Выбрать главу

Але 26 лютага, спакушаныя абяцаннямі падарункаў і ўпэўніўшыся, што ім не пагражае помста, тубыльцы паказалі памочніку капітана, Жакіно, месца крушэння.

Там, на глыбіні чатырох-пяці метраў, між скаламі Паку і Вану, ляжалі якары, гарматы, жалезныя і свінцовыя чушкі баласта, якія пакрыліся ўжо вапнавымі адкладамі. Шлюпкі «Астралябіі» накіраваліся да гэтага месца і з вялікімі цяжкасцямі паднялі з дна якар, які важыў тысячу восемсот фунтаў, гармату, страляючую васьміфунтавымі ядрамі, адну свінцовую чушку і два медных камнямёты.

Дзюмон-Дзюрвіль, апытаўшы тубыльцаў, даведаўся, што Лаперуз, згубіўшы абодва свае караблі ля берагоў вострава, пабудаваў з абломкаў іх трэці маленькі карабель, выйшаў у адкрытае мора і загінуў без звестак…

Камандзір «Астралябіі» загадаў тады пабудаваць над ценем мангіфер помнік адважнаму мораплаўцу і яго таварышам.

Гэта была простая чатырохсценная мураваная піраміда на каралавым п’едэстале. Ні кавалка жалеза не пайшло на гэты помнік, каб у тубыльцаў не было спакусы яго разбурыць.

Пасля гэтага Дзюмон-Дзюрвіль хацеў зараз-жа здымацца з якара. Але каманда «Астралябіі» была знясілена трасцай, карай гэтых месцаў, ды і сам ён быў хворы. Таму ён мог адправіцца назад толькі 17 сакавіка.

Між тым французскі ўрад, баючыся, што Дзюмон-Дзюрвіль нічога не ведае аб адкрыцці Дыльёна, паслаў у Ванікоро карвет «Байёнезку» пад начальствам Легоарана дэ Тромелена. «Байёнезка» кінула якар ля берагоў Ванікоро праз некалькі месяцаў пасля адплыцця «Астралябіі», не знайшла ніякіх новых дакументаў, але ўпэўнілася, што дзікуны пашкадавалі помнік Лаперузу.

Вось усё, што я мог паведаміць капітану Нэма.

— Значыцца, — сказаў ён мне, — па гэты дзень нікому невядома, дзе загінуў гэты трэці карабель, пабудаваны пацярпеўшымі крушэнне на Ванікоро?

— Ніхто не ведае гэтага.

Капітан Нэма нічога не адказаў мне, але знакам прапанаваў ісці следам за ім у салон. «Наўтылус» спусціўся на некалькі метраў у глыбіню, і жалезныя акяніцы рассунуліся.

Я кінуўся да акна і пад каралавымі адкладамі і зараснікамі зоафітаў і водарасцяў, сярод мноства сноўдаючых ва ўсе бакі рыб, я заўважыў адломкі крушэння, якія не былі выцягнуты драгамі: якары, гарматы, мачты, ланцугі, ядры. Усё гэта зарасло жывымі кветкамі зоафітаў.

І ў той час, як я разглядаў гэтыя трагічныя адломкі, капітан Нэма з сумам у голасе сказаў:

— Экспедыцыя капітана Лаперуза адплыла ад берагоў Францыі 7 снежня 1785 года на карветах «Бусоль» і «Астралябія». Яна зайшла спачатку ў Батані-Бай, на востраў Тонга, на Новую Каледонію, затым накіравалася ў Сандра-Круцу і спынілася на Намука, востраве, які належыць да Гавайскай групы. Нарэшце караблі Лаперуза падышлі да невядомых скал Ванікоро. Карвет «Бусоль», які ішоў наперадзе, напароўся на рыфы на паўднёвым беразе. «Астралябія» паспяшалася да яго на дапамогу і ў сваю чаргу таксама наляцела на рыф. Першы карвет загінуў амаль умомант. Другі, сеўшы на мель пад ветрам, змагаўся некалькі дзён. Тубыльцы аказалі досыць добры прыём пацярпеўшым крушэнне. Яны абсталяваліся на востраве і пачалі будаваць маленькі карабель з адломкаў двух вялікіх карветаў. Некалькі матросаў добраахвотна засталіся ў Ванікоро. Астатнія, стомленыя хваробамі, знясіленыя, паехалі з Лаперузам у напрамку да Саламонавых астравоў і там загінулі ўсе да аднаго ля галоўнага вострава групы, між мысамі Расчаравання і Задавальнення.

— Але адкуль вы гэта ведаеце? — ускрыкнуў я.

— Вось што я знайшоў на самым месцы апошняга крушэння!

І капітан Нэма паказаў мне бляшаную шкатулку, на крышцы якой быў выбіты герб Францыі. Шкатулка ўся праржавела ў салёнай вадзе. Ён расчыніў яе, і я ўбачыў пачак пажоўклых, але захаваўшыхся дакументаў.

Гэта была інструкцыя марскога міністра капітану Лаперузу з уласнымі адзнакамі Людовіка XVI па краях!

— Вось гэта смерць, вартая марака! — сказаў капітан Нэма. — Ён ляжыць у спакойнай каралавай магіле, і я быў-бы дужа рады, каб у маіх таварышоў і ў мяне была такая самая магіла.

Раздзел дваццаты

Тарэсава пратока

У ноч з 27 на 28 снежня «Наўтылус» пакінуў Ванікоро і з вялікай хуткасцю паімчаўся на паўднёвы захад. У тры дні ён прайшоў адлегласць, якая аддзяляла Ванікоро ад паўднёва-ўсходняй часткі Новай Гвінеі, гэта значыць, звыш трох тысяч кіламетраў.

1 студзеня раніцай Кансель знайшоў мяне на палубе «Наўтылуса».

— Ці не дазволіць мне гаспадар пажадаць шчаслівага новага года? — запытаўся ён.