Выбрать главу

15 снежня мы прайшлі з заходняга боку прывабныя астравы Таварыства і прыгожы востраў Таіці, перл Ціхага акіяна. Раніцай я здалёк убачыў высокія горныя верхавіны гэтага вострава.

У яе вадзе мы злавілі некалькі добрых рыб — макрэлей, тунцоў — і разнавіднасць марской змяі — двухколерную пеламіду.

«Наўтылус» прайшоў восем тысяч сто міль. У той дзень, калі мы праплылі каля архіпелага Тонга-Табу, дзе загінулі каманды «Арго», «Порт-о-Прэнс» і «Дзюк-оф-Портлэнд», лаг «Наўтылуса» адзначыў дзевяць тысяч семсот дваццатую пройдзеную мілю.

Затым мы абышлі астравы Фіджы, дзе дзікуны забілі каманду карабля «Юніён» і капітана Бюро, камандзіра «Ласкавай Жазефіны». Гэты архіпелаг цягнецца на чатырыста кіламетраў з поўначы на поўдзень і трыста шэсцьдзесят ад усходу на захад, між 6° і 2° паўднёвай шыраты і 144° заходняй даўгаты. Ён складаецца з раду астравоў, астраўкоў і скал, буйнейшыя з якіх — Віці-Леву, Вануа-Леву і Кандубон.

Гэтыя астравы былі адкрыты Тасманам у 1643 годзе, у тым-жа годзе, калі Тарычэлі вынайшоў барометр, а Людовік XIV уступіў на прастол Францыі. У 1714 годзе іх наведаў Кук, у 1793-м — д’Антркасто, і нарэшце ў 1827 годзе Дзюмон-Дзюрвіль разблытаў увесь гэты геаграфічны клубок.

«Наўтылус» наблізіўся да бухты Ваілеа, памятнай па жахлівых прыгодах капітана Дзілона, які першым выявіў тайну пагібелі караблёў Лаперуза.

Мы некалькі разоў закідвалі драгу на дно гэтай бухты і выцягнулі шмат вустрыц. Мы жэрлі з прагнасцю, расчыняючы іх па рэцэпту Сенекі[36] тут-жа за сталом. Вустрычная мяліна бухты Ваілеа была вельмі значнай па размерах.

Кожная вустрыца дае да двух мільёнаў яек, і вустрычныя расады, вядома, хутка запоўнілі-б бухты, каб не тысячы ворагаў, якія не даюць вустрыцам множыцца.

Калі Нэд Лэнду не давялося пашкадаваць аб сваім пражэрстве, дык толькі таму, што вустрыцы — адзіная страва, якая не выклікае нястраўнасці. Сапраўды трэба з’есці не менш шаснаццаці тузінаў гэтых безгаловых малюскаў, каб праглынуць тыя трыста пятнаццаць грамаў азоцістых рэчаў, з якога павінен складацца дзённы рацыён дарослага чалавека.

25 снежня «Наўтылус» плыў сярод астравоў Нова-Гебрыдскага архіпелага, адкрытага Квірасам у 1606 годзе, даследаванага Бугенвілем у 1768 годзе, і якому Кук даў яго сучасную назву ў 1773 годзе. Гэты архіпелаг складаецца з дзевяці вялікіх астравоў, і раду дробных і цягнецца паласой у чатырыста восемдзесят кіламетраў з паўночна-паўночнага захаду на паўднёва-паўднёвы ўсход, паміж 15° і 2° паўднёвай шыраты і 164° і 168° даўгаты. Мы прайшлі даволі блізка ад вострава Ватэ. У час палудзённых назіранняў шыраты я выйшаў на палубу і ўбачыў гэты востраў. Ён быў пакрыты суцэльным лясным масівам, увенчаным вельмі высокім горным пікам.

Я не бачыў капітана Нэма ўжо дзён восем. Нарэшце раніцай 27 снежня ён выйшаў у салон і кіўнуў галавой з выглядам чалавека, які разлучыўся з вамі не больш як пяць хвілін таму. У гэты час я шукаў на карце шлях «Наўтылуса».

Капітан падышоў да стала, апусціў палец на карту і вымавіў толькі адно слова:

— Ванікоро.

Гэта слова прагучэла, як стрэл. Гэта была назва маленькага вострава, дзе загінулі караблі Лаперуза!

Я ўскочыў на ногі.

— «Наўтылус» трымае курс на Ванікоро?

— Так, прафесар, — адказаў капітан.

— І я здолею наведаць гэты славуты востраў, дзе разбіліся «Бусоль» і «Астралябія»?

— Калі пажадаеце.

— Калі-ж мы прыйдзем у Ванікоро?

— Мы ўжо прышлі, прафесар.

У суправаджэнні капітана Нэма я падняўся на палубу і стаў прагна ўглядацца ў кругавід.

На паўночным усходзе відаць былі два астравы, бясспрэчна вулканічнага паходжання. Іх акружаў каралавы бар’ер, даўжынёй прыблізна сорак міль. Мы знаходзіліся перад востравам Ванікоро, ля ўваходу ў маленькі порт Вану, які знаходзіцца пад 16°4´ паўднёвай шыраты і 164°32´ усходняй даўгаты. Востраў парос лесам ад берагу акіяна і да самай верхавіны гары Капога, вышынёй дзевяцьсот дваццаць метраў.

«Наўтылус», увайшоўшы праз вузкую пратоку ўнутр каралавага бар’ера, апынуўся за лініяй прыбою, у гавані глыбінёй пяцьдзесят-шэсцьдзесят метраў. Пад ценем высокіх пальмаў я ўбачыў некалькі дзікуноў, якія з велізарным здзіўленнем сачылі за нашым набліжэннем. Яны, мусіць, прымалі чорны верацянападобны корпус «Наўтылуса» за велізарнага кіта і палахліва наглядалі за яго рухамі.

вернуться

36

Сенека — старарымскі філосаф.