Выбрать главу

Развітаўшыся з гэтымі прыгожымі астравамі, над якімі рэе сцяг Францыі, з 4 па 11 снежня «Наўтылус» прайшоў яшчэ каля двух тысяч міль. Пераход адзначыўся толькі сустрэчай з велізарнай зграяй кальмараў, дужа цікавых малюскаў, родзічаў каракаціцы і належачых да класа галаваногіх, — сямейству двужаберных, да якога належаць таксама каракаціцы і арганаўты. Гэтыя малюскі чамусьці прыцягвалі ўвагу старадаўніх натуралістаў і, займаючы шаноўнае месца ў метафарах старажытных прапаноўцаў, карысталіся не меншай павагай за сталом у багатых грамадзян. Так прынамсі сцвярджае Атэней, старагрэцкі ўрач, папярэднік славутага Галена.

Армію кальмараў «Наўтылус» сустрэў у ноч з 9-га на 10 снежня. Іх можна было налічыць цэлыя мільёны. Яны пераходзілі з умераных зон у больш цёплыя, ідучы той-жа дарогай, што сельдзь і сардыны. Мы глядзелі на іх праз тоўстае хрусталёвае акно, дзівячыся шпаркасці іх папятнага руху — яны плылі задам наперад, бесперапынна размахваючы дзесяццю нагамі, якія прырода размясціла ў іх на галаве, з’ядаючы маленькіх рыбак і з’ядаемыя вялікімі.

Не гледзячы на свой шпаркі ход, «Наўтылус» на працягу доўгага часу плыў акружаны кальмарамі і яго невад сабраў незлічымую колькасць іх; я налічыў тут усе дзевяць разнавіднасцей кальмараў, знойдзеных д’Орбін’е ў Ціхім акіяне.

Мора не давала нам нудзіцца ў час гэтага пераходу. Яно разгортвала перад намі відовішча за відовішчам, спектакль за спектаклем, кожны раз па-іншаму, кожную гадзіну змяняючы дэкарацыю і пастаноўку. Яно не толькі пацяшала нас, але адкрывала нам самыя сукрытыя тайны.

Удзень 11 снежня я сядзеў у салоне, чытаючы кнігу з бібліятэкі капітана Нэма. Нэд Лэнд і Кансель цешыліся ярка асветленай вадой праз крышталёвае акно. «Наўтылус» не рухаўся. Напоўніўшы рэзервуары, ён трымаўся на ўзроўні тысячы метраў, у мала населеным пласце акіяна, у які толькі часам трапляе буйная рыба.

Я чытаў у гэты час цікавую кнігу Жака Масэ — «Слугі страўніка», захапляючыся дасціпнасцю аўтара, калі Кансель раптам гукнуў мяне:

— Ці не можа гаспадар падыйсці на хвіліну? — сказаў ён нейкім дзіўным голасам.

— Што здарылася, Кансель?

— Няхай гаспадар паглядзіць!

Я пакінуў кнігу і прыціскаючыся да акна, пачаў углядацца.

У вадкай прасторы, ярка асветленай электрычным пражэктарам, вісела нерухома нейкая чорная маса. Я пільна ўглядаўся ў яе, стараючыся разгледзець пароду гэтага велізарнага кітападобнага. Раптам здагадка маланкай мільганула ў маім мазгу.

— Гэта карабель! — закрычаў я.

— Так, — адказаў канадзец, — патануўшы карабель…

Нэд Лэнд не памыліўся. Перад намі быў патануўшы карабель, абрэзаныя ванты якога яшчэ віселі на ланцугах. Корпус яго быў яшчэ ў добрым стане, і здавалася, што крушэнне здарылася не болей, як некалькі гадзін назад. Тры абрубкі, узвышаючыся над палубай амаль на два футы, сведчылі аб тым, што караблю ў барацьбе за жыццё прышлося ахвяраваць свае мачты. Але, відаць, гэта не дапамагло…

Як сумна было глядзець на гэты затануўшы карабель!.. Але яшчэ больш сумнае відовішча мела яго палуба, дзе ляжалі некалькі трупаў, прывязаўшых сябе вяроўкамі да поручняў, відаць каб не быць змытымі хвалямі. Я налічыў шэсць трупаў: чатырох мужчын — адзін з іх стаяў, трымаючы ў руках стырно, — і жанчыну, якая напалову высунулася са шчыліны люка і трымала ў руках дзіцянё. Жанчына была маладая. Пры яркім святле пражэктара я мог нават разглядзець рысы яе твару, яшчэ не кранутага гніццём. Апошняй намогай яна падняла над галавой дзіця; бедная малютка так і памерла, абняўшы ручкай матчыну шыю… Трупы трох матросаў застылі ў жудасных позах — смерць захапіла іх, відаць, у сударгавай спробе развязаць вяроўкі, што прывязалі іх да палубы тануўшага карабля. Чацвёрты, стырнавы, стаяў прама са спакойным і строгім тварам. Сіваватыя валасы яго прыклеіліся да твару. Яго рукі застылі на стырне. Здавалася, стары стырнавы прадаўжаў кіраваць затануўшым трохмачтавіком у яго апошнім шляху па глыбінях акіяна…

Які жудасны спектакль! Мы замерлі, не гаворачы ні слова, са сціснутым сэрцам, і, не адрываючыся, глядзелі на гэты малюнак крушэння. Я ўжо бачыў, як набліжаліся, бліскаючы вачыма, велізарныя акулы, якіх прывабіў пах чалавечага мяса…

«Наўтылус» абышоў вакол затануўшага карабля, і я здолеў прачытаць надпіс на яго карме:

«Фларыда»