Выбрать главу

— Як-жа, як-жа, Кансель, з такой-жа прыемнасцю прымаю тваё пажаданне, як быццам мы былі-б у Парыжы, у маім кабінеце, у батанічным садзе. Дзякую за віншаванне, і ў сваю чаргу — віншую цябе. Толькі дазволь запытацца, які год ты лічыў-бы шчаслівым: год, калі скончыцца наша паланенне, альбо год, на працягу якога наша дзіўнае падарожжа будзе прадаўжацца?

— Сапраўды, — сказаў Кансель, — я не ведаю, што адказаць гаспадару. Пэўна, мы бачым цікавыя рэчы, і за тыя два месяцы, што мы тут, нам не было часу сумаваць. Апошняе па часу відовішча тут заўсёды самае незвычайнае, і калі гэтая прагрэсія застанецца, дык цяжка сабе ўявіць, да чаго мы дойдзем! Думаю, што ніколі больш мы не сустрэнем гэткага выпадку…

— Ніколі! Твая праўда, Кансель!

— Акрамя таго капітан Нэма цалкам апраўдвае сваё лацінскае імя — Ніхто: ён так мала перашкаджае нам, нібы яго і няма на свеце.

— Праўда, Кансель.

— Таму дазваляю сабе сказаць гаспадару, што я буду лічыць шчаслівым той год, які дасць нам магчымасць убачыць усё!

— Убачыць усё, Кансель? Гэта можа быць занадта доўгім? Дарэчы, што аб гэтым думае Нэд Лэнд?

— Нэд Лэнд думае акурат наадварот, — адказаў Кансель. — Гэта чалавек са станоўчым розумам і прагным страўнікам. Яму недастаткова ўвесь час глядзець на рыб і есці рыбнае. Адсутнасць хлеба, мяса, віна — балюча для гэтага англасакса, які прызвычаены да крывавых біфштэксаў і да больш-менш значнай штодзённай порцыі віскі, джына альбо брэндзі[37].

— А мяне гэта менш за ўсё абыходзіць, — сказаў я. — Я добра прызвычаіўся да рэжыму «Наўтылуса».

— І я таксама, — адказаў Кансель. — Таму я з такой-жа ахвотай гатовы застацца тут, як Нэд Лэнд гатоў уцякаць. Такім чынам, калі надыходзячы год будзе нешчаслівым для мяне, — ён будзе шчаслівым для яго і наадварот. Значыцца, хто-небудзь з нас абавязкова будзе задаволены. Гаспадару-ж я дазваляю сабе пажадаць тое, што ён сам сабе жадае.

— Дзякую, Кансель. Прашу цябе толькі адкласці на нейкі час пытанне аб навагодніх падарунках і задаволіцца моцным пацісканнем рукі. Нічога больш я не магу табе прапанаваць.

— Гаспадар ніколі не быў больш шчодрым, — адказаў Кансель. З гэтымі словамі добры хлапец выйшаў.

2 студзеня лаг паказваў, што мы прайшлі адзінаццаць тысяч трыста сорак міль, альбо пяць тысяч дзвесце пяцьдзесят лье, з часу нашага адпраўлення з Японскага мора. Наперадзе «Наўтылуса» знаходзіліся небяспечныя зоны каралавых мораў, амываючых паўночна-ўсходнія берагі Аўстраліі.

Наш карабель ішоў на адлегласці некалькіх міль уздоўж здрадніцкага бар’ера з рыфаў, які ледзь не згубіў 10 чэрвеня 1770 года караблі капітана Кука. Карабель, на якім быў сам Кук, напароўся на скалу і не затануў толькі дзякуючы таму, што кавалак карала, які адламаўся пры сутычцы, заткнуў сабою прабоіну.

Мне вельмі хацелася аглядзець гэты бар’ер у трыста шэсцьдзесят лье, аб які заўсёды разбіваецца бурнае мора з грукатам, нагадваючым несціхальныя ўдары грому.

Але ў гэты час нахіленыя плоскасці глыбіні пацягнула «Наўтылус» у ніжнія пласты вады, і мне так і не ўдалося ўбачыць гэтыя каралавыя сцены. Прыйшлося толькі задаволіцца знаёмствам з яго фаунай, што трапіла ў нашы сеці.

Я заўважыў у ліку іншых рознавіднасцей — скумбрыі велічынёй з добрага тунца, з срабрыста-сінім целам, пакрэсленым папярочнымі палоскамі, якія знікаюць пасля смерці. Гэтыя скумбрыі праваджалі нас цэлымі зграямі і забяспечвалі нас надзвычай смачным мясам. У сеці траплялі таксама ў вялікай колькасці спары даўжынёй не больш пяці сантыметраў, але дужа смачныя, і трыглы, сапраўдныя марскія ластаўкі, якія ў цёмныя ночы мільгаюць у моры і паветры сваім фасфарычным бляскам. Сярод малюскаў і зоафітаў у петлях невада я знайшоў таксама розных прадстаўнікоў альцыёнарый, лужанак жыварадзячых, байдарак, малаткоў.

Праз два дні пасля таго, як мы перасеклі Каралавае мора, 4 студзеня мы апынуліся недалёка ад берагоў Новай Гвінеі. Капітан Нэма сказаў мне пры сустрэчы, што ён збіраецца прайсці ў Індыйскі акіян, праз Тарэсаву пратоку. Больш ён нічога не дадаў, але Нэду Лэнду і гэтага было досыць: ён задаволена адзначыў, што мы набліжаемся да еўрапейскіх мораў.

Тарэсава пратока карыстаецца дрэннай рэпутацыяй з-за высцілаючых яе небяспечных рыфаў, таксама з-за дзікасці засяляючых яе берагі пляменняў. Яна аддзяляе Аўстралію ад Новай Гвінеі.

Новая Гвінея расцягнулася на чатырыста лье ў даўжыню і на трыста лье ў шырыню і займае плошчу ў сорак тысяч геаграфічных лье. Яна раскінутая паміж 0°19´ і 10°2´ паўднёвай шыраты і 128°23´ і 146°15´ даўгаты.

вернуться

37

Спіртовыя напіткі.