Выбрать главу

Капітан Нэма запытаў мяне ў гэтую хвіліну, што я ведаю аб гібелі Лаперуза.

— Тое, што вядома ўсяму свету, капітан, — адказаў я.

— Вельмі добра. Але ці не можаце вы паведаміць мне тое, што вядома ўсяму свету? — не без іроніі запытаў капітан Нэма.

— Вельмі ахвотна, — адказаў я.

І я расказаў яму змест паведамленняў Дзюмон-Дзюрвіля.

Вось коратка гэтыя факты.

Лаперуз і яго памочнік капітан дэ-Ланэль у 1785 годзе былі пасланы Людовікам XVI у кругасветнае плаванне на двух карветах — «Бусоль» і «Астралябія».

У 1791 годзе французскі ўрад, устрывожаны доўгай адсутнасцю караблёў Лаперуза, наладзіў выратоўчую экспедыцыю ў складзе двух фрэгатаў — «Вышук» і «Надзея», якія вышлі ў плаванне з Брэста 28 верасня пад камандай Бруні д’Антркасто. Праз два месяцы ўрад даведаўся з паказанняў нейкага Боўэна, капітана карабля «Эльбермейль», што нейкія адломкі крушэння ён бачыў ля берагоў Паўночнай Георгіі. Але д’Антркасто, не ведаючы пра гэтае паведамленне, дарэчы кажучы, досыць няпэўнае, працягваў свой шлях да астравоў Адміралцейства, якія ў рапарце капітана Гунтэра паказваліся, як месца крушэння карветаў Лаперуза.

Пошукі д’Антркасто не мелі поспеху.

«Вышук» і «Надзея» прайшлі міма Ванікоро, не спыняючыся. Плаванне было дужа нешчаслівым, бо каштавала жыцця самому д’Антркасто, двум яго памочнікам і многім матросам экспедыцыі.

Першым на бясспрэчныя сляды крушэння караблёў Лаперуза натрапіў стары марскі воўк, капітан Дыльён. 15 траўня 1824 года яго карабель «Святы Патрык» спыніўся ля вострава Тыкопія, які належыў да Новагебрыдскай групы. Там адзін тубылец прадаў яму срэбны эфес шпагі, на якім яшчэ відаць былі сляды нейкага выразанага надпісу. Той-жа тубылец паведаміў Дыльёну, што шэсць гадоў назад ён бачыў на Ванікоро двух еўрапейцаў з суднаў, якія разбіліся аб рыфы недалёка ад таго вострава шмат гадоў назад.

Дыльён здагадаўся, што гаворка ідзе пра караблі Лаперуза, знікненне якіх хвалявала ўвесь свет. Ён рашыў адправіцца на Ванікоро, дзе, па словах тубыльца, хаваліся шматлікія сляды крушэння. Але вятры і цячэнне не далі яму выканаць гэтае жаданне.

Дыльён вярнуўся ў Калькуту. Там ён здолеў зацікавіць сваім адкрыццём Азіяцкае таварыства і Ост-Індскую кампанію, і яму далі карабель, які атрымаў назву «Вышук».

23 студзеня 1827 года, суправаджаемы французскім прадстаўніком, Дыльён адплыў з Калькуты.

Пасля раду прыпынкаў у розных пунктах Ціхага акіяна, 7 чэрвеня 1827 года «Вышук» кінуў якар у той самай гавані Вану, дзе цяпер знаходзіўся «Наўтылус».

Тут Дыльён знайшоў шматлікія рэшткі крушэння, — якары, прылады, блокі, камнямёт, васямнаццаціфунтавае ядро, зламаныя астранамічныя прылады і нарэшце бронзавы звон з надпісам: «Мяне адліў Базен», кляймом Брэсцкага арсенала і датай «1785». Цяпер сумненням не заставалася месца.

Дыльён, каб сабраць больш доказаў, заставаўся ў Ванікоро да кастрычніка 1827 года. Затым ён падняў якар і праз Новую Зеландыю адправіўся ў Калькуту, куды і прыбыў 7 красавіка 1828 года. З Калькуты Дыльён выехаў у Францыю, дзе яго вельмі ласкава сустрэлі.

У гэты час Дзюмон-Дзюрвіль, камандзір карабля, названага «Астралябіяй» у гонар загінуўшага карабля Лаперуза, нічога не ведаючы аб адкрыцці Дыльёна, працягваў пошукі слядоў катастрофы зусім у іншым кірунку: са слоў аднаго кітабоя яму стала вядома, што ў дзікуноў Новай Каледоніі і Лузіяды бачылі медаль і ордэн св. Людовіка.

Праз два месяцы пасля таго, як Дыльён пакінуў Ванікоро, Дзюмон-Дзюрвіль кінуў якар ля Гобарт-Тоўна. Толькі тут ён даведаўся пра ўдачу Дыльёна. Тут-жа ён азнаёміўся з паказаннем нейкага Джэймса Гобса, памочніка капітана карабля «Юніён» з Калькуты. Гэты Гобс сцвярджаў, што прыстаўшы да вострава, які знаходзіцца пад 8°18´ паўднёвай шыраты і 156°30´ усходняй даўгаты, ён бачыў у тубыльцаў жалезныя палосы і кавалкі тканіны.

Дзюмон-Дзюрвіль, збянтэжаны гэтымі супярэчлівымі звесткамі, і не ведаючы ці можна ім давяраць, рашыўся ўсё-такі адправіцца па слядах Дыльёна.

10 лютага 1828 года «Астралябія» падышла да вострава Тыкопія, забрала на борт у якасці лоцмана жыўшага тут збеглага матроса і ўзяла курс на Ванікоро. Падышоўшы да вострава 12 лютага, «Астралябія» заставалася за межамі яго каралавага кальца дзевяць дзён і толькі 20 лютага ўвайшла ў гавань Вану.

23-га «Астралябіі» прынеслі некалькі малакаштоўных абломкаў крушэння. Тубыльцы адмовіліся паказаць месца крушэння і на ўсе пытанні адказвалі незразуменнем і няведаннем. Такія падазроныя паводзіны тубыльцаў навялі на думку, што яны дрэнна абыходзіліся з пацярпеўшымі крушэнне; і сапраўды, тубыльцы, як відаць, баяліся, што Дзюмон-Дзюрвіль з’явіўся, каб адпомсціць за гібель Лаперуза і яго няшчасных спадарожнікаў.