усё, што памятаю. Калі я не памыляюся, даследванні высветлілі, што сярэдняя глыбіня ў паўночнай частцы Атлантычнага акіяна дасягае васьмі тысяч двухсот метраў, а ў Міжземным моры — двух тысяч пяцісот. Самыя выдатныя прыклады глыбіні былі зроблены ў паўднёвай частцы Атлантычнага акіяна, прыкладна, на трыццаць пятым градусе шыраты. Іхнія вынікі гэтакія: дванаццаць тысяч метраў, чатырнаццаць тысяч дзевяноста адзін метр і пятнаццаць тысяч сто сорак дзевяць метраў. Вучоныя лічуць, што каб дно марское было нівеліравана, глыбіня яго па ўсёй зямлі была-б, прыкладна, сем кіламетраў.

— Добра, прафесар, — сказаў капітан Нэма, — я спадзяюся, што здолею паказаць вам нешта лепшае. Калі-ж вас цікавіць глыбіня гэтай часткі Ціхага акіяна, то я магу паведаміць вам, што яна не перавышае чатырох тысяч метраў.

Сказаўшы гэта, капітан Нэма накіраваўся да люка і спусціўся па жалезнай лесвіцы ўніз. Я паследваў за ім і зайшоў у салон. Вінт амаль у тую-ж хвіліну пачаў круціцца, і лаг паказаў хуткасць дваццаць міль.

На працягу наступных дзён, і нават тыдняў, капітан Нэма вельмі рэдка рабіў мне гонар сваім прыходам. Я сустракаўся з ім праз вялікія прамежкі часу. Памочнік яго кожнай раніцай акуратнейшым чынам рабіў назіранні і атрыманыя вынікі адзначаў на карце, таму я заўсёды ведаў шлях «Наўтылуса».

Кансель і Нэд Лэнд кожны дзень праводзілі са мною шмат часу. Кансель апавядаў свайму прыяцелю аб цудах падводнай прагулкі, і гарпуншчык ад душы шкадаваў, што не прыняў у ёй удзелу.

Але я суцешыў яго надзеяй, што пэўна будзе яшчэ выпадак зноў наведаць акіянскія лясы. Амаль кожны дзень жалезныя акяніцы на вокнах салона адсоўваліся на некалькі гадзін, і мы не маглі нацешыцца цудамі падводнага свету.

«Наўтылус» ішоў цяпер на паўднёвы ўсход, трымаючыся на глыбіні паміж ста і ста пяццюдзесяццю метрамі. Але аднойчы, з прычыны нейкага капрызу капітана, уцягнуты нахілам свайго стырна глыбіні, ён апусціўся на дзве тысячы метраў пад узровень мора. Стоградусны тэрмометр паказваў чатыры з чвэрцю градуса вышэй нуля — тэмпературу, якая ўласціва гэтым глыбіням пад усімі шыротамі.

26 лістапада ў тры гадзіны раніцы «Наўтылус» перасёк тропік Рака пад 172° даўгаты. 27-га ён прайшоў каля Сандвічавых астравоў, дзе 14 красавіка 1779 года загінуў вядомы капітан Кук. Мы прайшлі ўжо чатыры тысячы восемсот шэсцьдзесят лье з часу нашага адплыцця.

Раніцай 29-га, выйшаўшы на палубу, я ўбачыў у двух мілях пад ветрам Гавані самы вялікі з сямі астравоў, ствараючых Гавайскі архіпелаг. Я добра бачыў апрацаваныя палі, прыгор’і і горныя валы, якія цягнуліся паралельна ўзбярэжжу, і вулканы, над якімі ўзвышаецца вяршыня Муна-Рэа, вышынёй у пяць тысяч метраў над узроўнем мора.

«Наўтылус» трымаў курс на паўднёвы ўсход. Ён перасек экватар 1 снежня пад 142° даўгаты, а 4 снежня, пасля хуткага пераходу, не адзначанага нічым выдатным, мы падыходзілі да групы Маркізскіх астравоў.

У трох мілях пад ветрам я ўбачыў пік Марцін на Нука-Гіва, буйнейшым з Маркізскіх астравоў, які ляжыць пад 8°57´ паўднёвай шыраты і 139°32´ заходняй даўгаты.

Але акрамя густых лясоў, пакрываўшых гару, я нічога не здолеў разгледзець, бо капітан Нэма не любіў набліжацца да зямлі.

Невад, закінуты ў гэтыя воды прынёс некалькі залацістых з сінім адценнем макрэляў, мяса якіх надзвычай добрае на смак, гарбушаў з выгнутымі ў крук вялізнымі сківіцамі, блакітна-зялёных са срэбным адценнем сарганаў. Усе гэтыя рыбы заслугоўвалі шаноўнага месца на стале.